Дзяржава зацікаўлена ў прыцягненні прыватнага бізнесу да рэалізацыі беларускай прадукцыі за мяжой. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка сёння ў час даклада Прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага аб ходзе выканання даручэнняў Кіраўніка дзяржавы.
"Давайце актывізуем нашых бізнесменаў, папросім іх дапамагчы рэалізаваць запасы прадукцыі, - сказаў Прэзідэнт. - Прадпрымальнікі маглі б істотна дапамагчы. Але мы да цяперашняга часу гэтага не зрабілі - урад не чуе таго, аб чым я гавару".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў бліжэйшы час будуць прыняты меры па самаму пільнаму кантролю за выкананнем яго даручэнняў. "Перш за ўсё гэта датычыцца рэалізацыі прадукцыі, якая сёння накоплена на складах", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Я не сказаў бы, што праблемы са збытам маюць нейкі абвальны, крытычны характар, але тое, што гэта недапушчальны ўзровень, - гэта факт", - дадаў ён.
Каменціруючы прапановы аб аказанні бюджэтнай падтрымкі, што паступаюць з боку Урада і некаторых кіраўнікоў прадпрыемстваў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Бюджэт не разлічаны на тое, каб аказваць масіраваную падтрымку тым прадпрыемствам, якія павінны зарабляць самі. Гэта аксіёма". "У гэтым плане будзе штотыднёвы кантроль за дынамікай рэалізацыі прадукцыі, і, аналізуючы яе, мы ўбачым, хто як працуе", - дадаў ён.
"У нас вельмі доўга вырашаюцца тыя пытанні, якія ставяць перада мною і перад Урадам нашы бізнесмены, кіраўнікі прадпрыемстваў, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Тэрміны зацягваюцца, і насцярожвае тое, што гэта адбываецца тады, калі некаторыя задачы трэба выканаць ужо на працягу сутак".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў жаданне выслухаць меркаванне старшыні агульнага сходу акцыянераў ЗАТ "Белтэхэкспарт" Уладзіміра Пефтыева, які прысутнічаў на дакладзе.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта не апошняя яго сустрэча з прадстаўнікамі бізнесу: "Трэба размаўляць з нашымі прадпрымальнікамі, якія могуць у гэтай сітуацыі дапамагчы з прасоўваннем прадукцыі на традыцыйныя і нетрадыцыйныя рынкі".
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад Урада прадаставіць інфармацыю аб выкананні яго даручэння па інвестпраектах, у прыватнасці па забудове квартала ў раёне вуліцы Макаёнка.
Прэзідэнт нагадаў, што, у адпаведнасці з планамі беларуская будаўнічая галіна павінна быць поўнасцю пераведзена на еўрапейскія стандарты да 1 студзеня 2010 года. "Калі мы гэта выканаем, то гэта будзе сапраўдны прарыў для краіны, - падкрэсліў ён. - Таму што мы на будаўнічую галіну мы ўскладаем каласальныя надзеі: будаўніцтва - гэта лакаматыў, які выцягне эканоміку з крызісу". "Але для гэтага будаваць трэба так, як належыць, каб гэта было незатратна, па-гаспадарску", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўзняў пытанне аб дзейнасці Савета па прадпрымальніцтве пры Прэзідэнце. "Час гэты савет як мае быць узварухнуць, - сказаў ён. - Кіраўнікі і члены гэтай структуры павінны быць больш актыўнымі, каб краіна магла атрымліваць рэальную карысць ад яе работы".
У час даклада былі разгледжаны таксама перспектывы рэалізацыі праектаў агульным коштам да $1 млрд., звязаных з развіццём інфраструктурных сістэм Беларусі і горада Мінска, у тым ліку ў сувязі з маючым адбыцца чэмпіянатам свету па хакеі, які прыме беларуская сталіца ў 2014 годзе. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнні аб узаемадзеянні прыватнага бізнесу і дзяржавы для эфектыўнага вырашэння абазначаных задач. Такое супрацоўніцтва будзе будавацца на дзяржаўных гарантыях па выдзяленні льготных крэдытаў, у тым ліку з прыцягненнем замежнага капіталу. |