Дзяржава прыкладзе максімальныя намаганні, каб мы дастойна перажылі ўсе выпрабаванні і выйшлі з іх яшчэ больш моцнымі і згуртаванымі, чым раней. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Асноўная тэма Паслання - "Дабрабыт роднай зямлі - справа ўсіх і кожнага".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што агульнымі намаганнямі беларускага народа без узрушэнняў, сацыяльнага бязладдзя за адносна невялікі перыяд часу пабудавана паўнацэнная і незалежная дзяржава - Рэспубліка Беларусь, якую паважаюць і з якой лічацца ў свеце. У Беларусі няма антаганістычных супярэчнасцей у дзяржаўным, эканамічным і духоўным жыцці. А гэта, у сваю чаргу, стварае неабходную аснову для далейшага і ўпэўненага руху наперад.
Прэзідэнт падкрэсліў: "Што ні гаварылі б скептыкі і апаненты, нашы дасягненні - вынік уласнага шляху развіцця, заснаванага на прынцыпах эфектыўнага дзяржаўнага рэгулявання эканомікі і ажыццяўлення моцнай сацыяльнай палітыкі. Таму канцэптуальная задача сучаснага этапа - дабіцца таго, каб працэсы інтэнсіўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця сталі незваротнымі, набылі характар устойлівай тэндэнцыі".
На думку Аляксандра Лукашэнкі, цяжкі перыяд, які сёння перажывае сусветная эканоміка і часткова Беларусь, не завершыцца адразу. Таму ўсім трэба будзе шмат і напружана працаваць дзеля захавання і развіцця сваёй краіны, якая можа забяспечыць грамадзянам умовы для бяспечнага, стабільнага і шчаслівага жыцця. Прэзідэнт лічыць, што цяперашні няпросты час дае унікальны шанц пазбавіцца ад ўсяго лішняга, што перашкаджае дынамічнаму, паступальнаму развіццю і неабходна гэты час выкарыстаць для істотнага прарыву па ўсіх напрамках. "Хоць крызіс быў пароджаны за тысячы кіламетраў ад нас, ад Еўропы, я не раз гэта падкрэсліваў, яго чорнае крыло закранула і Беларусь. Такая цана глабалізацыі, інтэграцыі ў сусветную гаспадарку. Таму трэба сумленна і адкрыта сказаць, якім бачыцца будучае краіны. Мы даражым даверам людзей і ніколі не будзем ашукваць іх, не кінем сам-насам з бядой, калі яна ўзнікне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"У сваёй дзяржаве мы - адна вялікая сям'я, у якой ад працы кожнага грамадзяніна, яго ведаў, адказнасці залежаць сіла і працвітанне ўсіх, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба дакладна разумець простую рэч: нават самыя лепшыя планы застануцца на паперы, калі сутыкнуцца з апатыяй і абыякавасцю ў грамадстве. Таму сёння ніхто не мае права самазаспакойвацца і прыстасоўвацца да сітуацыі. Калі атмасфера даверу і супрацоўніцтва ўлады і грамадства будзе захавана, упэўнены, што мы ўсё пераадолеем".
Пры гэтым Прэзідэнт адразу перасцярог тых, хто не ўсведамляе важнасці бягучага моманту або думае выкарыстаць яго ў сваіх інтарэсах. "Законнасць і правапарадак у краіне, непарушнасць канстытуцыйных асноў будуць забяспечвацца ўсімі існуючымі сіламі і сродкамі".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вялікай перавагай з'яўляецца адзінства беларускага народа. Сваю адказнасць за працвітанне роднай зямлі кожны павінен праяўляць у канкрэтных справах.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, крэдыты, прадастаўленыя нам Расіяй, Венесуэлай і МВФ, а таксама абмен крэдытнымі рэсурсамі з Кітаем, мелі важнае значэнне для ўмацавання эканамічнай бяспекі.
"Сам факт нашага супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам многімі, асабліва на Захадзе, быў расцэнены як пазітыўны момант, які пацвярджае надзейнасць Беларусі і адэкватнасць праводзімай у краіне эканамічнай палітыкі існуючым знешнім і ўнутраным умовам", - сказаў Прэзідэнт.
Аднак такія запазычанні эфектыўныя толькі пры ўмове іх рацыянальнага выкарыстання на абнаўленне вытворча-тэхналагічнай базы прадпрыемстваў, павелічэнне выпуску якаснай прадукцыі, стварэнне сучасных вытворчасцей, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Наш народ і я катэгарычна не прымаем скарачэння рабочых месц. Мы ўзялі іншы курс - на захаванне вытворчасці, і кожны чалавек, які хоча працаваць, будзе працаваць", - сказаў Прэзідэнт. Але пры гэтым павінна быць дысцыпліна і парадак на вытворчасці - гэта аснова парадку ў краіне. Кожны павінен падыходзіць да сваёй работы з поўнай самааддачай. "Мы ўсе разам павінны захаваць вытворчасць і першыя выйсці з крызісу, не страціўшы кадры", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Важна не толькі мінімізаваць наступствы цяжкага перыяду, але і ўзняць айчынную эканоміку на якасна новы ўзровень, забяспечыць дастойнае жыццё народа - на гэта нацэлены Дырэктывы № 1 і № 2.
Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць выкананню Дырэктывы № 3, накіраванай на энергазберажэнне і рацыянальнае выкарыстанне ўсіх відаў матэрыяльных рэсурсаў. "Эканомія становіцца не проста абавязковым прынцыпам гаспадарання, але і важнейшым патрабаваннем нацыянальнай бяспекі краіны, - падкрэсліў Прэзідэнт. - У бязлітасным змаганні на сусветным рынку перамагае той, хто мае больш нізкую матэрыяла- і энергаёмістасць прадукцыі".
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што Беларусь практычна поўнасцю ўвозіць усе сыравінныя і энергетычныя рэсурсы. І нягледзячы на тое, што сярод краін СНД у Беларусі адзін з самых нізкіх паказчыкаў энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту, па гэтаму паказчыку рэспубліка прадаўжае адставаць ад найбольш развітых краін свету ў 2-3 разы. "Эканомія і беражлівасць павінны стаць неад'емнай рысай мыслення кіраўніка любога рангу. І гэта не даніна крызісу, а абавязковы элемент гаспадарання ва ўсіх галінах, арганізацыях і на прадпрыемствах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Наш курс на фарміраванне сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, пабудову моцнай і квітнеючай дзяржавы застаецца нязменным, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Кожны грамадзянін павінен дакладна ведаць - абвалу эканомікі мы не дапусцім! У Беларусі гэтага не будзе". Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у рэспубліцы не зніжана планка сацыяльна-эканамічных задач, пастаўленых на гэты год і пяцігодку ў цэлым. "Мы павінны забяспечыць выкананне ўсяго намечанага на трэцім Усебеларускім народным сходзе - пачынаючы ад ВУП, узроўню заработнай платы і аж да колькасці квадратных метраў пабудаванага жылля. Іншага не дадзена", - сказаў Прэзідэнт. Гэты год - перадапошні ў бягучай пяцігодцы, дадаў ён. "Не захаваць узятыя тэмпы, разбалансаваць створаны задзел злачынна ў адносінах да сябе, і да нашых дзяцей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Выкананне намечаных задач запатрабуе дадатковых намаганняў. "Але калі мы здолелі выцягнуць краіну з разрухі і балота ў 90-я гады, то справімся і з цяперашнімі цяжкасцямі", - перакананы Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь мае правераныя за многія гады механізмы эфектыўнай дзейнасці дзяржаўнай улады, аднак спачываць на лаўрах не даводзіцца. "Важна помніць, што рана або позна эканамічны спад зменіцца ўздымам. Тады на грэбені хвалі апынуцца тыя дзяржавы, якія змаглі хутка перабудавацца, зарыентавацца і атрымаць максімальную выгаду са змяненняў глабальнай кан'юнктуры. Беларусь павінна быць у іх ліку!" - сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.
"Мы ніколі не здрадзім свайму галоўнаму прынцыпу - клопату пра чалавека", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што ў апошнія гады значныя тэмпы развіцця эканомікі далі магчымасць істотна павысіць у краіне ўзровень аплаты працы, пенсій, дапамог і іншых сацыяльных выплат, узмацніць адрасную дапамогу малазабяспечаным грамадзянам і пашырыць сістэму бясплатных сацыяльных паслуг для састарэлых, інвалідаў, шматдзетных сем'яў. "Такім чынам, мы заклалі аснову для забеспячэння дастойнага ўзроўню жыцця людзей", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свеце няма ні адной краіны, на якую ў той або іншай ступені не паўплываў глабальны фінансава-эканамічны крызіс. Сусветная супольнасць цяпер заклапочана распрацоўкай антыкрызісных праграм і пошукам найбольш эфектыўных шляхоў пераадолення падзення эканомікі. Заходнія краіны ўсё больш актыўна рэалізуюць меры дзяржаўнага рэгулявання эканомікі - масіравана ўліваюць дзяржаўныя сродкі для падтрымкі вытворчасці, сацыяльнай сферы, банкаў і буйных карпарацый, уводзяць кантроль за патокамі руху капіталаў. "Словам, бяруць тое, што яшчэ нядаўна заўзята адхілялі, крытыкуючы нашу беларускую мадэль развіцця за яе нярыначны характар. І гэтым самым прызнаюць станоўчы вопыт гаспадарання Беларусі, які і даў нам магчымасць найменш балюча прыняць удары фінансавага крызісу, які ўзнік два гады таму ў ЗША", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што першыя фазы сусветнага крызісу - крах іпатэкі і фондавага рынку - Беларусь практычна нават не адчула. У краіне былі рэкордныя тэмпы эканамічнага развіцця, таму што стаўка рабілася на рэальны сектар эканомікі (прамысловасць, будаўніцтва, сельскую гаспадарку), а не на спекуляцыйны капітал і пагоню за лёгкім звышпрыбыткам. "Гэта не значыць, што мы самыя разумныя. Проста мы заўсёды ішлі ад рэалій, якія маюць месца ў нашай краіне, а не дзесьці ў каго-небудзь", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Успомніце, колькі яхідства было адносна трох Дырэктыў Прэзідэнта. Але ж яны сталі сапраўднай "падушкай бяспекі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму што рэгламентуюць тры асноўныя прынцыпы ўстойлівага функцыянавання краіны: дысцыпліна і правапарадак, дэбюракратызацыя жыцця краіны, эканомія і беражлівасць". Гэтыя ж пастулаты цяпер бяруцца за аснову ў антыкрызісных праграмах самых развітых дзяржаў свету. "Менавіта дзякуючы прынятым мерам Беларусь апошняй сярод краін увайшла ў сусветны крызіс, але павінна першай з яго выйсці - у гэтым галоўная задача", - адзначыў Прэзідэнт. "Сёння мы гатовы адэкватна адказваць на выклікі часу", - рэзюмаваў ён.
Адрасную дапамогу атрымае кожны, хто мае ў ёй патрэбу. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "дзяржавай будуць прыняты ўсе неабходныя меры па недапушчэнню зніжэння дасягнутага ў краіне памеру пенсійнага забеспячэння, захаванню яго на ўзроўні прымальных для грамадства жыццёвых стандартаў у рамках стабільнай, фінансава-ўстойлівай пенсійнай сістэмы".
У цэнтры дзяржаўнай падтрымкі была і застаецца сям'я: стымуляванне нараджальнасці, прафілактыка небяспечных сітуацый, абарона дзяцей ад нядбайных бацькоў, прадухіленне дамашняга насілля. "Для нас прыярытэтнасць сямейнай палітыкі вынікае з неабходнасці паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне і фарміравання здаровай і паспяховай нацыі, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Таму што толькі моцная сям'я складае аснову моцнай дзяржавы!"
"Трэба сур'ёзна заняцца развіццём сектара паслуг і зрабіць яго экспартаарыентаваным. Транспартныя, банкаўскія, лізінгавыя, медыцынскія, адукацыйныя, турыстычныя паслугі - усё гэта самыя каштоўныя рэсурсы. З-за меншай капіталаёмкасці, хуткай акупнасці інвестыцый і невысокіх патрабаванняў да ўзроўню стартавага капіталу сектар паслуг мае істотныя перспектывы ў плане развіцця экспарту, якія мы павінны выкарыстоўваць максімальна эфектыўна", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, у перыяд глабальнага фінансавага крызісу мэтазгодна перакласці частку цяжару з цяглавога каня - індустрыі - на іншыя сектары эканомікі. Сёння ўдзельная вага дабаўленай вартасці ў сферы паслуг у Беларусі складае да 45 працэнтаў, у прамысловасці - 30 працэнтаў, сельскай гаспадарцы - да 10 працэнтаў.
Больш энергічным павінна стаць развіццё сферы паслуг у малых і сярэдніх гарадскіх паселішчах. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў сувязі з гэтым вельмі актуальнай з'яўляецца тэма развіцця культурнага турызму. Сёння ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей налічваецца амаль 5 тыс. помнікаў, размешчаных якраз у невялікіх населеных пунктах.
"Але што зроблена для таго, каб выкарыстоўваць гэта багацце? Хваліцца, шчыра скажам, няма чым: мала гасцініц, кемпінгаў, утульных прыдарожных кафэ. Не ўмеем мы зарабляць на турызме грошы, а часам нават лянуемся падняць іх з зямлі. Не абавязкова захапляцца мегапраектамі накшталт татальнага ўладкавання Аўгустоўскага канала, хоць і гэта трэба рабіць. А хіба гістарычныя палацы, сядзібы, малабюджэтны сельскі турызм не вартыя таго, каб неадкладна заняцца імі? Нарач, Сож, Днепр, Браслаўскія азёры, Белавежская і Налібоцкая пушчы - хіба гэта прыродная прыгажосць не прыцягне турыста? Калі не хапае грошай у бюджэту і па-ранейшаму неразваротлівыя нашы ведамствы, пусціце прыватны бізнес, развяжыце яму рукі. Мяркую, тут не трэба нейкіх асаблівых дырэктыў з Мінска. Усё могуць зрабіць і павінны зрабіць абласныя і раённыя ўлады", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы не плануем дадатковую рэзкую дэвальвацыю. У нас не будзе дэфіцыту і пустых прылаўкаў. Дзяржава безагаворачна выканае свае абавязацельствы перад укладчыкамі, гарантуючы захаванасць грашовых сродкаў фізічных асоб і забяспечваючы іх стопрацэнтную кампенсацыю, уключаючы сродкі нерэзідэнтаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён растлумачыў, што ўслед за асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусь была вымушана дэвальваваць нацыянальную валюту, з тым каб не падарваць экспарт, не дапусціць зніжэння канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў, якія прадаюцца за мяжой. "Так, гэта непапулярная мера. Але мы прайшлі яе адносна лёгка ў параўнанні з нашымі суседзямі, якія яшчэ ў большай меры знізілі вартасць сваіх грошай", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Дэвальвацыя дапамагае, перш за ўсё, утрымацца на плаву айчынным вытворцам.
"Ёсць эканамічныя законы, якія не фарміруюць ні Лукашэнка, ні ўрад Беларусі. Яны дзейнічаюць аб'ектыўна, хочам мы гэтага ці не. І калі мы праігнаруем гэтыя эканамічныя законы, зацягнем з прыняццем рашэнняў, заўтра будзе катастрафічна больш цяжка, а можа, і немагчыма", - адзначыў Прэзідэнт.
"Але сёння няма ніякіх падстаў для панічных настрояў. Не трэба скупляць у магазінах усё, што ляжыць на паліцах, абменьваць зарплату на валюту, запасацца цукрам і крупамі, бегчы ў банкі і здымаць свае ўклады. Я ж гэта казаў у пачатку года. І той, хто не паслухаў, сёння кажа, а дарма не паслухалі. Навошта гэта ўсё было? Яно ўсё на паліцах, на прылаўках ляжыць. Навошта змярцвілі грошы? Ніхто не спрабуе і не будзе, тым больш я, іграцца, заігрываць або ашукваць народ", - заявіў ён.
Я ўжо неаднаразова гаварыў, што самае галоўнае для нас ва ўмовах глабальнага эканамічнага крызісу - любой цаной захаваць вытворчасць. Гэта значыць, што сотні тысяч людзей не страцяць рабочыя месцы, працягнуць рэгулярна прыносіць дадому зарплату, а не дапамогу па беспрацоўю. Мы абавязаны захаваць створаны дзесяцігоддзямі тэхналагічны і інтэлектуальны патэнцыял", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Грашова-крэдытная сістэма краіны будзе функцыянаваць стабільна і надзейна. "Пры гэтым хачу папярэдзіць банкі краіны. Абарона вашых уласных інтарэсаў не павінна будавацца за кошт вашых кліентаў! Асабліва ў частцы крэдытнай палітыкі. Нацыянальнаму банку трэба забяспечыць даступнасць для бізнесу і насельніцтва банкаўскіх крэдытаў і пазык. І ў той жа час прадугледзець надзейную заслону іх нядобрасумленнаму выманьванню, махлярству і іншым злоўжыванням фінансавымі рэсурсамі", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Курс на стварэнне высокатэхналагічных і тэхнічна перааснашчаных устаноў аховы здароўя ў цэнтры і ў рэгіёнах апраўдаў сябе. Кіраўнік дзяржавы ў якасці прыкладу максімальнай задачы і яе ўмелай рэалізацыі прывёў развіццё трансплантацыі ў Беларусі. "Некалькі гадоў таму фантастыкай здавалася сама магчымасць выканання аперацый па трансплантацыі ўнутраных органаў і аперацый па перасадцы сэрца. Сёння гэта рэальнасць! - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Удумайцеся: у мінулым годзе праведзена 9 аперацый па трансплантацыі печані, 70 - па трансплантацыі ныркі, 127 - па трансплантацыі касцявога мозга. Зроблена ўжо тры перасадкі сэрца".
Разам з тым, адзначыў Прэзідэнт, для Беларусі вельмі вострай з'яўляецца праблема сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў. У структуры агульнай смяротнасці кожны сёмы памірае менавіта па прычыне анкалогіі. Перад Міністэрствам аховы здароўя пастаўлена задача сканцэнтраваць намаганні і існуючыя рэсурсы перш за ўсё на вырашэнні праблемы анкалогіі, прычым нават ва ўрон ужо будуемым затратным аб'ектам. "Тут нам патрэбны як сучаснае дыягнастычнае абсталяванне, так і найноўшыя, прарыўныя тэхналогіі лячэння", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Ужо дасягнута згода вядучых краін у гэтай галіне на перадачу тэхналогій у Беларусь па самаму нізкаму кошту.
Радасным Прэзідэнт назваў дасягненне адной з асноўных мэт дзяржавы і сістэмы аховы здароўя - забеспячэнне дадатнай дынамікі медыка-дэмаграфічных працэсаў, якая характарызуецца ростам нараджальнасці і скарачэннем натуральнага змяншэння насельніцтва. Трэба працаваць у напрамку зніжэння агульнай захваральнасці, сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, некаторыя сродкі масавай інфармацыі і асобныя так званыя палітычныя дзеячы спрабуюць спекуляваць на гэтай тэме і нагнятаюць у грамадстве нервовасць. "Гэта танны папулізм, яны павінны несці адказнасць за яго вынікі", - заявіў ён.
"Сусветны крызіс быў бы найменш балючым, а можа, не такім маштабным, калі б не пазіцыя сродкаў масавай інфармацыі. Але яе, гэту пазіцыю, фарміруюць самі лідэры пераважнай большасці дзяржаў, піяраць, раскручваюць, а хтосьці, можа, і замазвае свае карупцыйныя справы, якія спарадзілі ў тым ліку гэты крызіс", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вельмі важны псіхалагічныя настроі людзей, а сродкі масавай інфармацыі фарміруюць гэтыя настроі. Уключыце любы сусветны канал. Што вы там бачыце? Абвал, забастоўкі, бойкі, беспрацоўе, заўтра будзе горш і гэтак далей. МВФ адзін даў прагноз, учора другі, што будзе яшчэ горш. Гэта што, садзейнічае выхаду сусветнай эканомікі з фінансава-эканамічнага крызісу? Не", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.
"На першым плане па-ранейшаму застаецца забеспячэнне занятасці насельніцтва, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Магчыма, гэтыя меры будуць недзе нават і ва ўрон бягучай эканамічнай эфектыўнасці. Затое мы захаваем кадравы патэнцыял, які з'яўляецца для краіны самым значным рэсурсам".
Аднак гэта зусім не азначае, што прадпрыемствы ператвараюцца ў сацыяльныя прытулкі, дзе з літасці трымаць будуць абсалютна ўсіх, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Важна, каб у свядомасці трывала ўкаранілася разуменне: дзяржава ў адносінах да працаздольнага чалавека мае адзіны абавязак - стварыць умовы для таго, каб ён мог праявіць карысную ініцыятыву і зарабіць. "Але яна не абавязана яму плаціць зарплату за так. Не трэба блытаць заработную плату з сацыяльнай дапамогай", - перасцярог Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што некаторыя кіраўнікі прадпрыемстваў цяпер скардзяцца на цяжкасці са збытам, маўляў, цэны ўпалі на 25-30 працэнтаў. Аднак знізіліся і цэны на камплектуючыя і ўвозімую ў рэспубліку сыравіну. "Калі складальнікі ў сабекошце прадукцыі ўпалі ў разы, чаго скардзіцца?" - сказаў Прэзідэнт. Важнейшым паказчыкам з'яўляецца не цана, а сабекошт прадукцыі, які адлюстроўвае эфектыўнасць работы вытворчасці. Беларускія тавары запатрабаваны на знешнім рынку, але не варта чакаць, што пакупнікі самі прыедуць на завод і ўсё скупяць. Вытворцы павінны прасоўваць сваю прадукцыю. "Перастаньце плакаць. Крызісу ў Беларусі няма, трэба проста працаваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У эканамічных умовах, якія змяніліся, трэба гаспадарыць разумна, часам нестандартна, і галоўнае - эфектыўна. "Хачу папярэдзіць урад і губернатараў: рашэнні трэба прымаць, не сідзячы ў сваіх цёплых кабінетах, а трымаючы руку на пульсе канкрэтных суб'ектаў гаспадарання", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Але і кіраўнікі прадпрыемстваў не павінны мысліць па-даўнейшаму. "Мы будзем выкараняць узнікненне ўтрыманскіх настрояў у суб'ектаў гаспадарання", - падкрэсліў Прэзідэнт. У той жа час дзяржава падтрымае тыя прадпрыемствы, якія не спасавалі перад знешнімі складанасцямі і спрабуюць заняць новыя пазіцыі на ўнутраным і знешнім рынках.
Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу вызваліць бюджэт ад непасільных абавязацельстваў. Трэба не распыляць сродкі на малазначныя праекты, якія не прыносяць аддачы, аптымізаваць дзяржаўныя расходы. "Калі мною было дадзена даручэнне перагледзець расходную частку бюджэту, разумная карэкціроўка некаторых артыкулаў дала магчымасць зэканоміць амаль Br3 трлн.", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, залог доўгатэрміновага поспеху на гэтым напрамку - гарманізацыя стандартаў якасці з еўрапейскімі, сертыфікацыя беларускай прадукцыі па патрабаваннях ЕС, прыцягненне перадавых тэхналогій.
Таксама Аляксандр Лукашэнка лічыць важным нарошчваць супрацоўніцтва з ключавымі партнёрамі Беларусі на афра-азіяцкім напрамку - Кітаем, Індыяй, Іранам, В'етнамам, Рэспублікай Карэя, Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, актывізаваць узаемадзеянне з Егіптам, Сірыяй, Алжырам, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай. Больш сур'ёзна трэба працаваць з Японіяй, краінамі Персідскага заліва, Блізкага Усходу. Больш поўна і рэзультатыўна трэба выкарыстоўваць сувязі з эканомікамі такіх буйных краін, як Інданезія і Аўстралія, супрацоўніцтву з якімі пакуль што ўдзяляецца недастаткова ўвагі.
Прэзідэнт адзначыў, што ў мінулым годзе ў тры разы павялічыўся аб'ём беларускага экспарту ў Лацінскую Амерыку. "Устойлівасць нашай прысутнасці на рынках гэтага рэгіёну павінна быць забяспечана за кошт фарміравання, па ўзору работы ў Венесуэле, трывалых кааперацыйных сувязей, стварэння зборачных вытворчасцей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Яшчэ раз падкрэслю: асваенне новых замежных рынкаў збыту беларускай прадукцыі трэба разглядаць у якасці першараднай задачы", - дадаў ён.
"Я спакойна глядзеў на канец мінулага года і на першы квартал бягучага года, калі кіраўнікі і міністры мне дакладвалі, што вельмі складана сёння па такойсьці цане прадаць тавар, таму што ў мінулым годзе сыравіну яшчэ куплялі па вельмі высокай цане. Сёння цэны ўпалі. Таму такімі-сякімі таварамі ў наменклатуры даводзіцца гандляваць на страту. Я гэта прапускаў міма вушэй. І ўсіх папярэджваў: мы церпім квартал. З 1 красавіка на страту працаваць злачынна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Работа на страту - гэта заўтрашняя катастрофа. Гэта значыць, што заўтра не будзе грошай на ўзнаўленне, каб вырабляць новы тавар. Тое ж датычыцца і работы на склад", - адзначыў ён.
Прэзідэнт заявіў: "Я ўжо не раз гаварыў, што ўрад у цяперашніх умовах павінен стаць адным вялікім міністэрствам гандлю. Задача нумар адзін перад усімі прадпрыемствамі краіны - рэалізаваць свае тавары, работы, паслугі".
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на тое, што для мінімізацыі негатыўнага ўплыву крызісу трэба, з аднаго боку, больш актыўна знаходзіць новыя нішы для экспарту прадукцыі, умела і аператыўна манеўраваць цэнамі, але не на страту сабе, з іншага - больш актыўна напаўняць унутраны рынак сваёй прадукцыяй, каб "захаваць наш вытворчы патэнцыял і не выкідваць людзей на вуліцу".
