Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 7 снежня выдаў Указ № 592 "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 сакавіка 2007 года № 119", накіраваны на далейшае павышэнне прывабнасці спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.
Указам прадугледжваецца павелічэнне крытэрыю колькасці работнікаў арганізацый рознічнага гандлю і арганізацый, што аказваюць паслугі грамадскага харчавання, валавая выручка якіх не перасягае Br1 млрд. у год, з 5 да 15 чалавек. Гэтым арганізацыям прадастаўлена права выплачваць падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання ад валавога даходу, што будзе садзейнічаць зніжэнню падатковай нагрузкі і стымуляваць развіццё гэтых арганізацый.
У мэтах стварэння ўмоў для павелічэння экспарту тавараў суб'ектамі малога прадпрымальніцтва, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання, Указам устаноўлена паніжаная стаўка падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання ў памеры 3 % ад экспартнай выручкі, атрыманай гэтымі суб'ектамі прадпрымальніцтва.
Акрамя таго, Указ забяспечвае стварэнне роўных умоў падаткаабкладання камерцыйных арганізацый і рэспубліканскіх аб'яднанняў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Такія аб'яднанні, як камерцыйныя арганізацыі, пры прымяненні спрошчанай сістэмы не будуць выплачваць падатак на нерухомую маёмасць і плацяжы на зямлю.
Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, якія ўзніклі з 1 кастрычніка 2009 года.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |