Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 2 лютага даў інтэрв’ю аднаму з вядучых еўрапейскіх СМІ - тэлеканалу "Еўраньюс".
У час гутаркі ішла размова аб гатоўнасці Беларусі і ЕС весці дыялог, у тым ліку і па пытаннях свабоды прэсы, выбарчага заканадаўства. Журналіст тэлеканала цікавіўся, наколькі моцна сусветны фінансава-эканамічны крызіс закрануў Беларусь, значнасцю нашай рэспублікі як транзітнай дзяржавы, адносінамі з Расіяй у святле пытання аб прызнанні Беларуссю незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.
Гаворачы аб пацяпленні адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь высока цэніць пазітыўныя захады з боку ЕС.
"Калі гаварыць аб пацяпленні ў адносінах Беларусі і ЕС, то ў іх ёсць пазітыўныя моманты. Мы гэты высока цэнім. Лічым, што гэта той пункт адліку, ад якога можна развіваць адносіны далей", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Па аб’ёму тавараабароту Еўрасаюз займае другое месца ў знешнім гандлі Беларусі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, "ёсць узаемная цікавасць, і гэта падштурхоўвае нас да нармальных адносін".
Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што Беларусь вітае захады ЕС па ініцыятыве Усходняга партнёрства. "Мы вітаем гэты пазітыўны крок Еўрасаюза ў адноснінах да сваіх суседзяў. Гэта прагматычны, разумны і своечасовы крок ЕС", - лічыць Прэзідэнт.
Тэлеканал "Еўраньюс" трансліруецца ў 119 краінах свету. Канал вядзе кругласутачнае вяшчанне, сумяшчаючы відэахроніку сусветных падзей і аўдыякаментарый на васьмі мовах: англійскай, арабскай, італьянскай, іспанскай, нямецкай, партугальскай, рускай і французскай. |