"З году ў год мы гаворым адно і тое ж: беларускія экспарцёры павінны навучыцца новым формам работы з існуючымі і патэнцыяльнымі пакупнікамі. Я нават сказаў бы - агрэсіўным формам, як гэта робяць заходнія вытворцы. Пара ўжо не проста рэагаваць на спажывецкія густы, а фарміраваць іх", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, за пакупніка трэба змагацца, прапаноўваючы тавар высокай якасці па даступнай цане - сапраўды канкурэнтаздольны тавар. "Калі мы зможам даць спажыўцу такі тавар, тады ніякія палітычныя інструменты не змогуць стварыць бар'еры для выхаду беларускай прадукцыі на знешнія рынкі. Таму што яна будзе запатрабавана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама запатрабаваў у максімальнай ступені задзейнічаць уласныя тавараправодныя сеткі, дылерскія структуры, ствараць сэрвісныя цэнтры, выкарыстоўваць патэнцыял двухбаковых эканамічных камісій, забяспечваць больш актыўны і рэзультатыўны ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у міжнародных выстаўках, конкурсах, рэйтынгах, прымяняць даступныя механізмы прасоўвання тавараў на экспарт, у тым ліку экспартнае крэдытаванне, страхаванне, міжнародны лізінг.
Актуальнай задачай з'яўляецца пашырэнне рынкаў збыту беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі. "Мы поўнасцю забяспечваем харчовую бяспеку сваёй краіны. Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі ў СНД па вытворчасці важнейшых прадуктаў харчавання ў разліку на душу насельніцтва. Сёння гэта галіна становіцца прыярытэтнай у плане экспарту. Сельскагаспадарчыя арганізацыі рэальна могуць стаць самаакупнымі і прыбытковымі, калі навучацца ўмела і эканамічна выгадна гандляваць", - заявіў Прэзідэнт.
Выкараннне бюракратызму, чыноўніцкага высакамер'я і самавольства - адзін з важнейшых напрамкаў далейшага павышэння аўтарытэту ўлады ў Беларусі. "Праводзімая намі дэбюракратызацыя прадугледжвае прымяненне такіх форм і метадаў дзейнасці, якія даюць магчымасць аператыўна прыняць рашэнні, што максімальна ўлічваюць законныя інтарэсы грамадзян, стварыць камфортнае жыццё для нашых людзей. Адзін з важных складальнікаў у пабудове сапраўднай дзяржавы для народа - павышэнне эфектыўнасці работы са зваротамі грамадзян", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён канстатаваў, што ў Беларусі створана адпаведная сістэма работы, аднак і яна дапускае збоі, маюць месца шматлікія факты фармальнага стаўлення да зваротаў людзей, ды і проста бяздушных адпісак. Прычым большасць парушэнняў адбываецца на пярвічным узроўні - у сельскіх, раённых, гарадскіх выканкамах і ў арганізацыях, якія непасрэдна займаюцца абслугоўваннем насельніцтва.
"Недапушчальна, каб прыёмная якой бы там ні было арганізацыі ператваралася ў непрыступны "парадны пад'езд", да якога простаму чалавек нават не падысці. Няўважлівае стаўленне, раўнадушнасць і хамства ў рабоце з людзьмі могуць перакрэсліць любыя нашы дасягненні", - рэзюмаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Цяпер праводзіцца работа па ўдасканаленню кантрольнай і нагляднай дзейнасці. Распрацоўваецца нарматыўны прававы акт кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт папрасіў улічыць пры яго падрыхтоўцы, што Беларусі неабходна сістэма кантролю, якая не падаўляе развіццё дзелавога клімату ў краіне.
"Праверачныя мерапрыемствы павінны мець не карны, а папераджальны характар. Людзі не павінны баяцца займацца бізнесам. Яны павінны баяцца весці яго незаконна і несумленна! У такіх выпадках спагнанне будзе самае строгае. Гэта прынцып цывілізаванай лібералізацыі: свабода, калі ты добрасумленны ўдзельнік рынку, і адказнасць за парушэнне ўстаноўленых правіл гульні, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Аб гэтым мы заўсёды сумленна заяўлялі і сваім, і замежным інвестарам. І няхай ніхто не спекулюе на надуманых супярэчнасцях па лініі ўлада - бізнес. Нічога падобнага няма! Калі і ўзнікаюць спрэчныя моманты, гэта або эканамічныя злоўжыванні асобных прадстаўнікоў бізнесу, або адміністрацыйнае самавольства некаторых чыноўнікаў, якія ўявілі сябе ўдзельнымі князькамі. І з тымі, і з другімі разбіраемся ў адпаведнасці з заканадаўствам. Але няма падстаў ператвараць разрозненыя сітуацыі ў глабальную праблему".
