Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 2 чэрвеня падпісаў Указ № 275 "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў у сферы кіравання".
Прадугледжана магчымасць атрымання ў рамках дзяржзаказу другой вышэйшай адукацыі. Права на яе атрыманне набываюць асобы, якія займаюць кіруючыя пасады ў дзяржаўных органах (арганізацыях), а таксама асобы, якія знаходзяцца ў рэзерве кіруючых кадраў. Кандыдаты, як правіла, павінны быць не старэйшыя за 45 гадоў і мець 5-гадовы стаж работы на кіруючай пасадзе.
Існуючыя формы навучання (падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі) дапоўнены кантралюемай самаадукацыяй, пашырана вобласць прымянення дыстанцыйнага навучання.
Пашырана кола тых, хто можа быць накіраваны на перападрыхтоўку. Акрамя асоб, якія займаюць кіруючыя пасады і ўключаны ў рэзервы кіруючых кадраў, на перападрыхтоўку могуць накіроўвацца спецыялісты з вышэйшай адукацыяй да 31 года, якія ўваходзяць у адзіны перспектыўны кадравы рэзерв.
Прадугледжваецца, што дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі) павінна быць забяспечана праходжанне работнікамі павышэння кваліфікацыі не радзей як 1 раз у 3 гады, а работнікамі ідэалагічнай сферы не радзей як 1 раз у год (раней - 1 раз у 5 гадоў для ўсіх катэгорый работнікаў).
Прыём абітурыентаў для праходжання падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі плануецца ажыццяўляць на аснове мэтавага набору, працэдурныя пытанні прыёму рэгуляваць правіламі, што зацвярджаюцца Акадэміяй кіравання па ўзгадненні з Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Прыняцце Указа дасць магчымасць ажыццяўляць падрыхтоўку кіруючых кадраў на ўзроўні, які патрабуецца для вырашэння актуальных дзяржаўных задач.
|