Венесуэла будзе пастаўляць Беларусі нафту для перапрацоўкі і сумеснай рэалізацыі на еўрапейскім рынку. Такой дамоўленасці дасягнулі прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес у выніку праведзеных 15 сакавіка ў Каракасе перагавораў. Аляксандр Лукашэнка наведвае з афіцыйным візітам Венесуэлу другі раз.
За кароткі перыяд Беларусь і Венесуэла вывелі адносіны на ўзровень стратэгічнага партнёрства. Дагаворна-прававая база налічвае больш як 20 міждзяржаўных, міжурадавых і міжведамасных пагадненняў. Значна ўзрос за апошнія гады двухбаковы тавараабарот: калі ў 2006 годзе ён складаў толькі $6 млн., то ў 2009-м перасягнуў $230 млн. і сфарміраваны ў асноўным за кошт беларускага экспарту. У Венесуэле на пачатковай стадыі знаходзіцца рэалізацыя некалькіх сумесных праектаў у сацыяльнай сферы, энергетыцы, ваенна-тэхнічнай галіне.
Цяперашняму візіту ў Венесуэлу Прэзідэнт Беларусі надае асаблівае значэнне. "Наш візіт на гэты раз асаблівы. Мы перажываем, напэўна, самы складаны перыяд. Хачу, каб вы разумелі, выбудоўваючы адносіны з намі, што ў Беларусі вельмі перажываюць за тое, што адбываецца ў Венесуэле, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да свайго венесуэльскага калегі. - Мы ставімся да працэсаў, якія адбываюцца ў Венесуэле, гэтак жа, як і да таго, што адбываецца ва ўласнай краіне".
"Я не хачу, каб нават апазіцыя тут думала, што мы прыехалі сюды, каб недзе па вялікім рахунку або па дробязях зарабіць. Мы ў Венесуэле зарабілі галоўнае - давер вашага народа", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што беларусы гатовы пакласці ў агульную чашу ўсё, што маюць самі. "Вядома, мы будзем прасіць вашай падтрымкі ў гэты складаны для нас час. У чым складанасць, я публічна ўжо гаварыў. Але гэта не звязана з грашамі, ёсць рэчы больш важныя. Гэта датычыцца нашага суверэнітэту і незалежнасці - даражэй нічога быць не можа", - сказаў ён.
У выніку перагавораў прэзідэнты дамовіліся аб аказанні падтрымкі Беларусі. У бліжэйшы час будуць падпісаны пагадненні аб пастаўках нафты з Венесуэлы ў Беларусь і аб супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы.
Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі сустрэчы з венесуэльскім калегам, адзначыў: "Мы дамовіліся аб пастаўках венесуэльскай нафты ў Беларусь. На нашы нафтаперапрацоўчыя заводы прыйдзе нафта з Венесуэлы. Мы сумесна будзем яе перапрацоўваць і рэалізоўваць нафтапрадукты на еўрапейскім рынку".
Сумеснае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства "Петралера БелаВенесалана" цяпер здабывае каля 1 млн.т нафты ў год. "Мы будзем і далей развіваць здабычу нафты ў інтарэсах абедзвюх краін", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб тым, што беларусы будуць весці газіфікацыю венесуэльскіх гарадоў і пасёлкаў. "За бліжэйшы год мы пабудуем у Венесуэле 3-4 заводы па вытворчасці трактароў, аўтамабіляў, велікагрузных аўтамабіляў, буйны цагельны завод", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы дамовіліся па ўсіх пытаннях, - падкрэсліў ён. - У бліжэйшы час пабываем на будоўлях, будзем адкрываць новыя радовішчы, новыя пасёлкі, якія пабудавалі для нашых венесуэльскіх братоў".
Па прапанове Уга Чавеса ў Венесуэле будзе створаны беларускі Гандлёвы дом. "У ім будзе прадавацца ўсё, у чым мае патрэбу Лацінская Амерыка. У нас вельмі вялікія планы, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Мы хочам зрабіць усё, каб у венесуэльскага народа было ўсё тое, што мае брацкая Беларусь".
Прэзідэнт Венесуэлы ў сваю чаргу падкрэсліў зацікаўленасць у атрыманні беларускіх тэхналогій. "Мы вельмі рады візіту і поўныя рашучасці прадоўжыць будаўніцтва нашага саюза", - заявіў Уга Чавес. Ён таксама адзначыў актуальнасць навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў.
Сёння, 16 сакавіка, Прэзідэнт Беларусі выступіць у Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы. Плануецца таксама, што Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес наведаюць будуемы жылы комплекс у горадзе Маракай і азнаёмяцца з рэалізацыяй бягучых праектаў. |