Беларусь на чэрвеньскай сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ агучыць свае ініцыятывы па ўдасканаленні дзейнасці арганізацыі. Аб гэтым 5 чэрвеня ў ходзе сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Камітэта сакратароў саветаў бяспекі дзяржаў - членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, рашэнні чэрвеньскага Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у Маскве вызначаць будучае аблічча арганізацыі. "Гэта пасяджэнне Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ - важны этап падрыхтоўкі да маючай адбыцца сесіі Савета калектыўнай бяспекі, на якой старшынства ў арганізацыі пяройдзе ад Арменіі да Беларусі. Наша краіна вельмі адказна падыходзіць да сваёй будучай функцыі. Цяпер завяршаецца работа над падрыхтоўкай беларускіх ініцыятыў, якія будуць агучаны ў чэрвені на сесіі СКБ у Маскве", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як раней заяўляў Генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, гісторыя дзейнасці АДКБ сведчыць аб тым, што ў час старшынства Беларусі шматразова павялічваецца дзейнасць статутных органаў арганізацыі, з'яўляецца шмат ініцыятыў і праектаў.
Беларускія ініцыятывы закрануць такія важныя праблемы, як рэалізацыя рашэнняў па фарміраванні і аснашчэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ, развіццё супрацоўніцтва з іншымі міжнароднымі структурамі па пытаннях бяспекі, удасканалення дзейнасці арганізацыі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў АДКБ параўнальна невялікі штат супрацоўнікаў і іх эфектыўная работа абсалютна немагчыма без рэальнай падтрымкі і актыўнага ўдзелу ўсіх без выключэння дзяржаў - членаў арганізацыі і ў першую чаргу краіны-старшыні.
Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што Камітэт сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ павінен адыграць важную каардынуючую, арганізуючую і кантралюючую ролю ва ўмацаванні патэнцыялу арганізацыі. Пасяджэнне камітэта праходзіць у вельмі няпросты час, калі сусветны эканамічны крызіс закрануў усе краіны планеты і аказвае негатыўны ўплыў на бяспеку дзяржаў. Сярод асноўных праблем бяспекі Аляксандр Лукашэнка назваў рост фінансавых злачынстваў, якія фактычна справакавалі крызіс, пагаршэнне сітуацыі па нелегальнай міграцыі, гандлі людзьмі, наркатрафіку. "Нядаўнія падзеі ва Узбекістане яшчэ раз падкрэслілі актуальнасць праблемы барацьбы з тэрарызмам. І ў палітычным плане абстаноўка застаецца напружанай. Мінулагоднія падзеі на Каўказе паказалі, наколькі няўстойлівыя мір і стабільнасць", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Сур'ёзнай праблемай для ўсёй сусветнай супольнасці Аляксандр Лукашэнка таксама назваў сітуацыю ў Афганістане, дзе сілы НАТА не змаглі забяспечыць спыненне тэрарыстычнай дзейнасці, стрымаць рост вытворчасці наркотыкаў і палепшыць сацыяльна-эканамічную сітуацыю. Прэзідэнт асабліва адзначыў, што на Захадзе не знайшла належнага разумення ініцыятыва Расіі аб заключэнні юрыдычна абавязваючага Дагавора аб еўрапейскай бяспецы.
Акрамя таго, адным з найбольш важных напрамкаў работы камітэта Прэзідэнт назваў забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі. "На мінулагодняй сесіі СКБ была зацверджана Праграма сумесных мер па фарміраванні сістэмы інфармацыйнай бяспекі дзяржаў-членаў. Камітэту неабходна больш увагі ўдзяліць практычным крокам па яе рэалізацыі. Вы бачыце, што робіцца ў ЗША - на гэта расходуюцца дзесяткі мільярдаў долараў, пра якія нядаўна аб'явіў прэзідэнт Барак Абама, іх плануецца накіраваць на пераадоленне гэтай найважнейшай праблемы як усяго свету, так і самой Амерыкі", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка лічыць надзвычай важным аб'яднанне намаганняў усіх зацікаўленых краін і ведамстваў па пераадоленні найбольш значных праблем сучаснай бяспекі.
У сваю чаргу Генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа паведаміў, што сакратары саветаў бяспекі краін АДКБ выказаліся ў падтрымку пагаднення аб стварэнні КСАР. "На пасяджэнні КССБ у вузкім складзе, перш за ўсё, разглядаліся дакументы, якія датычацца пагаднення аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ. На сённяшні дзень ёсць разуменне ўсіх дзяржаў аб неабходнасці падпісання такога пагаднення, ёсць падыходы або адрозненні падыходаў па шэрагу артыкулаў, па якіх, я спадзяюся, мы паспрабуем знайсці кансэнсус да пачатку сесіі СКБ. Але ў цэлым усе сакратары саветаў бяспекі дзяржаў выказаліся за тое, каб адобрыць праект пагаднення і прадставіць яго прэзідэнтам на разгляд 14 чэрвеня ў Маскве", - сказаў Мікалай Бардзюжа.
Камітэт сакратароў саветаў бяспекі АДКБ - кансультатыўны і выканаўчы орган арганізацыі па пытаннях каардынацыі ўзаемадзеяння дзяржаў - членаў арганізацыі ў галіне забеспячэння іх нацыянальнай бяспекі. КССБ утвораны рашэннем Савета калектыўнай бяспекі (СКБ) ад 24 мая 2000 года. Палажэнне аб КССБ зацверджана рашэннем СКБ ад 28 красавіка 2003 года. |