Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка падпісаў законы "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год", "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь", "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь" і "Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на 2011 год".
Названыя дакументы прыняты 14 верасня 2010 года Палатай прадстаўнікоў (за выключэннем закона "Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2011 год", які быў прыняты 7 верасня 2010 года) і адобраны 4 кастрычніка 2010 года Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
У гэтых законах на 2011 год прадугледжаны шэраг мер, накіраваных на далейшае ўдасканаленне ў Рэспубліцы Беларусь падатковай палітыкі і захаванне сацыяльнай накіраванасці дзяржаўных расходаў.
У прыватнасці, у мэтах далейшага спрашчэння падатковай сістэмы Законам Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь" з 1 студзеня 2011 года прадугледжваецца наступнае.
1. Адмяніць:
мясцовы падатак на паслугі, які спаганяецца па стаўцы 5 % ад выручкі;
мясцовы збор на развіццё тэрыторый, які выплачваецца па стаўцы ў межах 3 % з прыбытку;
некаторыя плацяжы экалагічнага падатку:
за перапрацоўку нафты i нафтапрадуктаў арганiзацыямi, якiя ажыццяўляюць перапрацоўку нафты;
за перамяшчэнне па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь нафты і нафтапрадуктаў магістральнымі нафтаправодамі і нафтапрадуктаправодамі транзітам;
за вытворчасць і (або) імпарт тавараў, якія змяшчаюць у сваім складзе 50 і больш % лятучых арганічных злучэнняў.
Паводле разлікаў Урада, рэалізацыя названых мерапрыемстваў дасць магчымасць знізіць падатковую нагрузку ў 2011 годзе на 0,4 % да ВУП і пакінуць у распараджэнні плацельшчыкаў Br721,2 млрд.
2. Выключыць два самастойныя падатковыя плацяжы за кошт уключэння ў склад:
экалагічнага падатку - збору пры ўвозе на тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь азонаразбуральных рэчываў;
дзяржаўнай пошліны - збору за выдачу дазволаў на праезд аўтамабільных транспартных сродкаў па тэрыторыях замежных дзяржаў.
3. Скараціць колькасць пералічэнняў падаткаў у бюджэт:
па падатку на прыбытак - перайсці на штоквартальную выплату падатку з падачай падатковай дэкларацыі адзін раз у год (сёння ў 70 % выпадкаў гэтыя дзеянні ажыццяўляюцца штомесяц);
па ПДВ - адмяніць "авансавыя" плацяжы (шэсць плацяжоў у месяц) і ажыццяўляць выплату гэтага падатку адзін раз у месяц або адзін раз у квартал - паводле рашэння плацельшчыка. Пры гэтым тэрміны выплаты ПДВ (месяц або квартал) будуць вызначацца плацельшчыкам самастойна без прывязкі да памеру выручкі, як гэта адбываецца цяпер. У выніку колькасць плацяжоў скароціцца з 72 да 4-12 у год;
па акцызах - адмяніць "авансавыя" плацяжы (шэсць плацяжоў у месяц) і ажыццяўляць выплату гэтага падатку адзін раз у месяц.
4. Удасканаліць механізм спагнання асноўных падаткаў - падатку на прыбытак і ПДВ за кошт:
пашырэння магчымасці прымянення льготы па прыбытку, што накіроўваецца на капітальныя ўкладанні. Прыбытак будзе вызваляцца ад падаткаабкладання па факту ажыццяўлення інвестыцый без увязкі з выкарыстаннем амартызацыйнага фонду, як гэта адбываецца цяпер. Пры гэтым, каб не дапусціць значных страт бюджэту ў сувязі з адменай абмежавання памеру падатковай ільготы сумай выкарыстанага на капітальныя ўкладанні амартызацыйнага фонду, прапануецца абмежаваць магчымасць прымянення льготы па падатку на прыбытак 50 % валавога прыбытку;
прадастаўлення плацельшчыкам права прымаць без абмежаванняў да выліку "ўваходны" ПДВ, выплачаны пры набыцці інвестыцыйных тавараў, што будзе садзейнічаць зніжэнню кошту інвестыцыйных праектаў і больш шырокаму прыцягненню інвестыцый. Таксама прапануецца прадаставіць плацельшчыкам права пры ажыццяўленні інвестыцыйных расходаў прымаць да выліку роўнымі долямі на працягу каляндарнага года (у памеры 1/12 або 1/4) сумы "ўваходнага" ПДВ, які застаўся пасля выліку сум ПДВ у межах сум падатку, вылічаных па рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў.
Ажыццяўленне названых мер дасць магчымасць наблізіць падатковую сістэму Рэспублікі Беларусь па складу падаткаў і збораў, перыядычнасці іх выплаты да падатковых сістэм развітых краін.
Плацельшчыкі пры ажыццяўленні звычайнай дзейнасці будуць выплачваць толькі 8 асноўных падаткаў (падатак на прыбытак, акцызы, ПДВ, экалагічны падатак, зямельны падатак, падатак на нерухомую маёмасць, сацыяльныя плацяжы), уносіць на працягу года ў бюджэт 20 падатковых плацяжоў і падаваць 11 падатковых дэкларацый (цяпер - 104 падатковыя плацяжы і 30 падатковых дэкларацый).
З улікам узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны колькасць падатковых плацяжоў будзе складаць 32 у год, а колькасць дэкларацый - 15.
Варта адзначыць, што рэформы, праведзеныя ў 2010 і 2011 гадах, дадуць магчымасць павысіць рэйтынг Рэспублікі Беларусь у даследаванні "Вядзенне бізнесу - 2013" па паказчыку "Падаткаабкладанне" да 70-га месца са 183-га месца ў 2009 годзе.
Унясенне дапаўненняў і змяненняў у Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь накіравана на ўніфікацыю норм бюджэтнага і падатковага заканадаўства, прывядзенне яго асобных палажэнняў і тэрмінаў (назваў даходаў і відаў расходаў) у адпаведнасць з нарматыўнымі прававымі актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У Законе Рэспублікі Беларусь "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год" прадугледжваецца, што даходы рэспубліканскага бюджэту ў 2011 годзе складуць Br33,61 трлн., а расходы - Br39,61 трлн. Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту прагназуецца ў памеры Br6 трлн. (або 3 працэнты ад ВУП), што адпавядае нацыянальнаму і міжнародным стандартам фінансавай бяспекі.
У якасці асноўных мэт бюджэтнай палітыкі на 2011 год вызначаны захаванне дасягнутага якаснага ўзроўню сацыяльных паслуг, падтрымка рэальнага сектара эканомікі, рэалізацыя праграмы жыллёвага будаўніцтва і іншыя сацыяльна значныя праграмы.
У 2011 годзе ў параўнанні з 2010 годам расходы базавых галін сацыяльнай сферы (ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная палітыка, фізічная культура і спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) плануецца павялічыць на 40 %.
У Законе Рэспублікі Беларусь "Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на 2011 год" зацвярджаюцца на 2011 год расходы названага Фонду ў суме Br20,49 трлн. з улікам прагназуемых даходаў у аб'ёме Br20,69 трлн., што адпаведна на 15 % вышэй запланаваных на 2010 год. Перавышэнне даходаў над расходамі складзе Br197 млрд., што на 26 % больш, чым прадугледжана на 2010 год.
Галоўнай крыніцай даходаў Фонду з'яўляюцца ўзносы на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне Br20,21 трлн. (97,7 % даходаў Фонду).
Асноўнымі напрамкамі выкарыстання сродкаў Фонду стануць:
пенсійнае забеспячэнне - Br16,45 трлн. (80,3 % расходаў Фонду);
плата дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, - Br1,56 трлн. (7,6 %);
выплата дапамог па часовай непрацаздольнасці - Br1,35 трлн. (6,6 %), па цяжарнасці і родах - Br367,8 млрд. (1,8 %). |