Міхаіл Казімір Агінскі (1730 - 1800 гг.) - адзін з самых вядомых прадстаўнікоў роду Агінскіх, вялікі літоўскі гетман, адзін з прэтэндэнтаў на карону Рэчы Паспалітай. Удзельнічаў у Барскай канфедэрацыі, нейкі час вандраваў па Еўропе, а ў 1775 годзе вярнуўся ў Беларусь, дзе пасяліўся ў сваіх уладаннях.
Мастак і цудоўны музыкант, аўтар шэрагу паланэзаў і іншых музычных твораў, вершаў і баек, сабраных у некалькі кніг. Будучы слонімскім дзяржаўцам, выдатна праявіў сябе як фундатар і мецэнат. Яго стараннямі быў выкапаны так званы канал Агінскага, які злучаў рэкі Ясельду і Шчару, а таксама праведзены праз балоты тракты са Слоніма да Пінска і ад Пінска на Валынь. У Слоніме ім праводзілася шырокае будаўніцтва, закладанне мануфактур; была ўзведзена друкарня, дзе друкаваліся і яго ўласныя творы. Там жа былі пабудаваны оперны тэатр і капэла, куды запрашаліся выдатныя артысты, спевакі, музыканты і мастакі. |