У Беларусі і Азербайджана няма закрытых тэм для супрацоўніцтва, у тым ліку гэта датычыцца абараназдольнасці. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Міністрам абароны Азербайджана Сафарам Абіевым.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларуская і азербайджанская арміі перажываюць аднолькавы перыяд мадэрнізацыі, стварэння новых Узброеных Сіл.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, краіны маюць трывалую нарматыўна-прававую базу. Гаворачы аб двухбаковым гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, Прэзідэнт адзначыў дадатную дынаміку ўзаемнага гандлю. У 2007 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і Азербайджанам у параўнанні з 2006 годам павялічыўся амаль у тры разы, за 8 месяцаў гэтага года вырас на 45 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2007 года і склаў $79 млн. З 2007 года рэалізуюцца сумесныя праекты. У Азербайджане створаны зборачныя вытворчасці трактароў, грузавых аўтамабіляў, аптычных прыбораў. Арганізуецца сумесны выпуск ліфтаў, пад'ёмных аўтакранаў, сонечных батарэй і іншай прадукцыі беларускіх марак. У цэлым, сказаў кіраўнік дзяржавы, "справы пайшлі нядрэнна".
У Беларусі і Азербайджана няма разыходжанняў па міжнародных пытаннях. Прэзідэнт падзякаваў Азербайджану за падтрымку Беларусі ў міжнародных арганізацыях. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі і Азербайджана склаліся добрыя дружалюбныя адносіны. "Мы сябруем не супраць некага, не супраць некага выбудоўваем адносіны. Гэта наша брацкая рэспубліка, - сказаў Прэзідэнт. - Мы сябры, і гэтым усё сказана. У гэтым напрамку мы і будзем дзейнічаць".
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з добрым правядзеннем нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў у Азербайджане і падкрэсліў, што ў яго дружалюбныя адносіны з цяперашнім Прэзідэнтам Ільхамам Аліевым. "Перадайце мае самыя добрыя і цёплыя віншаванні Ільхаму Аліеву з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах. Вы правялі бліскучую палітычную кампанію, тут нават уніклівым заходнікам не было чаго сказаць і чым папракнуць", - сказаў беларускі лідэр.
У сваю чаргу Міністр абароны Азербайджана адзначыў, што адносіны дзвюх краін ідуць па ўзыходнай. Ён таксама паведаміў, што ўчора было падпісана пагадненне і праграма на 2009 год, якая прадугледжвае шэраг сумесных мерапрыемстваў Узброеных Сіл дзвюх краін. |