Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2009 года
Разгледзеўшы прадстаўленні Міністэрства культуры і савета фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, п а с т а н а ў л я ю:
1. За выдатныя дасягненні ў галіне выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, музычнага мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, музейнай і бібліятэчнай справы, навучання і выхавання творчай моладзі, якія атрымалі грамадскае прызнанне, прысудзіць спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2009 года: Бархаткову Ігару Антонавічу, мастаку, члену грамадскага аб’яднання ”Беларускі саюз мастакоў“, – за захаванне і творчае развіццё лепшых традыцый беларускага рэалістычнага жывапісу, серыю пейзажаў ”Ціхая мая Радзіма“;
творчаму калектыву ў складзе Кеды Аляксандра Аляксандравіча, артыста-вакаліста - вядучага майстра сцэны дзяржаўнай тэатральна- відовішчнай установы ”Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь“, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, Чарнухі Вячаслава Іванавіча, дырыжора гэтай установы, Тамашэвіч-Каржанеўскай Ганны Барысаўны, прафесара кафедры канцэртмайстарскага майстэрства ўстановы адукацыі ”Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі“, – за вялікі асабісты ўклад у адраджэнне старадаўняй беларускай музыкі, пастаноўку оперы Я.Д.Голанда ”Чужое багацце нікому не служыць“;
ансамблю ”Лірыца“ дзяржаўнай установы ”Гомельская абласная філармонія“ – за значныя дасягненні ў галіне музычнага мастацтва, прапаганду народнай інструментальнай музыкі, актыўную канцэртную і гастрольную дзейнасць;
Калтыгіну Валерыю Аркадзьевічу, выкладчыку дзіцячай мастацкай школы імя У.А.Дамарада г.Бабруйска, – за захаванне і развіццё традыцый народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, арганізацыю міжнародных пленэраў і актыўную выставачную дзейнасць;
калектыву Цэнтра культуры і народнай творчасці в.Вулька-1 Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці – за збор, адраджэнне і захаванне рэгіянальнага фальклору, далучэнне падрастаючага пакалення да нацыянальнай традыцыйнай культуры;
калектыву дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў аддзела культуры Горацкага раённага выканаўчага камітэта Магілёўскай вобласці – за захаванне і развіццё традыцыйных відаў народных рамёстваў, дасягненні ў мастацкай адукацыі дзяцей і падлеткаў, падрыхтоўку лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў;
калектыву дзяржаўнай установы ”Лідскі гісторыка-мастацкі музей“ – за вялікую працу па прапагандзе нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, распрацоўку і рэалізацыю музейна-асветніцкай праграмы ”Старадаўніх муроў адраджэнне“;
калектыву музея народнай творчасці ”Бездзежскі фартушок“ Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці – за стварэнне унікальнай калекцыі аўтэнтычных узораў народнай творчасці, значны ўклад у захаванне і папулярызацыю мясцовых рамёстваў, абрадаў і дыялектаў;
калектыву цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г.Полацка – за стварэнне рэгіянальнай сістэмы выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у бібліятэчным абслугоўванні насельніцтва, рэалізацыю шэрагу асветніцкіх і краязнаўчых праграм, актыўную дабрачынную працу з інвалідамі і дзецьмі , якія засталіся без апекі бацькоў;
Сеўрукову Мікалаю Іванавічу, загадчыку кафедры баяна і акардэона ўстановы адукацыі ”Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі“, прафесару, заслужанаму артысту Рэспублікі Беларусь, – за выдатныя дасягненні ў галіне выхавання творчай моладзі, падрыхтоўку лаўрэатаў міжнародных конкурсаў.
2. Міністэрству культуры ажыццявіць выплату спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2009 года са сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.
3. Вызваліць сумы прэмій, атрыманых у адпаведнасці з дадзеным Указам, ад абкладання падаходным падаткам з фізічных асоб.
4. Дадзены Указ уступае ў сілу з дня яго падпісання.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка |