Дзяржава вельмі ўважліва ставіцца да кінематографа, заўсёды дапамагала і будзе дапамагаць яму, а ў адказ чакае толькі аднаго - дастойных творчых вынікаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 лістапада на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XV Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад".
Фестывальныя дні сабралі ў Мінску сузор’е выдатных акцёраў і рэжысёраў, чыя творчасць - гонар сучаснай культуры. Прэзідэнт падкрэсліў, што кінафестываль "Лістапад" стаў культурнай падзеяй сусветнага маштабу. У конкурсных, пазаконкурсных і тэматычных паказах фестывалю прадстаўлены мастацкія, дакументальныя і тэлевізійныя стужкі з 50 краін.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыезд у Беларусь столькіх вялікіх майстроў - відавочнае пацвярджэнне высокага аўтарытэту "Лістапада", які сёлета адзначае свой юбілей. Прэзідэнт адзначыў, што будзе рады, калі гэта сустрэча дапаможа нараджэнню новых праектаў, дастойных называцца беларускімі нацыянальнымі фільмамі.
"Стварайце яскравыя, відовішчныя і ў той жа час глыбока чалавечныя, задушэўныя фільмы, якія змогуць заваяваць гледача. Толькі такое кіно мы купім, і за добрыя грошы. Зробім усё магчымае, каб пра яго даведаўся свет", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што мінскі кінафорум узнік у вельмі няпростую эпоху, калі ўсё вакол імкліва змянялася. "Ствараючы "Лістапад", мы імкнуліся адрадзіць адзіную кінапрастору на тэрыторыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Балтыіі, зберагчы наш агульны здабытак - кінематограф, які не толькі забаўляе, але і выхоўвае, абуджае ў сэрцах людзей не агрэсію і нянавісць, а дабрыню і любоў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Eн выказаў упэўненасць, што фестываль з гонарам выконвае сваю асветную місію захавання і развіцця традыцый духоўнасці ў кінамастацтве і таму знаходзіць водгук у сэрцах многіх акцёраў, рэжысёраў і гледачоў.
На думку Прэзідэнта, галоўны сакрэт прывабнасці "Лістапада" ў тым, што ў яго аснове ляжыць вялікая любоў да кіно. "Наш фестываль, бадай, адзіны ў свеце, дзе асноўнымі суддзямі з’яўляюцца самі гледачы. Яны вызначаюць лёс галоўных прызоў. І гэта робіць Золата, Серабро і Бронзу "Лістапада" ўзнагародамі сапраўды вышэйшай пробы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве" народнаму артысту СССР Васілю Ланавому. "Няхай гэта ўзнагарода стане выяўленнем глыбокага прызнання і ўдзячнасці ўсяго беларускага народа за талент і служэнне мастацтву"", - падкрэсліў Прэзідэнт. |