Узаемадзеянне з Беларуссю ў эканамічнай сферы можа прынесці вялікія дывідэнды для эканомікі Літвы. Аб гэтым заявіў 15 кастрычніка Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю газеце "Литовский курьер".
"Супрацоўніцтва з Беларуссю ў эканамічнай сферы можа прынесці вялікія дывідэнды для эканомікі Літвы, для дабрабыту нашых літоўскіх сяброў, - сказаў Прэзідэнт. - Яшчэ што вельмі важна: мы ж з любоўю да вас ставімся. Я многіх літоўцаў ведаю. Для мяне што беларусы, што рускія, што літоўцы - адно і тое ж. Наш народ настолькі талерантны і інтэрнацыянальны, што літоўцам і жадаць іншага не трэба. Мы гатовы ўлічваць любыя інтарэсы".
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Беларусь і Літва могуць ужо да канца года падпісаць пагадненне аб узаемных паездках жыхароў прыгранічных тэрыторый.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь поўнасцю гатова да падпісання гэтага пагаднення, цяпер крок за літоўскім бокам. "Мы свой шлях прайшлі. Больш таго, мы прынялі варыянт Літвы. Вось як літоўцы прапанавалі, так мы і прынялі гэты дагавор. Якія пытанні да нас? Як толькі вы будзеце гатовы, мы падпішам дакумент", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Мы поўныя рашучасці развязаць гэту праблему, - падкрэсліў Прэзідэнт. - І я ўпэўнены, што калі літоўскі бок захоча падпісаць гэты дагавор, то да новага года мы яго падпішам".
Журналіст выдання цікавіўся ў Прэзідэнта цяперашнім станам адносін Беларусі і Еўрасаюза, Беларусі і Літвы, удзелам нашай краіны ў ініцыятыве "Усходняе партнёрства", іншых міждзяржаўных структурах. Частка пытанняў датычылася таксама ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі, Мытнага саюза. Акрамя таго, быў зададзены і шэраг асабістых пытанняў.
Аляксандр Лукашэнка ўжо даваў інтэрв'ю гэтаму выданню ў верасні 2009 года ў час свайго афіцыйнага візіту ў Літоўскую Рэспубліку.
"Литовский курьер" упершыню выйшаў у 1763 годзе, выдаваўся на рускай і польскай мовах. З яго фактычна пачынаецца гісторыя літоўскай журналістыкі. Штотыднёвік "Литовский курьер" зноў пачаў выдавацца ў 1995 годзе, заняўшы за гэтыя гады месца лідара сярод выданняў, якія выходзяць у Літве на рускай мове. |