Карта сайтаАб парталеРусская версияEnglish version
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ
Статус  Біяграфія  Дакументы  Фотаальбом 
Прэс-служба  Прыёмная 
ПАДЗЕІ
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ
КАТАЛОГ РЭСУРСАЎ
па сайту па сайтах дзяржорганаў
ГалоўнаяАрхівыАрхіў паведамленняў прэс-службы2008Лiстапад10-16 лiстапада
border=0 border=0 border=0
border=0 10-16 лiстапада border=0
border=0 border=0 border=0 border=0
Узаемаадносіны Беларусі і Расіі знаходзяцца на парозе новага этапа развіцця
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам кампаній "ІТЭРА" і "PSS World Medical"
Дзяржава чакае ад кінематографа дастойных творчых вынікаў
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў губернатара Томскай вобласці Віктара Крэса з 60-годдзем
Беларусь і Расія правядуць перагаворы па праекту пагаднення аб стварэнні Адзінай рэгіянальнай сістэмы ППА
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў губернатара Пермскага края Алега Чыркунова з 50-годдзем
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў губернатара Валагодскай вобласці Вячаслава Пазгалёва з днём нараджэння
Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг назначэнняў ва Узброеных Сілах
У Беларусі і Азербайджана няма закрытых тэм для супрацоўніцтва
У Беларусі павінна быць створана антыкарупцыйная атмасфера
Прэзідэнт Беларусі адзначыў дзяржузнагародамі дэпутатаў парламента трэцяга склікання
Беларусь гатова да выбудоўвання адносін з ЗША без дадатковых бар'ераў і ўмоў
Беларусь і Іспанія правядуць перагаворы па праекту канвенцыі аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання
Акцыі ключавых прадпрыемстваў Беларусі не будуць прадавацца на льготных умовах і абменьвацца на чэкі "Маёмасць"
Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з генеральным дырэктарам Дзяржаўнай карпарацыі «Растэхналогіі» Сяргеем Чэмезавым
border=0 border=0
У Беларусі павінна быць створана антыкарупцыйная атмасфера13.11.2008

У Беларусі будуць прыняты самыя жорсткія меры па выкараненню карупцыі, перш за ўсё, у праваахоўных і сілавых структурах. Адпаведныя даручэнні даў 13 лістапада Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях эфектыўнасці прымаемых мер у барацьбе з карупцыяй. Тэма барацьбы з карупцыяй набывае асаблівую важнасць ва ўмовах прымаемых у рэспубліцы мер па лібералізацыі эканомікі.

Кіраўнік дзяржавы выказаў крайняе абурэнне карупцыяй, якая разрастаецца "сярод тых, хто па абавязку службы павінен з ёй змагацца".

"У хабарніцтве, іншых карыслівых дзеяннях аказваюцца замешанымі прадстаўнікі сілавых структур, якія павінны прадухіляць і спыняць гэтыя злачынныя з'явы. Папярэджваю ўсіх: у Беларусі такога бязмежжа не будзе! Нават у фрагментарным парадку. Прынамсі, пакуль я Прэзідэнт. Не пагляджу ні на пасады, ні на чыны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, такія дзеянні - ганьба не толькі для канкрэтнага чалавека або адпаведнага дзяржаўнага органа, "гэта нязмыўная пляма на рэпутацыі ўлады ў цэлым". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна дакладна ўяўляць, што карупцыя - гэта пагроза палітычнай і эканамічнай бяспецы краіны, поўнае разлажэнне дзяржаўнага апарату, абсалютная страта кіравання эканамічным сектарам і тормаз на шляху станаўлення прававой сацыяльнай дэмакратычнай дзяржавы.

"Да чаго ж мы дойдзем, калі барацьбой з карупцыяй займаюцца людзі, якія самі парушаюць законы і нормы маралі? Што можна чакаць ад дзяржаўных органаў, упаўнаважаных выконваць кантрольныя і наглядныя функцыі, калі іх супрацоўнікі прымаюць ад правяраемых "адкупныя"? - задаў рэзоннае пытанне Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яго сур'ёзна насцярожвае і тое, калі людзі ў пагонах робяць учынкі, якія, калі паглядзець фармальна, юрыдычна дапушчальныя. "Але настолькі несумленныя з маральнага пункту гледжання, што іх нельга апраўдаць! Гэта значыць у заканадаўстве вышукваюць пралазы, каб зрабіць тое, да чаго прычыняцца не павінны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён прывёў канкрэтныя факты карупцыі ў Міністэрстве абароны, сярод пракурорскіх работнікаў. "Пракурорскі работнік за бясцэнак купляе ў камерсанта вельмі камфартабельную кватэру з падземных гаражом. Усё быццам бы законна, купіў і купіў. Але няўжо не ўзнікаюць насцярожваючыя думкі, чаму бізнесмен прадаў пракурору кватэру танней, чым яна рэальна каштуе, і дзе гэты пракурор узяў такія грошы", - сказаў Прэзідэнт.

Фактычна "пад сябе" ўстанавілі ўмовы набыцця жылля на льготных умовах некаторыя чыны ў Мінабароне.

Ёсць і прыклад, калі пад будаўніцтва катэджаў высокапастаўленым службовым асобам МУС быў адведзены ўчастак у прыродаахоўнай зоне, прыналежны дзіцячаму саду.

"Пратэкцыянізм фірм, лабіраванне атрымання ліцэнзій, квот, дазволаў, закрыццё крымінальных спраў адносна "сваіх бізнесменаў" і заказныя справы супраць іх канкурэнтаў. Вы што, не чуеце, аб чым гавораць людзі і якія злоўжыванні выяўляюцца?" - звярнуўся Прэзідэнт да ўдзельнікаў нарады.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў яшчэ раз з улікам існуючай сітуацыі грунтоўна прааналізаваць работу з кадрамі, каб зрабіць яе "максімальна адкрытай і зразумелай", заснаванай на здаровай канкурэнцыі здольнасцей і кампетэнтнасці прэтэндэнтаў.

"Базавы прынцып нашай палітыкі: дзяржава - для народа. І дзеля дасягнення гэтай мэты я не адступлюся ад рашучай барацьбы з карупцыяй - іржой, якая можа ўцягнуць краіну ў бездань эканамічных і сацыяльна-палітычных узрушэнняў. Тут першараднае значэнне маюць самыя жорсткія патрабаванні да сумленнасці і прыстойнасці кадраў. Асабліва да тых, хто па абавязку службы стаіць на варце закону і дзяржавы. Людзі ў пагонах павінны ў сто разоў больш клапаціцца аб чыстаце сваіх радоў у параўнанні з астатнімі чыноўнікамі. Таму што толькі чыстымі рукамі можна наводзіць у краіне парадак", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Я ўжо неаднаразова гаварыў: бюракратызм - самае спрыяльнае асяроддзе для росквіту карупцыі. Арэнда гандлёвых памяшканняў, правядзенне тэндэраў, выдзяленне зямельных участкаў, ліцэнзаванне відаў дзейнасці, розныя праверкі - гэта далёка не поўны пералік актыўных карупцыйных зон, якія патрабуюць асаблівай увагі. Парадак вырашэння гэтых пытанняў павінен быць такі, каб ад чыноўніка нічога не залежала. Тады яму не будзе за што даваць хабар", - лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў цэлым за мінулыя гады зроблена ўжо нямала, каб спыніць найбольш небяспечныя праявы карупцыі: не дапушчана масавае раскраданне дзяржмаёмасці, уведзены жорсткія меры процідзеяння карупцыі. Аднак, падкрэсліў Прэзідэнт, няма падстаў для таго, каб супакоіцца і аслабіць барацьбу з гэтым злом.

Паводле слоў Аляксандр Лукашэнкі, нягледзячы на тое, што агульная колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў змяншаецца, хабарніцтва расце. Павялічваецца маштаб матэрыяльнага ўрону ад карупцыйных дзеянняў, а ўзровень яго кампенсацыі скарачаецца.

У сферы дзяржаўнага кіравання толькі за 10 месяцаў бягучага года колькасць карупцыйных злачынстваў склала 347. З іх 104 учынены супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, дзяржбяспекі, фінансавых расследаванняў, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага пагранічнага і Дзяржаўнага мытнага камітэтаў.

"І гэта толькі тое, што выявілі! Усё гэта вельмі трывожныя тэндэнцыі. Яны сведчаць аб тым, што эфектыўнасць барацьбы з карупцыяй зніжаецца. Не ўсе структуры, прызначаныя быць на варце інтарэсаў дзяржавы і грамадзян, працуюць рэзультатыўна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, прычына такога становішча ў безадказнасці і самазаспакоенасці тых, каму па абавязку службы трэба змагацца з карупцыяй.

"Дзейнасць па прадухіленню карупцыйных праяў не можа абмяжоўвацца асобнымі акцыямі і кампаніямі. Калі мы хочам дабіцца рэальных вынікаў, у краіне павінна быць створана антыкарупцыйная атмасфера", - сказаў Прэзідэнт.

"Паводле майго глыбокага пераканання, менавіта карупцыя стала адной з асноўных прычын цяперашняга сусветнага крызісу. Таму барацьба з ёй патрэбна маштабная. Мы вельмі цяжка ішлі да самастойнасці і незалежнасці нашай дзяржавы, каб дзеля злачыннага дабрабыту асобных нячыстых на руку дзеячаў разбурыць тое, што далося цаной напружанай і няспыннай працы простых людзей!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў у час даклада Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч, у рабоце пракурорскіх работнікаў яшчэ назіраецца шмат фармалізму, не выкарыстоўваюцца ўсе існуючыя магчымасці.

