Рэалізацыя Беларуссю і Венесуэлай сумесных праектаў прынясе дзвюм краінам не толькі добры эканамічны эфект, але і дасць магчымасць істотна рушыць наперад у асваенні рынкаў Лацінскай Амерыкі ў цэлым. Упэўненасць у гэтым выказаў 2 ліпеня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Міністрам энергетыкі і нафты Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Рафаэлем Рамірэсам.
Візіт венесуэльскага госця ў Мінск адбыўся ў працяг існуючых кантактаў паміж дзвюма краінамі.
"Прашу перадаць маю ўдзячнасць Прэзідэнту Венесуэлы за аператыўнасць і абавязковасць яго дзеянняў. І нядаўні візіт да нас віцэ-прэзідэнта Венесуэлы, і тое, што Вы (літаральна праз невялікі прамежак часу) па даручэнню венесуэльскага кіраўніцтва прыбылі для вырашэння існуючых пытанняў, - усё гэта сведчыць аб тым, што Венесуэла мае сур'ёзны намер паглыбляць адносіны з Беларуссю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Рафаэля Рамірэса.
Прэзідэнт выказаў поўную ўпэўненасць, што "тыя планы, якія Беларусь і Венесуэла абазначылі, будуць рэалізаваны".
"Гэта нават не пытанне беларуска-венесуэльскіх адносін. Гэта пытанне нашага сумеснага з Венесуэлай руху наперад у Лацінскай Амерыцы. Я хачу падкрэсліць: менавіта з вашай краінай, паколькі паасобку нам будзе там вельмі складана. І тым самым мы можам прадэманстраваць нашы магчымасці, паказаць іншым краінам Лацінскай Амерыкі, што можна супрацоўнічаць і з сярэднімі, і з малымі дзяржавамі, і мець той жа эфект, што атрымліваецца ад супрацоўніцтва з такімі гігантамі, як ЗША і іншыя", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў значнасць такога ўзаемадзеяння для Беларусі і Венесуэлы. "Ад гэтага мы будзем мець добры эфект у сферы фінансаў і эканомікі", - дадаў ён.
Рафаэль Рамірэс перадаў Аляксандру Лукашэнку цёплыя словы прывітання ад Уга Чавеса. "Мы прыляцелі сюды з дзелавым візітам. Пасля візіту ў Мінск Віцэ-прэзідэнта Венесуэлы Рамона Карысалеса ў нас з'явіўся цэлы шэраг тэм, якія маюць патрэбу ў далейшай прапрацоўцы. Таму Прэзідэнт Венесуэлы даручыў мне паехаць у Беларусь для таго, каб абмеркаваць існуючыя пытанні. Мы задаволены, паколькі вынікі абнадзейлівыя. Як і заўсёды, цяперашнія сустрэчы далі магчымасць яшчэ больш паглыбіць наша супрацоўніцтва", - сказаў Рафаэль Рамірэс.
На сустрэчы абмяркоўваліся канкрэтныя магчымасці пашырэння супрацоўніцтва дзвюх краін у прамысловасці, у эканамічнай і навукова-тэхнічнай сферах, у энергетыцы. Плануецца, што Беларусь у бліжэйшы час пашырыць сваю прысутнасць у энергетычным сектары Венесуэлы. Як чакаецца, будзе павялічаны аб'ём сумеснай здабычы нафты, з'явяцца яшчэ некалькі новых праектаў у энергетыцы, актывізуецца работа беларускіх спецыялістаў па сейсмаразведцы на венесуэльскай тэрыторыі.
У 2008 годзе тавараабарот Беларусі з Венесуэлай у параўнанні з 2007 годам павялічыўся на 298 працэнтаў за кошт росту экспарту і склаў $173,3 млн. Беларускі экспарт узрос больш як на 305 працэнтаў, дасягнуўшы $173,1 млн. Імпарт склаў $147 тыс. (знізіўся ў 6 разоў). Сальда для Беларусі склалася дадатнае ў памеры больш як $172 млн.
У студзені-красавіку 2009 года беларускі экспарт у Венесуэлу ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года падвоіўся.
У Венесуэлу пастаўляюцца калійныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі, трактары, аўтамабілі спецыяльнага прызначэння, тапаграфічныя прыборы і інструменты, прычэпы і паўпрычэпы, шыны, дарожная тэхніка, сельскагаспадарчыя машыны для апрацоўкі глебы, сухое малако. У структуры імпарту асноўную долю складае кава. |