Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 16 лістапада падпісаў Указ № 543, якім уносяцца дапаўненні і змяненні ва Указ ад 29 лістапада 2005 г. № 565 "Аб некаторых мерах па рэгуляванню жыллёвых адносін".
У прыватнасці, выключаецца неабходнасць засялення ў месячны тэрмін свабодных жылых памяшканняў, прызначаных для адсялення грамадзян з жылых дамоў, што падлягаюць зносу, а таксама павялічваецца да двух месяцаў тэрмін засялення жылых дамоў, пабудаваных у сельскай мясцовасці за кошт бюджэтных сродкаў і льготных крэдытаў.
На улік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў не могуць быць прыняты грамадзяне, забяспечаныя агульнай жылой плошчай больш як 15 кв.м на чалавека. Гэта мера датычыцца членаў сям'і ўласніка жылога памяшкання (маюць роўныя з уласнікам правы карыстання займаемым жылым памяшканнем), наймальніка жылога памяшкання сацыяльнага карыстання і членаў яго сям'і, іншых грамадзян, якія прэтэндуюць быць прынятымі на такі ўлік. Пры прыняцці грамадзян на ўлік разлік забяспечанасці агульнай плошчай будзе вызначацца, зыходзячы з сумы плошчы ўсіх жылых памяшканняў, што знаходзяцца ва ўласнасці або карыстанні грамадзяніна і членаў яго сям'і, якія пражываюць сумесна ў населеным пункце па месцы прыняцця на ўлік, а не толькі тых членаў сям'і, з якімі ён прымаецца на ўлік, як прадугледжана цяпер.
Выключаецца магчымасць паўторнага будаўніцтва жылля на льготных умовах, устаноўленых для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, грамадзянамі, якія пабудавалі жылое памяшканне на такіх умовах і займаюць яго на падставе дагавора найму, арэнды, бязвыплатнага карыстання, але не рэгіструюць права ўласнасці на гэта памяшканне.
Удакладнены таксама правілы прыняцця на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў асоб без пэўнага месца жыхарства.
Пры падзеле чаргі паўналетнія члены сям'і будуць прымацца на асобны ўлік не з даты нараджэння, як было раней, а з даты надыходу паўналецця.
Унесены таксама змяненні ў палажэнні, што датычацца пражывання ў жылых памяшканнях спецыяльнага службовага жыллёвага фонду. Так, грамадзянам, якія пражываюць у жылых памяшканнях спецыяльнага службовага жыллёвага фонду і не маюць ва ўласнасці (карыстанні) іншых жылых памяшканняў, прадастаўлена права быць прызнанымі маючымі патрэбу ў паляпшэнні жылёвых умоў. Акрамя таго, грамадзянам, якія адпрацавалі больш як 5 гадоў у дзяржаўных органах, размешчаных у адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках, у межах якіх ёсць зоны наступнага адсялення і зоны з правам на адсяленне, - права быць прынятымі на ўлік маючых патрэбу ў любым мясцовым выканаўчым і распарадчым органе ў межах адпаведнай вобласці.
Уведзены пяцігадовы тэрмін абмежавання прыняцця на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў грамадзян, якія пагоршылі свае жыллёвыя ўмовы шляхам пераводу жылога памяшкання, што належыць ім, у нежылое. Для выключэння злоўжыванняў такая норма ўведзена і адносна грамадзян, якія зарэгістраваны ў населеных пунктах Мінскага раёна (у дамах прыватнага жыллёвага фонду па дагавору найму) і прэтэндуюць быць прынятымі на ўлік маючых патрэбу па месцы такой рэгістрацыі.
Пры пераводзе грамадзяніна на работу ў іншую арганізацыю ўводзіцца абмежаванне тэрміну падачы заявы аб прыняцці на ўлік маючых патрэбу па новым месцы работы з даты прыняцця на такі ўлік па ранейшым месцы работы (заява павінна быць пададзена не пазней як за 6 месяцаў з дня паступлення на работу).
Павялічваецца з двух да шасці месяцаў тэрмін прадастаўлення жылых памяшканняў дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, пры дасягненні імі паўналецця, якія не маюць ва ўласнасці або ў карыстанні жылых памяшканняў або не могуць быць уселены ў жылое памяшканне, з якога выбылі (да прадастаўлення жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання такія дзеці будуць забяспечвацца жылым памяшканнем у інтэрнатах).
Сем'ям, якія маюць дзяцей-інвалідаў, прадастаўляецца права на атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання без уліку даходаў.
Тэрмін карыстання сацыяльным жыллём працаздольнымі паўналетнімі членамі сям'і наймальніка ў выпадку выезду наймальніка на пастаяннае пражыванне ў іншае жылое памяшканне або яго смерці павялічваецца да 10 гадоў (цяпер 3 гады).
Прадугледжана захаванне права карыстання жылым памяшканнем сацыяльнага карыстання для працаздольных членаў сям'і памерлага наймальніка, якому гэта жылое памяшканне было прадастаўлена да ўступлення ў сілу Указа ад 29 лістапада 2005 г. № 565, калі пры атрыманні гэтага жылля наймальнік зрабіў адчужэнне мясцовым выканаўчым і распарадчым органам або іншым дзяржаўным арганізацыям, якія прадаставілі яму жылое памяшканне, прыналежнае яму на праве ўласнасці, не толькі на бязвыплатнай, але і на платнай аснове.
Уключэнне жылых памяшканняў у склад службовых жылых памяшканняў рэспубліканскага жыллёвага фонду будзе ажыццяўляцца па рашэнню мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў (цяпер гэта адносіцца да кампетэнцыі Кіраўніка дзяржавы). Выключэнне службовага жылля са складу жыллёвага фонду па ранейшаму будзе ажыццяўляцца па рашэнню Прэзідэнта Беларусі.
У выпадку выезду наймальніка службовага жылога памяшкання для пражывання ў іншы населены пункт або іншае жылое памяшканне ў гэтым населеным пункце члены яго сям'і (былыя члены сям'і) страчваюць права карыстання службовым жыллём і падлягаюць высяленню без прадастаўлення іншага жылога памяшкання.
Вызначаны вычарпальны пералік катэгорый грамадзян, якія маюць права на пазачарговае або першачарговае атрыманне жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання, службовага жылля, жылых памяшканняў у інтэрнатах.
Указ уступае ў сілу ў трохмесячны тэрмін пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |