Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка падпісаў Указ № 178 “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2003 г. № 508”.
Дакументам прадугледжваецца аптымізацыя парадку функцыянавання інстытута эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва), а таксама ўдасканальваецца прававы механізм дзейнасці часовых (антыкрызісных) кіраўнікоў, абумоўленыя аналізам і практыкай прымянення Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2003 года нумар 508 “Аб некаторых пытаннях эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва)”.
Так, за камісіямі па прадухіленню эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва), што ствараюцца пры органах дзяржаўнага кіравання, канцэрнах, мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, замацоўваецца абавязак правядзення аналізу эфектыўнасці дасудовага аздараўлення, выканання планаў па санацыі (ліквідацыі) прадпрыемстваў.
Гэта дасць магчымасць узмацніць адказнасць міністэрстваў, канцэрнаў і выканкамаў за правядзенне дасудовага аздараўлення і працэдур эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва) адносна падведамных арганізацый.
Кіраўнікам – юрыдычным асобам прадастаўляецца магчымасць удзелу ў працэдурах банкруцтва. Пры гэтым юрыдычныя асобы павінны прайсці абавязковую акрэдытацыю ў дзяржаўных органах і іншых арганізацыях, падпарадкаваных ураду, выканкамах.
Такі падыход будзе садзейнічаць павышэнню адказнасці міністэрстваў, канцэрнаў і выканкамаў за прыцягненне антыкрызісных кампаній усіх форм уласнасці да фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў галіны (рэгіёну).
Акрамя таго, кіраўнікам – юрыдычным асобам прадастаўляецца права ажыццяўляць спадарожныя антыкрызіснаму кіраванню юрыдычныя, ацэначныя, кансультацыйныя паслугі, навуковыя даследаванні, адукацыйную дзейнасць.
Здымаецца абмежаванне на колькасць спраў, што праводзяцца адным кіраўніком па ліквідацыйнай працэдуры. Разам з тым захоўваецца абмежаванне на ўдзел кіраўніка ў адной справе аб банкруцтве адносна арганізацыі ў працэдуры абароннага перыяду або санацыі.
Указам вызначаецца механізм выплаты узнагароджання кіраўнікам у выпадку адсутнасці або недастатковасці маёмасці даўжніка. Узнагароджанне будзе выплачвацца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, але толькі ў выпадку завяршэння ліквідацыйнага вядзення.
Узмацняецца адказнасць кіраўнікоў даўжнікоў, іншых асоб, якія маюць права даваць абавязковыя для даўжніка ўказанні. Калі банкруцтва даўжнікоў выклікана дзеяннямі (указаннямі) такіх асоб, то яны незалежна ад спынення працоўных адносін з даўжніком могуць быць прыцягнуты да субсідыярнай адказнасці.
Гэты Указ уступае ў сілу праз тры месяцы з дня афіцыйнага апублікавання.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |