"Славянскі базар у Віцебску" - нацыянальная гордасць беларусаў, сімвал адкрытасці і гасціннасці беларускай зямлі і народа. Аб гэтым заявіў 10 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі адкрыцця XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
"У свеце ёсць знакавыя падзеі, такія як, напрыклад, Алімпійскія гульні, сусветныя кінафестывалі, якія сталі сімваламі найвышэйшых дасягненняў у спорце і мастацтве. Лічу, дастойнае месца ў гэтым шэрагу займае і наш фестываль мастацтваў "Славянскі базар", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў сярэдзіне 90-х, калі ўсё вакол разбуралася, рваліся векавыя сувязі, тут, на віцебскай зямлі, зацепліўся агеньчык сапраўднага мастацтва, шчырай творчасці, дружбы і брацкай згоды.
На думку Прэзідэнта, "за плячамі ў "Славянскага базару" ўжо вельмі сур'ёзныя вынікі": калі ў першым фестывалі прымалі ўдзел усяго каля 200 чалавек з Беларусі, Расіі і Украіны, то ў бягучым годзе ў Віцебск з'ехаліся звыш 5,5 тыс. гасцей з больш як 30 дзяржаў Еўропы, Азіі, Паўднёвай Амерыкі.
"Але галоўнае дасягненне - гэта, вядома, вялікая любоў артыстаў і гледачоў", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Адной з асаблівасцей фестывалю Аляксандр Лукашэнка лічыць аўру свята, якое змяняе жыццё Віцебска. "Горад становіцца сапраўднай культурнай сталіцай славянскага свету і ўжо не толькі яго", - сказаў Прэзідэнт.
На яго думку, сакрэт поспеху віцебскага форуму і яго асаблівая магія перш за ўсё ў тым, што "Славянскі базар" мае сваё непаўторнае аблічча, самабытныя традыцыі, якія, як магніт, прыцягваюць да сябе людзей.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнія гады на постсавецкай прасторы з'явілася шмат разнастайных фестываляў і эстрадных шоу. "Аднак складаецца ўражанне, што яны робяцца па шаблоне, у пагоні за гламурнасцю страчваюць арыгінальнасць, не закранаюць сэрцы людзей", - сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" аб'яднаў хараство старадаўняй славянскай культуры з рытмамі і энергетыкай сучаснай цывілізацыі.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для віцебскага фестывалю прыярытэтамі заўсёды былі не камерцыйная цікавасць і піяр, а свабода творчасці і падтрымка людзей мастацтва, незалежна ад капрызаў зменлівай музычнай моды.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што сапраўдны талент не можа быць адштампаваны на фабрычным канвееры.
"Асноўнай адметнасцю "Славянскага базару" з самага пачатку было ўменне адкрыць і падтрымаць сапраўдны талент. Вельмі прыемна чуць, калі нашы госці гавораць аб тым, што менавіта "Славянскі базар" з'яўляецца магутным стымулам для развіцця нацыянальных культур блізкіх і далёкіх краін, чые прадстаўнікі лічаць за гонар выступіць на сцэне Летняга амфітэатра", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўручыў народнаму артысту Расіі Валерыю Лявонцьеву спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення".
Валерый Лявонцьеў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ўзнагароду. Паводле слоў народнага артыста, "Славянскі базар у Віцебску" ператварыўся ў выдатную традыцыю, і гэта традыцыя стала сапраўды народным святам.
У час знаходжання ў ложы амфітэатра Прэзідэнт Беларусі паразмаўляў з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Расіі Сяргеем Нарышкіным. |