Камітэт дзяржкантролю Беларусі прапануе разгледзець пытанне замацавання за дзяржавай выключнага права на імпарт піва (увядзення інстытута спецімпарцёра) у краіну. Аб гэтым Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку 2 чэрвеня далажыў Старшыня КДК Зянон Ломаць.
Як лічаць у КДК, гэта мера дасць магчымасць забяспечыць празрыстасць абароту піва, што ўвозіцца ў краіну. Пры гэтым аб’ём яго імпарту абмяжоўваць не плануецца.
У час даклада размова ішла аб сітуацыі ў піўной галіне. Сёння чвэрць піва, што рэалізуецца ў краіне, - імпартнай вытворчасці. Скарачаецца сегмент збыту беларускага піва на ўнутраным рынку. Пры гэтым ёсць тэндэнцыя росту ўвозу піва замежнай вытворчасці з выкарыстаннем розных ценявых схем. Так, усяго адной фізічнай асобай праз сем падкантрольных ёй ілжэпрадпрымальніцкіх структур выведзена ў ценявы абарот піва на Br15 млрд.
З 2007 года не выконваецца праграма развіцця піваварнай галіны ў частцы забеспячэння аб'ёмаў вытворчасці піва і яго экспарту. У 2008 годзе выпушчана 35,4 млн. дал піва пры заданні 50 млн. дал, а экспартавана толькі 0,8 млн. дал пры плане 2,9 млн. дал. Не змянілася сітуацыя ў 2009 годзе: за чатыры месяцы на экспарт пастаўлена толькі 0,4 млн. дал (12,5 працэнта гадавога плана).
Прэзідэнту даложана аб выніках работы Камітэта дзяржаўнага кантролю ў студзені-маі 2009 года. У параўнанні з такім жа перыядам 2008 года колькасць праведзеных праверак зніжана амаль удвая (з 4278 да 2190).
Ва Урад накіравана 70 дакументаў з прапановамі па папярэджанні асобных негатыўных тэндэнцый у эканоміцы (па прасоўванні тавараў на ўнутраным і знешнім рынках, па імпартазамяшчэнні, эканоміі энергарэсурсаў, аптымізацыі выканання дзяржпраграм, упарадкаванні пасрэдніцкай дзейнасці).
Цяпер па даручэнню Кіраўніка дзяржавы праводзяцца праверкі Магілёўскага аблвыканкама, БРУСП "Белдзяржстрах", БРУПЭІС "Белэксімгарант", РУП "БМЗ". Ажыццяўляюцца таксама кантрольныя мерапрыемствы адносна НВА "Інтэграл", РУП "Нацыянальная авіякампанія "Белавія", ААТ "Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат" і іншых арганізацый.
КДК праводзіць таксама папераджальны кантроль выканання даручэнняў Прэзідэнта Беларусі. На 1 ліпеня на кантролі і выкананні ў КДК было 2146 даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. З 760 даручэнняў, якія павінны былі быць выкананы да 1 чэрвеня, своечасова не выканана 25, не ў поўным аб’ёме выканана 8 даручэнняў.
Прэзідэнт праінфармаваны аб выніках праверкі Фонду дзяржаўнай маёмасці Дзяржкаммаёмасці, абласных і Мінскага гарадскога тэрытарыяльных фондаў дзяржмаёмасці, у рабоце якіх выяўлены шэраг сур’ёзных парушэнняў і хібаў.
Кіраўніку дзяржавы даложана аб візіце дэлегацыі Камітэта дзяржкантролю ў Расійскую Федэрацыю (г.Масква) і Латвійскую Рэспубліку (г.Рыга). У час паездак адбыліся сустрэчы Зянона Ломаця з кіраўнікамі кантрольных ведамстваў Расіі, Літвы, Польшчы, Латвіі, абмеркаваны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва. Акрамя таго, падпісаны Мемарандум аб выніках паралельнага кантрольнага мерапрыемства па ацэнцы вышэйшымі органамі фінансавага кантролю Расіі, Беларусі, Літвы і Польшчы эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных органаў у пунктах пропуску на граніцах паміж краінамі пры перамяшчэнні тавараў і транспарту, а таксама Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Камітэтам дзяржкантролю Беларусі і Дзяржаўным кантролем Латвіі.
Аляксандру Лукашэнку даложана таксама аб выніках сустрэчы Старшыні КДК Зянона Ломаця і Прэзідэнта Латвійскай Рэспублікі Валдыса Затлерса, у час якой была ўдзелена асаблівая ўвага развіццю інвестыцыйнага супрацоўніцтва, прамысловай кааперацыі, пашырэнню магчымасцей для нарошчвання транзіту беларускіх грузаў, у прыватнасці калійных угнаенняў, праз Латвію. Абмяркоўваліся і перспектывы двухбаковага ўзаемадзеяння ў кантэксце "Усходняга партнёрства" ЕС, уключаючы пытанні развіцця інфраструктуры пунктаў пропуску на граніцы.
Прэзідэнту таксама даложана аб падрыхтоўчай рабоце КДК да традыцыйнага кантролю за ходам уступнай кампаніі ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы рэспублікі.
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны аб праблемных пытаннях, выяўленых у аграпрамысловым комплексе, аб хібах у рабоце малочнай галіны.
Прэзідэнту даложана аб ходзе праверкі трох вядучых тэлекампаній краіны, выніках аналізу работы банкаўскай сістэмы, аб сітуацыі на страхавым рынку краіны, а таксама аб ходзе ўстаранення выяўленых у Мінску парушэнняў зямельнага заканадаўства.
У бліжэйшы час камітэт прадоўжыць работу па кантролю за рэалізацыяй дзяржаўных, галіновых і рэгіянальных праграм, у першую чаргу імпартазамяшчэння. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням навядзення парадку на зямлі, аналізу сітуацыі і магчымасцям развіцця рынку каштоўных папер, пытанням выкарыстання тканіны айчыннай вытворчасці і інш. |