Аўгустоўскі канал - XIX ст. Гродзенскі раён
Аўгустоўскі канал - унікальнае гідратэхнічнае збудаванне 19 стагоддзя.
Ідэя будаўніцтва канала належала тагачаснаму міністру фінансаў Польшчы князю Францішку Друцкаму-Любецкаму. Будаўніцтвам канала вырашалася задача стварэння воднага шляху з басейна Дняпра да портаў Балтыйскага мора ў абыход тэрыторыі Усходняй Прусіі, якая ўвяла на тавары вялікія пошліны.
Аўгустоўскі канал будаваўся пад кіраўніцтвам ваеннага інжынера Ігнація Прандзінскага. Праект, які атрымаў назву "Аўгустоўскі канал", быў поўнасцю завершаны ў 1824 годзе. У тым жа годзе яго адобрыў Аляксандр І. Паводле разлікаў Прандзінскага, цалкам будаўніцтва павінна было быць завершана праз 10 гадоў. А першыя судны маглі пачаць курсіраваць праз 3-4 гады.
Спыненае паўстаннем 1831 года будаўніцтва Аўгустоўскага канала аднавілася (пад кіраўніцтвам грамадзянскага інжынера Тэадора Урбанскага) у 1833 годзе і было завершана ў 1839 годзе. Праўда, асноўныя работы былі выкананы да 1830 года.
Сёння канал праходзіць па рэках Нараў, Бебжа, Нета, далей праз азёры Сайна, Нецка, Белае, Сцюдзёнае, па рацэ Чорная Ганча і адкрываецца ў Нёман. Другая лінія канала па рэках Нёман - Дубіса - Віндава (цяпер Вента) засталася незавершаная, паколькі ў канцы 19 стагоддзя пачаў бурна развівацца чыгуначны транспарт. Паводле першапачатковага праекта, агульная даўжыня канала ад р.Бебжа да порта Віндава павінна была скласці 395 км. Пабудавана было 101,2 км.
Спачатку канал выкарыстоўваўся па свайму непасрэднаму прызначэнню - па ім перавозілі муку, соль, збожжа, крэйду, гіпс і г.д. У Аўгустове быў пабудаваны буйны порт і спецыяльныя дарогі для коней, каб цягнуць баржы ўверх па цячэнні. Водная траса была разлічана на праход суднаў да 40 м у даўжыню, да 5 м у шырыню і здольных перавозіць да 10 тон грузу. Але з сярэдзіны 19 стагоддзя канал пачаў паступова прыходзіць у заняпад. З 1852 года па ім сплаўлялі толькі лес, а з сярэдзіны 60-х гг. 19 стагоддзя пра канал амаль забыліся.
На канале было 18 шлюзаў (3 з іх знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі: Нямнова, Дамброўка, Валкушак; шлюз Кужынец - на граніцы Беларусі з Польшчай), шмат мастоў, плацін, службовых будынкаў. Шлюзы Аўгустоўскага канала - сапраўдныя шэдэўры інжынернай думкі, пабудаваныя вельмі старанна і надзейна.
У час Другой сусветнай вайны нямецкія войскі ўзарвалі тры шлюзы, каля дзясятка мастоў і восем плацін.
Пасля Другой сусветнай вайны польская частка канала была адрэстаўрыравана.
Беларуская частка канала за доўгія гады бяздзеяння ператварылася ва ўнікальную экасістэму. У 1970-я гады на гэтай тэрыторыі быў створаны дзяржаўны батанічны заказнік "Сапоцкінскі".
Даўжыня беларускай часткі канала - 22 км, глыбіня - 1,8 м. Налічвае 3 шлюзы і 2 плаціны, чацвёрты шлюз знаходзіцца на граніцы з Польшчай. Шлюз у Нямнове самы вялікі - трохкамерны, даўжыня яго трох камер - 43,5 м. Астатнія шлюзы адна- і двухкамерныя.
Цяпер зацверджана Праграма развіцця спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку "Аўгустоўскі канал" на 2012-2015 гады. Адпаведнае рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў ад 21 лістапада 2011 года № 1564.
Праграма прадугледжвае рэалізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на комплекснае эканамічнае развіццё спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця турызму і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў на яго тэрыторыі, інфармацыйная папулярызацыя турыстычнага патэнцыялу і прыцягненне замежных і айчынных інвестараў для развіцця аб'ектаў, стварэнне і развіццё інжынернай, транспартнай і турыстычнай інфраструктуры.
|