Беларусь шчыра хоча пабудаваць з Еўрапейскім саюзам добрыя адносіны, заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня на сустрэчы ў Мінску з камісарам ЕС па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра-Вальднер.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды быў прыхільнікам адкрытай палітыкі, і прапанаваў правесці "абсалютна сумленную і шчырую размову". "Апошнім часам у ЕС ёсць палітыкі, якія лічаць, што Лукашэнка вядзе нейкую гульню з Еўропай, што ён такі-сякі і нічога не збіраецца мяняць у краіне і ў адносінах з Еўропай. За ўсе свае гады прэзідэнцтва я ніколі не дазваляў сабе паводзіць сябе несумленна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Можа, я не падобны на дыпламата, але я лічу, што палітыка павінна мець адкрыты характар. Нават калі табе сёння гэта нявыгадна, трэба сказаць праўду, таму што праз некаторы час усё роўна адкрыецца хлусня і з сітуацыі выходзіць будзе вельмі складана".
Звяртаючыся да Беніты Ферэра-Вальднер, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гатовы адказаць на ўсе пытанні, "нават калі гэта будуць вельмі няёмкія пытанні".
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь хацела б выбудаваць нармальныя адносіны з Еўрасаюзам, паколькі Еўропа з'яўляецца суседам Беларусі, на краіны ЕС прыпадае палавіна тавараабароту, да таго ж гандлёвае сальда для Беларусі складаецца дадатнае. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Еўрасаюз вельмі тэхналагічны, а Беларусь мае высокатэхналагічную эканоміку, і таму без супрацоўніцтва з ЕС наша краіна не можа далей развіваць сваю эканоміку. "Чаго мы хочам ад Еўропы? Каб еўрапейцы разумелі, што Беларусь - не толькі геаграфічны цэнтр гэтага кантынента, тут жывуць вельмі прыстойныя, сумленныя, працавітыя людзі, тут існуе незалежная суверэнная дзяржава, і замахвацца на гэта, як бы некаму ні хацелася, мы дазволіць не можам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, супрацоўніцтва з ЕС для нашай краіны мае значэнне таксама ў крэдытна-фінансавай сферы.
Гаворачы аб тым, што Беларусь можа прапанаваць са свайго боку Еўропе, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта не толькі яе геаграфічнае становішча на скрыжаванні транспартных магістралей, яе транзітныя магчымасці, але і пытанні забеспячэння бяспекі. "Мы злучальнае звяно паміж Еўрапейскім саюзам і Расійскай Федэрацыяй, - сказаў Прэзідэнт. - Праз тэрыторыю Беларусі праходзяць асноўныя нафтавыя і газавыя артэрыі, аўтамабільныя і чыгуначныя шляхі, прычым усё гэта знаходзіцца ў добрым стане, лепшым, чым у нашых суседзяў".
Акрамя таго, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Беларусь ніколі не мела нараканняў з боку Еўропы наконт таго, што яна не забяспечвае асноўныя элементы бяспекі ЕС. Наша краіна актыўна змагаецца з нелегальнай міграцыяй, наркатрафікам, перавозкай радыеактыўных матэрыялаў. Акрамя таго, у рэспубліцы абсалютна стабільная абстаноўка: няма міжканфесіянальных і нацыянальных канфліктаў. На думку Прэзідэнта, "гэта стварае тую аснову, на якой Беларусь і Еўрасаюз могуць будаваць свае адносіны".
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Беніце Ферэра-Вальднер за тое, што, нягледзячы на шчыльны графік работы, яна прыехала ў Беларусь. Ён таксама падкрэсліў, што ад гэтай сустрэчы залежыць вельмі шмат. "Мы шчыра жадаем, хоць камусьці гэта не падабаецца, пабудаваць з вамі добрыя адносіны", - запэўніў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Беніта Ферэра-Вальднер звярнула ўвагу на тое, што яна з'яўляецца першым камісарам ЕС, які знаходзіцца з візітам у Беларусі. На яе думку, гэты візіт мае сімвалічнае значэнне і сведчыць аб наяўнасці патэнцыялу, які існуе ў адносінах Беларусі і Еўрасаюза.
Як падкрэсліла камісар ЕС, Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні еўрапейскіх дарог, а таму наша ўзаемадзеянне павінна быць "вуліцай з двухбаковым рухам".
Беніта Ферэра-Вальднер нагадала, што краіны ЕС звярнуліся да Беларусі з просьбай выканаць "шэраг пажаданняў", некаторыя з іх былі выкананы. "Тыя захады, якія вы зрабілі, далі магчымасць еўрапейцам пераасэнсаваць падыход да вашай краіны, - адзначыла яна. - Калі будзе жаданне з вашага боку, то будзе гатоўнасць і з нашага наладжваць супрацоўніцтва". Камісар ЕС падкрэсліла таксама, што Еўрасаюз паважае суверэнітэт Беларусі, ведае яе гісторыю і разумее, як складана быць мостам паміж Усходам і Захадам. |