Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь унёс змяненні і дапаўненні ў правілы прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Адпаведны Указ № 243 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 12 мая.
Органам дзяржаўнага кіравання прадастаўлена права павялічваць мэтавы прыём у падведамныя ўстановы адукацыі ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 20 тыс. чалавек. Уведзена таксама мэтавая падрыхтоўка кадраў па чыгуначных спецыяльнасцях.
У сувязі з павелічэннем працягласці навучальнага года да 1 чэрвеня зменены тэрміны прыёму дакументаў, правядзення ўступных іспытаў і залічэння ў ВНУ і ССНУ. Уступны экзамен па вучэбнаму прадмету "Чалавек. Грамадства. Дзяржава" заменены на экзамен па прадмету "Грамадазнаўства".
Акрамя таго, у адпаведнасці з патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый" гэтай катэгорыі асоб прадастаўлены дадатковыя перавагі пры залічэнні ў ВНУ. Гэта датычыцца выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія маюць стаж работы па спецыяльнасці не менш як два гады і паступаюць на завочную форму атрымання адукацыі або роднаснай спецыяльнасці.
Правіламі таксама прадугледжаны прыём па асобнаму конкурсу на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю выпускнікоў факультэтаў давузаўскай падрыхтоўкі або падрыхтоўчых аддзяленняў ВНУ сельскагаспадарчага профілю, якія пражывалі ў сельскіх населеных пунктах не менш за два гады. Пры паступленні на названыя спецыяльнасці прадастаўлена права ўдзельнічаць у раздзельным конкурсе абітурыентам, якія пражываюць у сельскай мясцовасці не менш за два гады і скончылі ўстановы адукацыі, размешчаныя ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу.
Права на залічэнне без уступных іспытаў атрымалі пераможцы і прызёры Юнацкіх Алімпійскіх гульняў.
Прадугледжаны прыём ваеннаслужачых пагранічных войскаў, якія маюць рэкамендацыі воінскіх часцей, па-за конкурсам у межах 30% ад кантрольных лічбаў набору.
Прыняцце Указа звязана з рэалізацыяй патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта ад 17 ліпеня 2008 года № 15, а таксама неабходнасцю падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для работы ў сельскай мясцовасці і населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, службы ў пагранічных войсках.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |