У Беларусі ўводзіцца забарона на ўстанаўленне і спагнанне з удзельніка аўкцыёну (конкурсу) платы за арганізацыю, правядзенне або ўдзел у ім. Пры гэтым эканамічна абгрунтаваныя затраты на правядзенне аўкцыёну (конкурсу) будуць кампенсавацца яго арганізатару толькі пераможцам таргоў. Адпаведны Указ № 232 "Аб некаторых пытаннях правядзення аўкцыёнаў (конкурсаў)" Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў 5 мая.
Дакумент падрыхтаваны ў адпаведнасці з запланаванымі мерапрыемствамі па лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці і накіраваны на ўдасканаленне парадку правядзення аўкцыёнаў (конкурсаў).
Указам канкрэтызуюцца патрабаванні па вызначэнню пачатковага кошту маёмасці, што рэалізуецца на аўкцыёне па рашэнню суда.
Прадугледжваецца таксама магчымасць рэалізацыі маёмасці ў выпадку, калі аўкцыён прызнаны неадбыўшымся ў сувязі з удзелам у ім толькі аднаго ўдзельніка. У такім выпадку арганізатар аўкцыёну рэалізуе маёмасць гэтаму ўдзельніку па пачатковай цане, павялічанай на 5 %.
Указам устанаўліваюцца абавязковыя патрабаванні да апублікавання звестак аб праводзімых аўкцыёнах (конкурсах) і рэалізуемай на іх маёмасці. У мэтах даступнасці адпаведнай інфармацыі для насельніцтва і суб'ектаў гаспадарання такія звесткі будуць у абавязковым парадку публікавацца ў друкаваных сродках масавай інфармацыі і размяшчацца ў глабальнай камп'ютэрнай сетцы Інтэрнэт. Пры гэтым доступ да інфармацыі, размешчанай у Інтэрнэце, будзе прадастаўляцца зацікаўленым асобам без спагнання платы і заключэння дагавора.
Указ уступіць у сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |