Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сваім Распараджэннем аб'явіў Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 16 прадстаўнікам розных сфер, у тым ліку спартсменам, трэнерам, работнікам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.
За эфектыўнае забеспячэнне падрыхтоўкі і паспяховае выступленне нацыянальных каманд Беларусі на ХХІ зімовых Алімпійскіх гульнях 2010 года ў Ванкуверы (Канада) Падзяка Прэзідэнта аб'яўлена старшаму трэнеру нацыянальнай каманды Беларусі па фрыстайлу Васілю Вараб'ёву, начальніку каманды - старшаму трэнеру нацыянальнай каманды па фрыстайлу Анатолю Пастухову, старшаму трэнеру нацыянальнай каманды па біятлону Аляксандру Усцінаву і іншым.
Старшыня савета Арганізацыйнай структуры Мінска і Мінскай вобласці рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання ДТСААФ Юрый Вараб'ёў адзначаны Падзякай Прэзідэнта за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, значны ўклад у развіццё тэхнічных, авіяцыйных, ваенна-прыкладных відаў спорту, патрыятычнае і фізічнае выхаванне моладзі.
Аляксандр Лукашэнка аб'явіў Падзяку таксама тром прадстаўнікам СМІ. За шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё беларускай журналістыкі адзначаны спецыяльныя карэспандэнты аддзела рэпарцёраў АТН Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Наталля Жаркевіч і Наталля Марцалева, каментатар дырэкцыі інфармацыйнага і грамадска-палітычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё НДТРК Алена Швайко. |