Аб некаторых мерах па стымуляванню інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь
У мэтах актывізацыі інавацыйнай дзейнасці, стымулявання вытворчасці высокатэхналагічных тавараў (работ, паслуг) у Рэспубліцы Беларусь:
1. Устанавіць, што:
1.1. навуковыя арганізацыі, створаныя ў форме ўстаноў, і установы, што забяспечваюць атрыманне вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў, якім у адпаведнасці з устаноўчымі дакументамі прадастаўлена права ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіць даходы, са згоды дзяржаўных органаў (арганізацый), у падпарадкаванні (веданні) якіх гэтыя ўстановы знаходзяцца (у склад якіх уваходзяць), або ўласніка іх маёмасці маюць права ствараць на працягу трох гадоў з дня ўступлення гэтага Указа ў сілу унітарныя прадпрыемствы за кошт перасягнення даходаў над расходамі, што застаюцца ў іх распараджэнні ад ажыццяўлення гэтай дзейнасці.
Пры гэтым доля выручкі унітарных прадпрыемстваў, названых у частцы першай гэтага падпункта, ад навуковай, навукова-тэхнічнай дзейнасці, вытворчасці высокатэхналагічных тавараў (работ, паслуг) у агульным аб’ёме выручкі гэтых унітарных прадпрыемстваў павінна складаць не менш за 70 працэнтаў.
Невыкананне патрабаванняў, прадугледжаных у частках першай і другой гэтага падпункта, з’яўляецца падставай для ліквідацыі названых прадпрыемстваў па рашэнню гаспадарчага суда ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Кіраўнікі навуковых арганізацый, створаных у форме устаноў, і устаноў, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў, названых у частцы першай гэтага падпункта, нясуць персанальную адказнасць за выкананне патрабавання, прадугледжанага ў частцы другой гэтага падпункта;
1.2. юрыдычныя асобы пры ажыццяўленні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь навуковай, навукова-тэхнічнай дзейнасці* без прыцягнення сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, у тым ліку дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў, і (або) гаспадарчай дзейнасці па вытворчасці высокатэхналагічных тавараў (работ, паслуг) уласнай вытворчасці і іх рэалізацыі маюць права самастойна на працягу двух гадоў з дня пачатку іх вытворчасці:
вызначаць умовы, аб’ёмы, віды сыравіны, якая закупляецца, камплектуючых і матэрыялаў, а таксама ўмовы, аб’ёмы і віды рэалізацыі гэтых тавараў (работ, паслуг);
устанаўліваць і прымяняць свабодныя цэны (тарыфы) на гэтыя тавары (работы, паслугі);
вызначаць пастаўшчыкоў і пакупнікоў высокатэхналагічных тавараў (работ, паслуг);
1.3. юрыдычныя асобы вызваляюцца ад:
вылічэння і выплаты збору ў рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, прадуктаў харчавання і аграрнай навукі ў частцы выручкі, атрыманай ад рэалізацыі навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ (далей - НДДК(Т)Р), зарэгістраваных ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;
абавязковага продажу замежнай валюты, што паступіла па здзелках з юрыдычнымі асобамі - нерэзідэнтамі і фізічнымі асобамі - нерэзідэнтамі ад рэалізацыі НДДК(Т)Р, зарэгістраваных ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;
1.4. юрыдычныя асобы, якія ажыццяўляюць вытворчасць тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем вынікаў НДДК(Т)Р, зарэгістраваных ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, маюць права на працягу трох гадоў з дня пачатку іх вытворчасці адносіць на сабекошт тавараў (работ, паслуг) і ўключаць у затраты, што ўлічваюцца пры падаткаабкладанні, да 2 працэнтаў выручкі ад рэалізацыі гэтых тавараў (работ, паслуг), што пералічаюцца арганізацыям за выкарыстанне вынікаў выкананых імі НДДК(Т)Р;
1.5. да высокатэхналагічных адносяцца тавары (работы, паслугі, што выпускаюцца (ажыццяўляюцца) на аснове новых і высокіх тэхналогій і (або) з выкарыстаннем высокатэхналагічных вытворчасцей, якія прайшлі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку дзяржаўную навукова-тэхнічную экспертызу. Заключэнні аб аднясенні тавараў (работ, паслуг) да высокатэхналагічных выдае Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях ва ўстаноўленым ім парадку.
2. Унесці ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 красавіка 2006 г. нумар 202 "Аб вызваленні ад абкладання ўвознымі мытнымі пошлінамі і падаткам на дабаўленую вартасць тавараў, прызначаных для забеспячэння навуковай, навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., нумар 56, 1/7419) наступныя змяненні:
2.1. у частцы першай пункта 1 словы "заданняў раздзелаў навуковага забеспячэння прэзідэнцкіх, дзяржаўных народнагаспадарчых і сацыяльных праграм, дзяржаўных праграм фундаментальных і прыкладных даследаванняў, дзяржаўных, галіновых, рэгіянальных і міждзяржаўных навукова-тэхнічных праграм" замяніць словамі "навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ";
2.2. у Палажэнні аб парадку выдачы заключэння аб прызначэнні абсталявання, прыбораў, матэрыялаў і камплектуючых вырабаў для мэт вызвалення іх ад увазных мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць, зацверджаным гэтым Указам:
у пункце 1 словы "заданняў раздзелаў навуковага забеспячэння прэзідэнцкіх, дзяржаўных народнагаспадарчых і сацыяльных праграм, дзяржаўных праграм фундаментальных і прыкладных даследаванняў, дзяржаўных, галіновых, рэгіянальных і міждзяржаўных навукова-тэхналагічных праграм" замяніць словамі "навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ";
у дадатках 1 і 2 да гэтага Палажэння словы "заданняў раздзелаў навуковага забеспячэння прэзідэнцкіх, дзяржаўных народнагаспадарчых і сацыяльных праграм, дзяржаўных праграм фундаментальных і прыкладных даследаванняў, дзяржаўных, галіновых, рэгіянальных і міждзяржаўных навукова-тэхнічных праграм" замяніць словамі "навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ".
3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на працягу шасці месяцаў з дня ўступлення ў сілу гэтага Указа забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.
4. Кантроль за выкананнем гэтага Указа ўскласці на Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
5. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.
__________________________
*Для мэт гэтага Указа тэрміны "навуковая дзейнасць" і "навукова-тэхнічная дзейнасць" прымяняюцца ў значэннях, вызначаных адпаведна артыкулам 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 кастрычніка 1996 года "Аб навуковай дзейнасці" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1996 г, нумар 34, арт. 608; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2005 г., нумар 171, 2/1143) і артыкулам 1 Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 1993 года "Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі" (Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, 1993 г., нумар 7, арт. 43; Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 1997 г., нумар 33, арт. 657).
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка |