Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 14 верасня падпісаў Указ № 458 "Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе".
Дакумент накіраваны на ўдасканаленне механізма прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі насельніцтву, устаноўленага Указам ад 14 снежня 2007 г. № 638.
Указ прадугледжвае наступныя меры па павышэнню эфектыўнасці дзеючага механізма прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі.
Спрошчана працэдура прадастаўлення дапамогі: у адзіную сістэму дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі аб'яднаны два віды дзяржаўнай падтрымкі грамадзян, устаноўленыя Указам № 638, - штомесячная сацыяльная дапамога і безнаяўныя жыллёвыя субсідыі, устаноўлены адзіны крытэрый патрэбнасці грамадзян для прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі.
Іншымі словамі, грамадзянам, у якіх сярэднедушавы даход ніжэйшы за ўстаноўлены Урадам бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (крытэрый патрэбнасці), замест названых двух відаў дзяржаўнай падтрымкі будзе прадастаўляцца адзін яе від - штомесячная сацыяльная дапамога, якая можа накіроўвацца ў тым ліку на аплату жыллёва-камунальных паслуг. Пры гэтым грамадзяне будуць звяртацца ў адну інстанцыю і прадстаўляць адзін пакет дакументаў для назначэння такой дапамогі.
Акрамя таго, павышаны крытэрый патрэбнасці для назначэння грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, аднаразовай сацыяльнай дапамогі са 120 працэнтаў да 150 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва.
Павялічаны таксама перыяд назначэння дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі да шасці месяцаў (згодна з Указам № 638 такая дапамога назначалася, як правіла, на тры месяцы). Сукупны даход сям'і (грамадзяніна) для назначэння дапамогі будзе вылічацца за дванаццаць месяцаў, якія папярэднічалі месяцу звароту (а не за тры месяцы, як прадугледжвалася Указам № 638).
Уведзены новы від дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі - сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі. Такая дзяржаўная падтрымка будзе аказвацца незалежна ад даходу сям'і (грамадзяніна) дзецям ва ўзросце да 18 гадоў, якія не прызнаны інвалідамі, але маюць патрэбу ў такіх сродках сацыяльнай рэабілітацыі па медыцынскіх паказаннях, а таксама інвалідам III групы (акрамя асоб, інваліднасць якіх настала ў выніку іх проціпраўных дзеянняў).
Дакументам таксама ўстаноўлена, што за ўтойванне звестак аб даходах, іншых вызначаных Указам звестак, неабходных для прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, сем'і (грамадзяне) будуць пазбаўляцца права на зварот па такую падтрымку і на яе атрыманне на дванаццаць месяцаў.
Указ уступае ў сілу з 1 студзеня 2010 года.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |