| Аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь
1. Зацвердзіць прыкладзеныя: тэкст і музычную рэдакцыю (ноты) Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь; Палажэнне аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь.
2. Міністэрству інфармацыі апублікаваць у сродках масавай інфармацыі тэкст і музычную рэдакцыю (ноты) Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, а таксама выдаць іх.
3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з дадзеным Указам і прыняць іншыя меры, накіраваныя на яго рэалізацыю.
4. Дадзены Указ уступае ў сілу з 2 лiпеня 2002 г.
Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А.Лукашэнка.
КАМЕНТАРЫЙ к Указу Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 2 лiпеня 2002 г. № 350 "Аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь"
Паслухаць гiмн.
У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн з`яўляюцца сімваламі яе дзяржаўнага суверэнітэту.
Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь была пастаўлена задача стварэння гімна новай, незалежнай Беларусі. У якасці Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт краіны зацвердзіў твор на музыку Н.Сакалоўскага і словы М.Клімковіча, У.Карызны.
Гэта рашэнне прынята з улікам прапаноў камісіі па правядзенню конкурса на стварэнне тэксту і музыкі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь і вынікаў грамадскага абмеркавання варыянтаў гімна.
У новым Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь захавана музыка Н.Сакалоўскага, якая сімвалізуе пераемнасць гістарычных традыцый беларускага народа, карыстаецца папулярнасцю і павагай у прадстаўнікоў розных пакаленняў грамадзян краіны і па сваіх мастацкіх якасцях адпавядае ўсім патрабаванням, прад`яўляемым да гімнічных твораў.
З прапанаваных варыянтаў тэкстаў гімна на музыку Н.Сакалоўскага камісія і грамадскасць аддалі перавагу вершу М.Клімковіча і У.Карызны. Захоўваючы адпаведнасць меладычным і рытмічным асаблівасцям музыкі Н.Сакалоўскага, гэты паэтычны твор у той жа час адлюстроўвае новыя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя ўмовы развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай, міралюбівай дзяржавы, падкрэслівае патрыятызм і працавітасць яе грамадзян, сяброўскія адносіны паміж прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцей, якія жывуць у нашай краіне.
Гэтым жа Указам Кіраўнік дзяржавы зацвердзіў Палажэнне аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь, якое вызначае статус гімна, умовы і правілы яго выканання і выкарыстання.
Зацвярджэннем Дзяржаўнага гімна завяршыўся працэс фарміравання дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Палажэнне аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь.
ЗАЦВЕРДЖАНА Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 02.07.2002 № 350
ПАЛАЖЭННЕ аб Дзяржаўным гімне Рэспублікі Беларусь
1. Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь з'яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь прадстаўляе сабой музычна-паэтычны твор, які выконваецца ў выпадках, прадугледжаных дадзеным Палажэннем.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь можа выконвацца ў аркестровым, харавым, аркестрова-харавым або ў іншых вакальных ці інструментальных варыянтах. Пры гэтым могуць выкарыстоўвацца гука- і відэазапіс, а таксама сродкі тэле- і радыётрансляцыі.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь павінен выконвацца ў адпаведнасці з зацверджанымі тэкстам і музычнай рэдакцыяй (нотамі).
2. Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь выконваецца:
пры ўступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасаду - пасля прыняцця ім прысягі;
пры адкрыцці і закрыцці сесій Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;
у час афіцыйнай цырымоніі ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і іншых афіцыйных дзяржаўных цырымоній;
у час цырымоній сустрэч і провадаў кіраўнікоў замежных дзяржаў, кіраўнікоў урадаў замежных дзяржаў, калі яны наведваюць Рэспубліку Беларусь з афіцыйнымі візітамі, афіцыйных прадстаўнікоў замежных дзяржаў, а таксама кіраўнікоў міждзяржаўных і міжурадавых арганізацый - у адпаведнасці з дыпламатычным пратаколам;
пры правядзенні воінскіх рытуалаў - згодна з агульнавоінскімі статутамі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь можа выконвацца:
пры адкрыцці помнікаў, памятных знакаў і іншых збудаванняў, прысвечаных знамянальным падзеям у жыцці Рэспублікі Беларусь, у гонар знакамітых дзяржаўных, палітычных, грамадскіх і ваенных дзеячаў, народных герояў, дзеячаў навукі і культуры;
пры адкрыцці і закрыцці ўрачыстых сходаў, прысвечаных дзяржаўным святам Рэспублікі Беларусь;
у час урачыстых сходаў, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі, органамі мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама іншымі арганізацыямі.
Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь могуць прадугледжвацца іншыя выпадкі выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
3. Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь трансліруецца дзяржаўнымі тэлевізійнымі і радыёвяшчальнымі арганізацыямі:
штодзённа - напачатку і напрыканцы вяшчання, а пры кругласутачным вяшчанні - у 6 і 24 гадзіны;
у навагоднюю ноч - пасля бою гадзінніка ў 24 гадзіны.
4. Выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь пры правядзенні Рэспублікай Беларусь афіцыйных мерапрыемстваў на тэрыторыях замежных краін ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правіламі, устаноўленымі Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, з улікам традыцый дзяржавы знаходжання.
5. Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь выконваецца пры афіцыйных цырымоніях у час спартыўных спаборніцтваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі - у адпаведнасці з правіламі арганізацыі гэтых спаборніцтваў.
6. Пры афіцыйным выкананні Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь прысутныя слухаюць яго стоячы, мужчыны - без галаўных убораў.
7. Выкарыстанне і выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь з парушэннем дадзенага Палажэння, зневажанне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь цягнуць за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
ЗАЦВЕРДЖАНА Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 02.07.2002 № 350
ДЗЯРЖАЎНЫ ГІМН РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ Словы М.Клімковіча, У.Карызны Музыка Н.Сакалоўскага
Мы, беларусы - мірныя людзі, Сэрцам адданыя роднай зямлі, Шчыра сябруем, сілы гартуем Мы ў працавітай, вольнай сям'і.
Слаўся, зямлі нашай светлае імя, Слаўся, народаў братэрскі саюз! Наша любімая маці-Радзіма, Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Разам з братамі мужна вякамі Мы баранілі родны парог, У бітвах за волю, бітвах за долю Свой здабывалі сцяг перамог!
Слаўся, зямлі нашай светлае імя, Слаўся, народаў братэрскі саюз! Наша любімая маці-Радзіма, Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Дружба народаў - сіла народаў - Наш запаветны, сонечны шлях. Горда ж узвіся ў ясныя высі, Сцяг пераможны - радасці сцяг!
Слаўся, зямлі нашай светлае імя, Слаўся, народаў братэрскі саюз! Наша любімая маці-Радзіма, Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь (ноты).
ЗАЦВЕРДЖАНА Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 02.07.2002 № 350
Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь (музычная рэдакцыя) Словы М.Клімковіча, У.Карызны

 |