"Найважнейшымі напрамкамі далейшага павышэння аўтарытэту ўлады лічу, па-першае, барацьбу з карупцыяй. Яна будзе весціся бязлітасна, пакуль гэта зло мае месца ў нашай краіне", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, апошняя амністыя недвухсэнсава паказвае, што карупцыянеры могуць і не марыць аб прымяненні да іх гуманных мер з боку дзяржавы. "Як гаворыцца, ведалі, на што ішлі. Мы не дапусцім, каб чыноўнікі ў цэнтры і на месцах сваімі дзеяннямі, сумніўнымі паводзінамі падрывалі аўтарытэт улады. Можна схаваць свае грашкі ад начальства, але ад людзей нічога ўтаіць нельга. Калі кіраўнік адарваўся ад народа або проста на руку нячысты, вельмі хутка гэта становіцца вядома ўсім", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што, на жаль, існуе нямала выпадкаў злоўжыванняў службовым становішчам з боку розных чынуш і гора-кіраўнікоў. "Гэта хабарніцтва, казнакрадства, аб чым пастаянна інфармуюць крымінальныя зводкі. Некаторыя кіраўнікі імкнуцца шыкануць за дзяржаўны кошт: іх арганізацыі ў даўгах як у шаўках, а яны закупляюць легкавыя аўтамабілі, аўтобусы, робяць дарагія еўрарамонты службовых кабінетаў, арганізоўваюць пышныя банкеты. Такія панскія замашкі на фоне заклікаў, што гучаць з усіх трыбун, да эканоміі і зацягвання паясоў асабліва абураюць людзей. Гэтак жа, як і злоўжыванні са звальненнямі работнікаў па надуманых асобасных матывах, калі назначаемыя новыя кіраўнікі арганізацый прыводзяць з сабой "хвост" са сваякоў і прыяцеляў, мяняючы пад сябе існуючыя працоўныя калектывы", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, улада ў Беларусі мае вялікі і самы значны рэсурс - крэдыт даверу людзей, які неабходна аддаваць кожны год з усё большымі працэнтамі. "Паўтара дзесятка гадоў таму людзі ў нас паверылі, пайшлі за намі, гатовыя да любых цяжкасцей і выпрабаванняў. Увесь гэты час улада была разам з народам, жыла яго інтарэсамі і клопатамі, старалася эфектыўна вырашаць узнікаючыя праблемы. Гэта формула ўзаемаадносін, своеасаблівы сацыяльна-палітычны кантракт, застаецца нязменнай! І патрабаванне з дзяржаўных органаў за яе выкананне будзе толькі ўзрастаць", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.
"Я апошні раз папярэджваю ўрад, каб нарэшце стварылі ў краіне нармальную сістэму фінансавай справаздачнасці і вядзення бухгалтарскага ўліку. Няўжо вы не бачыце, што яна проста адпужвае дзелавых людзей! Ужо з наступнага года праблем у гэтай сферы быць не павінна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама затрабаваў, каб Урад да канца бягучага года прывёў стандарты і нормы праектавання і будаўніцтва ў адпаведнасць з прымяняемымі ў міжнароднай і еўрапейскай практыцы.
"І гэта не завоблачныя планы. Неабходна толькі адэкватна часу і сітуацыі ўздзейнічаць на працэсы рэгіянальнага развіцця, выкарыстоўваючы ў першую чаргу інавацыйныя і рыначныя механізмы, прадпрымальніцтва, ініцыятыву насельніцтва і грамадска-палітычныя інстытуты", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Мясцовыя органы кіравання абавязаны гібка і аператыўна рэагаваць на ўзнікаючыя цяжкасці. Складанасці, якія з'яўляюцца на асобных прадпрыемствах у сувязі з магчымым скарачэннем вытворчай дзейнасці, не павінны трансфармавацца ў праблемы цэлых рэгіёнаў, падкрэсліў беларускі лідэр. "У цяперашніх эканамічных умовах усе, пачынаючы ад Савета Міністраў і да сельскіх выканкамаў, абавязаны забяспечыць прагназаванне сацыяльных наступстваў эканамічных праблем на канкрэтных тэрыторыях і ў канкрэтных калектывах", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць загадзя адпрацоўваць магчымыя апераджальныя варыянты па пераадоленню негатыўных з'яў у працоўных калектывах прадпрыемстваў, дзе ў наяўнасці нестабільная эканамічная сітуацыя, ініцыіраваць вырашэнне сацыяльных пытанняў іх работнікаў, у выпадку неабходнасці - прымаць рашэнні па радыкальнаму змяненню статусу асобных прадпрыемстваў і віду іх дзейнасці.
Прэзідэнт запатрабаваў, каб мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы не займалі пазіцыю пабочнага назіральніка і адносна праблем прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці, якія знаходзяцца на падведамных тэрыторыях. "Калі бачыце, што наспявае праблема, то не самаўхіляйцеся ад яе вырашэння. Не пакідайце ўсе пытанні на водкуп гаспадароў прадпрыемстваў - будуць гэта рэспубліканскія арганізацыі або прыватнікі. Там працуюць нашы людзі, і іх праблемы - гэта нашы агульныя праблемы", - сказаў беларускі лідэр.
"Прамываць мазгі людзям, як раней, - неразумна, тупа і недапушчальна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Часта шмат і пафасна гаворыцца аб ідэалогіі. Вучоныя ламаюць галовы, які тэрмін больш правільна выкарыстоўваць - "ідэалогія беларускай дзяржавы" або "беларуская дзяржаўная ідэалогія". Дык хіба справа ў назве?" - адзначыў Прэзідэнт.
