Барысаглебская (Каложская) царква - ХІІ ст. правы бераг р.Нёман, вул.Каложа, 6, г.Гродна
Каложская, або Барысаглебская, царква была пабудавана ў першай палавіне XII стагоддзя ў гонар святых Барыса і Глеба. Каложа – дзеючая царква: штодзень у ёй праводзяцца службы. Нягледзячы на вельмі маленькія памеры – 13 на 25 метраў – царква ўсярэдзіне выглядае прасторнай, дзякуючы тонкім сценам і асаблівай канструкцыі апор, якія маюць эліпсападобную форму.
Дакументы сведчаць, што ўжо ў пачатку 15 стагоддзя храм знаходзiўся ў дрэнным стане. Да 1506 года адносяцца звесткi аб аднаўленнi царквы дойлiдам Богушам Багутовiчам. Быў зроблены новы дах. У час руска-польскай вайны 1654-67 гг. царква была зноў вельмі пашкоджана. Як сведчаць дакументы, на даху храма зрабiлi насып з пяску, дзе ўстанавiлi гарматы для вядзення агню па замку. З 1635 года царква перададзена ўнiяцкаму мужчынскаму манастыру. У час Паўночнай вайны 1700-21 гг. зноў была пашкоджана. У канцы 18 стагоддзя знаходзiлася ў дрэнным стане. У 1827 годзе быў зроблены рамонт з заменай даху. Дах быў гонтавы, увенчаны трыма драўлянымi глаўкамi. Часткова разбурана ў 1853 годзе ў вынiку апоўзня. Праўда, яшчэ ў 1843 годзе быў распрацаваны праект умацавання берага каменнымi падпорамi з земляным насыпам. Нязначныя работы па ўмацаванню берага праводзiлiся ў 1864, 1873 гг. У 1895-1897 гг. замест абваленай сцяны зроблена драўляная. |