Амерыканская кампанія "Physician Sales & Service (PSS) World Medical" прапануе Беларусі супрацоўніцтва ў галіне вырабу медыцынскіх прэпаратаў і абсталявання. Аб гэтым ішла размова 16 лістапада на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам кампаній "ІТЭРА" і "PSS World Medical".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі аказваецца сур’ёзная падтрымка прадпрыемствам, якія прыходзяць з імпартазамяшчальнай прадукцыяй і працуюць на экспарт. "Калі ва ўмовах канкурэнцыі вы пераможаце, пакідайце сваю прадукцыю, колькі хочаце. Калі вам патрэбна наша дзяржаўная падтрымка ў плане пастаўкі лекавых прэпаратаў і медыцынскай тэхнікі, то мы аказваем такую падтрымку замежным прадпрыемствам, але вы павінны прапанаваць цану ніжэйшую за цяперашнія пастаўкі. Тады будзе матывацыя перад людзьмі, што я падтрымліваю ваша прадпрыемства. А далей - свабодная канкурэнцыя", - сказаў Краўнік дзяржавы.
Што датычыцца будаўніцтва ў Беларусі прадпрыемстваў па выпуску медыцынскай прадукцыі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Ведаю, што вы пабудуеце прадпрыемства, якое будзе экспартаарыентаваным, і будзеце выпускаць тую прадукцыю, якой няма ў Беларусі, таму атрымаеце значныя ў гэтым плане прэферэнцыі. І тут мы будзем вас сур’ёзна падтрымліваць і будзем ставіцца да вас як да свайго прадпрыемства".
У сваю чаргу кіраўніцтва кампаніі "PSS World Medical" адзначыла, што ў іх ёсць прапановы па выпуску прадукцыі (грунтуючыся на беларускія рэсурсы) і пастаўках яе ў ЗША і іншыя краіны. Кампанія мае намер сумесна развіваць і выпускаць новыя медыцынскія прэпараты і абсталяванне і экспартаваць іх у іншыя краіны.
Кампанія "Physician Sales & Service (PSS) World Medical" з’яўляецца лідэрам на рынку ЗША у галіне паставак агульнай медыцынскай прадукцыі, дыягнастычнага абсталявання і спецыяльных заказаў медыцынскіх устаноў. Паслугамі кампаніі карыстаецца амаль 100 тыс. урачоў, шпіталяў і прыватных клінік ЗША.
Агульны даход кампаніі - амаль $2 млрд. Разам з пастаўкамі тавараў іншых вытворцаў "PSS World Medical" прапануе 1200 назваў уласнай медыцынскай прадукцыі ў 86 катэгорыях, якія выпускаюцца пад маркай "PSS" на 75 прадпрыемствах у 9 краінах свету. |