Беларусь мае намер паглыбляць гандлёва-эканамічныя адносіны з Палесцінай. Аб гэтым заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Палесціны ў Беларусі Мунтасерам Абу Зейдам з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў нашай краіне.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Самая непрыемная місія Прэзідэнта, калі расстаешся з пасламі, асабліва са сваімі сябрамі. Калі б у нас усе паслы замежных дзяржаў былі, як Вы, у нас, напэўна, не было б праблем ва ўзаемаадносінах з іншымі краінамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што Мунтасер Абу Зейд вельмі шмат зрабіў у апошнія тры гады, калі быў дуаенам дыпламатычнага корпуса ў Беларусі. "Я ўдзячны Вам за гэту пазіцыю. Ведаю, што Вы застаяцеся ў дыпкорпусе Палесціны, і вельмі спадзяюся, што будзеце памятаць пра Беларусь, тут Вы правялі нямала часу і працавалі эфектыўна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі выказаў надзею, што "Мунтасер Абу Зейд будзе заставацца шчырым сябрам нашай краіны і яго заменіць такі ж шчыры чалавек, і мы прадоўжым з Палесцінай добрыя адносіны". "Упэўнены, што недалёкі той час, калі нашы адносіны выйдуць на яшчэ больш высокі ўзровень. Думаю, Вамі закладзена добрая аснова, каб паглыбіць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны. Можаце быць упэўнены: Беларусь заўсёды будзе прытрымлівацца той лініі, якой і прытрымлівалася апошнім часам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Мунтасер Абу Зейд у сваю чаргу сказаў: "Хачу перадаць падзяку кіраўніцтва Палесціны за вашу прынцыповую пазіцыю, што датычыцца палесцінскай праблемы". Ён адзначыў, што Беларусь, якую ён любіць, стала для яго другой радзімай. |