Для рэалізацыі сумесных праектаў Беларусі і Венесуэлы неабходны новы магутны імпульс. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 16 сакавіка ў Нацыянальнай асабмлеі Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што гэты візіт у Каракас накіраваны на паслядоўнае ўмацаванне шматпланавых беларуска-венесуэльскіх адносін. "Гэта мае для Беларусі ключавое значэнне", - падкрэсліў ён. Дзякуючы сумесным намаганням і руху насустрач адзін аднаму паняцце стратэгічнага альянсу з кожным днём напаўняецца новым канкрэтным зместам. Нягледзячы на тое, што Беларусь і Венесуэла знаходзяцца на розных кантынентах, гэта не перашкаджае дзвюм краінам паспяхова ўзаемадзейнічаць і ідэнтычна глядзець на свет. "Мы аднолькава не прымаем націск і двайныя стандарты ў міжнароднай палітыцы, ад якіх яна, гэта палітыка, на вялікі жаль, не свабодная і ў ХХІ стагоддзі. Мы аднолькава не баімся рэалізоўваць самастойны ўнутраны і знешні курс, праводзіць яго ў інтарэсах нашых народаў, а не каб дагадзіць транснацыянальным карпарацыям або алігархічным кланам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларусь і Венесуэла ад простага гандлю пераходзяць да больш складаных форм супрацоўніцтва, аб чым красамоўна сведчыць паспяховая рэалізацыя сумесных праектаў у галіне нафтаздабычы, сейсмаразведкі і сейсматэхнікі, газіфікацыі, архітэктуры і будаўніцтва, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і харчавання, навукі і тэхналогій, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. "Усё гэта закладвае базу для прынцыпова новага ўзроўню венесуэльскай эканомікі", - адзначыў беларускі лідэр. На яго думку, для паспяховай рэалізацыі сумесных праектаў патрэбна толькі аператыўнасць вырашэння пытанняў.
"Самае галоўнае, што трэба зрабіць сёння для Венесуэлы, - гэта як мага хутчэй даць венесуэльцам нармальную работу, нармальнае жыллё, зрабіць як мага больш, каб народ бачыў на справе, што яго чакае, а самае галоўнае - што чакае дзяцей і ўнукаў цяперашняга пакалення", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь падзеліцца з Венесуэлай усімі ведамі і дасягненнямі, якія мае. "Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Венесуэлы: усё, на што здольныя беларусы і беларуская дзяржава, - гэта ваша. Вы можаце на нас спадзявацца па любому пытанню - ці гэта нафтаздабыча, ці будаўніцтва новых жылых кварталаў", - падкрэсліў ён.
Закранаючы ў сваім выступленні актуальныя пытанні сусветнай палітыкі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяперашняя сістэма міжнародных адносін па-ранейшаму вызначаецца незбалансаванасцю. Ён лічыць, што ў працэсе вырашэння глабальных праблем на прынцыпах справядлівасці і раўнапраўя лідзіруючую ролю павінна адыгрываць Арганізацыя Аб'яднаных Нацый як самая прадстаўнічая міжнародная структура. Складанасць і шматпланавасць сучасных пагроз патрабуе актыўнага выкарыстання ўсіх існуючых магчымасцей для супрацоўніцтва, перакананы Прэзідэнт.
"На жаль, шэраг дзяржаў не супраць іграць на міжнароднай арэне па імі ж прыдуманых, але аб'ектыўна ўстарэлых правілах, у аснове якіх імкненне навязаць сваю волю і стэрэатыпы разумення правоў чалавека, дэмакратыі і свабоды", - канстатаваў беларускі лідэр. На яго думку, гэта прыводзіць да дыктату і манапалізму, што зусім недапушчальна ў сучасных умовах.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аднапалярны свет, канцэнтрацыя і злоўжыванне сілай сталі галоўнымі прычынамі сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Такая мадэль светаўладкавання канчаткова даказала сваю нежыццяздольнасць і бесперспектыўнасць. "Усе мы бачым, што ні адна звышдзяржава, ні вузкае кола краін "Вялікай васьмёркі" не могуць эфектыўна і на карысць усёй сусветнай супольнасці вырашыць вострыя глабальныя праблемы", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што адзіна правільным інструментам пераадолення новай небяспекі з'яўляецца палітыка партнёрства. Ён заклікаў усе краіны незалежна ад сваіх палітычных арыенціраў і ідэалогіі аб'яднацца ў вырашэнні найбольш вострых праблем, такіх, як голад, беднасць, доступ да энергетычных рэсурсаў, гандаль людзьмі, распаўсюджванне наркотыкаў, ваенныя канфлікты, прыродныя і тэхнагенныя катаклізмы. Інакш пад пагрозу будзе пастаўлена выжыванне чалавецтва.
Гаворачы аб знешнепалітычных прыярытэтах Беларусі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для нашай краіны вельмі важна мець трывалыя ўзаемавыгадныя сувязі з Расіяй, Еўрасаюзам і дзяржавамі СНД. "Менавіта ў развіцці канструктыўнага ўзаемадзеяння з партнёрамі на ўсходнім і заходнім напрамках мы бачым шанц на эфектыўнае выкарыстанне нашага выгаднага геаграфічнага становішча, транзітнага і прамысловага патэнцыялу", - заявіў ён.
Прэзідэнт звярнуў увагу на эфектыўнае вырашэнне Беларуссю пытанняў, звязаных з бесперабойным транзітам расійскіх энерганосьбітаў у Еўропу. Акрамя таго, Беларусь - надзейны і адказны партнёр Еўрасаюза ў галіне барацьбы са злачыннасцю, наркатрафікам, нелегальнай міграцыяй і іншымі выклікамі трансгранічнага характару.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, для Беларусі, гэтак жа як і для Венесуэлы, безумоўным прыярытэтам з'яўляецца развіццё адносін з бліжэйшымі суседзямі. "Беларусь, як і Венесуэла, - лідэр рэгіянальнай інтэграцыі. Стварэнне з 1 студзеня 2010 года Мытнага саюза паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам азнаменавала якасна новы этап інтэграцыі ў гісторыі гэтых краін".
У той жа час, падкрэсліў Прэзідэнт, Беларусь не аддзяляе сябе ад Еўропы, з якой мае агульную культурную і гістарычную спадчыну, у многім супадаючыя эканамічныя інтарэсы. "Па сутнасці развіццё нашых адносін з еўрапейскімі суседзямі па такіх напрамках, як энергатранзіт, транспарт, міграцыя, палітычная стабільнасць, даўно перарасло лакальны двухбаковы фармат і выйшла на ўзровень агульнаеўрапейскага значэння", - сказаў ён.
У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь гатова падзяліцца з Венесуэлай вопытам стварэння сістэмнай абароны дзяржавы. "І калі на гэта будзе воля Прэзідэнта Венесуэлы, мы зможам у самыя кароткія тэрміны гэта зрабіць, - сказаў ён. - І вы зможаце пасля спакойна жыць і ствараць. Жыць і не думаць, будуць уладары свету сябраваць з вамі ці выбудоўваць загавары супраць вас". |