Ідэалагічная работа павінна быць цесна звязана з паўсядзённым жыццём людзей, з праблемамі, якімі жыве краіна. "Часам будаўніцтва агароджы ў вёсцы ў адзінога старога можа быць наймацнейшай ідэалагічнай акцыяй. А запланаванае мерапрыемства з гучнай назвай - закончыцца правалам", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Нярэдка ідэалагічная работа зводзіцца да фармальнага распаўсюджвання інфармацыі. "Атрымаў які-небудзь ідэалагічны работнік матэрыялы, сабраў людзей на мерапрыемства, зачытаў гэтыя паперы і лічыць, што справа зроблена. Гэта чысты фармалізм і прафанацыя! Такой ідэалагічнай работай лепш не займацца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"У сучасных умовах неабходны новыя падыходы да тэрытарыяльнай і прафесійнай мабільнасці насельніцтва. Трэба больш шырока прымяняць існуючую сусветную практыку ўнутранай міграцыі насельніцтва. Садзейнічаць грамадзянам, у тым ліку і беспрацоўным, членам іх сем'яў у пераездзе на новае месца жыхарства і ўладкаванні на работу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. "Трэба як на Захадзе, а не так, як сёння, калі мы бяжым за кожным чалавекам і ствараем яму рабочае месца. Трэба, каб сам чалавек імкнуўся да рабочага месца там, дзе яно існуе. Мы яму толькі дапамагаць у гэтым павінны", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў неабходнасць паслядоўна замацоўваць працоўныя рэсурсы ў сельскай мясцовасці, малых гарадах і паселішчах гарадскога тыпу. "Але для гэтага павінны быць створаны ўмовы, якія забяспечваюць прывабнасць пераезду з прывычнага месца жыхарства", - адзначыў беларускі лідэр. Ураду, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам трэба выпрацаваць комплексныя мерапрыемствы ў гэтым напрамку.
У вырашэнні ўсіх названых задач істотна ўзрастае роля органаў мясцовага самакіравання. "Іх сфера дзейнасці - паўсядзённыя пытанні жыццядзейнасці людзей, умелая арганізацыйна-гаспадарчая работа, а не местачковае палітыканства і тым больш не процістаянне цэнтральным органам улады", - сказаў Прэзідэнт.
Сугучнай часу стане арганізацыя ўдзелу Саветаў у распрацоўцы гаспадарчых праектаў, падтрымцы эканамічнай ініцыятывы і самазанятасці насельніцтва, перакананы Аляксандр Лукашэнка. "Выкарыстоўвайце рэсурс саветаў ветэранаў, саюзаў спажыўцоў, таварыстваў садаводаў, іншых форм арганізацый грамадскасці", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.
Некаторыя думаюць, што, лібералізуючы эканоміку, у Беларусі будуць стварацца ўмовы для змянення цяпер дзеючага ладу, сказаў Кіраўнік дзяржавы. "Мы зробім усё для таго, каб абараніць народ, каб улада была моцная і праводзіла камфортную палітыку для народа", - падкрэсліў ён.
"Калі нехта думае, што не кіем, дык палкай тут пераварушыць і перавярнуць - не атрымаецца, на гэта, адразу вам гавару, не настройвайцеся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што ў той жа час Беларусь адкрыта да супрацоўніцтва з "любым грамадствам і любымі людзьмі".
"У гэтым годзе мы чакаем атрымання большай рэальнай аддачы ад навуковых і навукова-тэхнічных праграм, выкананне якіх павінна ў значнай меры садзейнічаць павелічэнню вытворчасці і збыту прадукцыі", - сказаў ён.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, трэба задзейнічаць канкурэнтныя перавагі Беларусі, рэалізоўваць усе без выключэння магчымасці для паскоранага пераходу да інавацыйнай і навукаёмістай эканомікі, паколькі навука і тэхналогія на сучасным этапе прадвызначаюць мадэрнізацыю краіны.
"Трэба яшчэ больш актыўна ўкараняць эфектыўныя формы арганізацыі даследаванняў, развіваць інавацыйную інфраструктуру, уключаючы рынак аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт. Пэўныя крокі ў гэтым напрамку ўжо зроблены, ствараюцца навукова-практычныя цэнтры. "Падпарадкаванне дзейнасці навукова-тэхнічнага персаналу адзіным практычным мэтам, комплексная распрацоўка навуковых, тэхнічных, тэхналагічных пытанняў, што вырашаюцца ў рамках адзінага прадпрыемства, - гэта той шлях, па якім развіваецца навукова-тэхнічны прагрэс найбольш перадавых краін свету", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама дадаў, што фінансаванне інавацый не павінна абмяжоўвацца бюджэтам. Трэба больш актыўна прасоўваць ідэю стварэння венчурных кампаній, прыцягваць сродкі замежных і айчынных інвестараў, распрацоўваць умовы страхавання інавацыйнай дзейнасці, але галоўнае - павысіць эфектыўнасць выкарыстання ўсіх відаў капітальных укладанняў. "У навуцы, як і ў любой іншай дзейнасці, не павінна быць даўгабуду і транжырства", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер якасна трансфармуецца танальнасць дыялога Беларусі з Бруселем і іншымі еўрапейскімі сталіцамі. Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што "мы ніколі не прызнавалі іншых форм кантактаў, акрамя як заснаваных на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемапавагі".
Аляксандр Лукашэнка шчыра сказаў, што "нашы адносіны з Еўропай нельга сёння назваць простымі, але не мы іх зрабілі такімі, і не нам адным іх выпраўляць". Гэта працэс двухбаковы, дадаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што для Беларусі выключна важна значная актывізацыя ўзаемаадносін з Еўрапейскім саюзам, які застаецца адным з асноўных спажыўцоў беларускага экспарту. У сваю чаргу ў Еўропе ёсць новыя тэхналогіі, інвестыцыі, каласальны інтэлектуальны патэнцыял - усё тое, што трэба для садзейнічання эканамічнай мадэрнізацыі Беларусі. Да таго ж Еўрасаюз - наш сусед, з якім самая працяглая агульная граніца.
Поўны тэкст стэнаграмы Паслання глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |