Навучэнцам, студэнтам, аспірантам, настаўнікам, навукова-педагагічным работнікам
Дарагія сябры!
Сардэчна віншую вас з Днём ведаў.
Першае верасня напаўняе цудоўным адчуваннем свята сэрцы соцень тысяч людзей - ад школьніка да сівога прафесара, аб'яднаных няўтольнай прагай пазнання і радасцю творчасці. Перад вамі раскрываецца асаблівы свет, напоўнены скарбамі мудрасці, які дае невычэрпныя магчымасці для новых адкрыццяў і духоўнага росту.
Беларусь па праву ганарыцца высокай якасцю айчыннай адукацыі, якая з'яўляецца найвялікшым народным здабыткам. Палітыка, што праводзіцца ў нашай краіне, гарантуе ўсім юным грамадзянам роўныя ўмовы для авалодання ведамі, рэалізацыі здольнасцей і грамадзянскага станаўлення.
Дарагія навучэнцы, студэнты і аспіранты! Настойліва заваёўвайце вышыні навукі, цаніце дружбу і ўзаемавыручку. Няхай гэты навучальны год прынясе вам удачу і наблізіць да ажыццяўлення запаветнай мары.
Паважаныя настаўнікі і выкладчыкі! Захоўвайце адданасць свайму святому прызванню. Няхай у вашых сэрцах заўсёды гарыць агонь любові да вучняў, служэння ідэалам асветы і дабра.
Жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў у вучобе і працы, шчасця і дабрабыту.
Аляксандр Лукашэнка |