Генеральны пракурор выступіў з некалькімі прапановамі па паляпшэнню работы ў ведамстве і падпарадкаваных структурах, а таксама ў цэлым у частцы барацьбы з карупцыяй. У прыватнасці, было прапанавана не распаўсюджваць дзеянне амністыі на асуджаных за хабарніцтва, асабліва калі гэта датычыцца чыноўнікаў. Рыгор Васілевіч лічыць таксама, што неабходна ўзмацніць адказнасць тых, хто дае хабар.

Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала адзначыў наяўнасць шэрага недахопаў, якія сур'ёзна зніжаюць эфектыўнасць барацьбы з карупцыяй. Паводле яго слоў, гэта праблемы якасці правасуддзя, папярэдняга расследавання і падтрымання дзяржаўнага абвінавачання ў судзе.

Як адзначыў Дзяржсакратар Савета Бяспекі Юрый Жадобін, выяўленыя ў мінулым годзе факты атрымання хабару ў асабліва буйным і буйным памерах складаюць усяго 2-4 працэнты ад агульнай колькасці такіх злачынстваў. Адзначаецца тэндэнцыя "здрабнення" карупцыянераў, што сведчыць аб недапрацоўках праваахоўных органаў. Выпадкі ж хабарніцтва сярод адказных службовых асоб адзінкавыя. Сярод карупцыйных злачынстваў пераважаюць службовыя падлогі, легалізацыя злачынна нажытых даходаў (з гэтым змагацца, паводле слоў Дзяржсакратара, асабліва складана), нізкі ўзровень кампенсацыі ўрону.

Выслухаўшы даклады, Прэзідэнт рэзюмаваў, што чакаў ад прамоўцаў больш прынцыповых і якасных ацэнак.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі з 1 студзеня 2009 года рашэнне аб змякчэнні пакарання адносна асуджаных за карупцыйныя злачынствы супрацоўнікаў праваахоўных органаў будзе прымаць выключна Прэзідэнт.

Пры гэтым асуджаныя супрацоўнікі праваахоўных органаў павінны адбываць пакаранне не ў спецыяльных калоніях, а ў звычайных, "разам з закаранелымі злачынцамі", дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка з жалем канстатаваў, што ў краіне не створана сістэма належнага ўзаемадзеяння паміж органамі, якія вядуць барацьбу з карупцыяй. Прэзідэнт паставіў задачу дзяржсакратарыяту Савета Бяспекі безадкладна заняцца гэтай праблемай і забяспечыць належную каардынацыю адпаведных структур.

"У раз'яднаным стане мы ніколі не дасягнём эфектыўнасці ў барацьбе з карупцыяй", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў галіне барацьбы з карупцыяй ёсць некалькі праблемных пытанняў. Паводле яго слоў, у праваахоўных органаў адсутнічаюць належныя напрацоўкі па выяўленню карупцыйных злачынстваў у найбольш значных сферах дзейнасці: бюджэтнай, знешнеэканамічнай, энергетычнай, нафтахімічнай, аўтамабільнай і іншых. Не ў поўнай меры праводзіцца аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасці высокадаходных прадпрыемстваў, на належным узроўні не адсочваюцца працэсы, звязаныя з прыватызацыяй і акцыяніраваннем. На думку Прэзідэнта, відавочна сёння няздольнасць праваахоўных органаў адэкватна рэагаваць на сучасныя больш вытанчаныя факты карупцыі.

Прэзідэнт адзначыў наяўнасць сур'ёзных недахопаў у аператыўным складальніку дзейнасці праваахоўных органаў па выяўленню і раскрыццю злачынстваў. "На практыцы шматлікія аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы завяршаюцца безвынікова. Для аператыўных службаў праваахоўных органаў характэрна і адсутнасць мэтанакіраванай работы, праяўленне актыўнасці толькі на першапачатковым этапе. Заявіў аб гучнай справе, а к канцу яна ў вас рассыпаецца з-за недаказанасці", - сказаў ён, адзначыўшы пры гэтым празмерную зацягнутасць тэрмінаў следства ў шэрагу выпадкаў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на абгрунтаванасць прымянення аператыўнага эксперыменту, які, паводле яго слоў, "усё больш ператвараецца з прававога інструмента ў прыладу правакацыі". Асноўнай задачай павінна быць выяўленне злачынцаў, а не падбухторванне грамадзян да ўчынення злачынстваў.

Першачарговую ўвагу трэба ўдзяліць кадравай чыстаце дзяржаўнага апарату, яго юрыдычнай, маральнай сумленнасці, заявіў Кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта істотна палепшыць работу па падборы і расстаноўцы кадраў. "Трэба зрабіць так, каб у чыноўнікаў не было не толькі ўмоў, але і падстаў для карупцыйнай дзейнасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна распрацоўваць і ўкараняць новыя метады работы, якія даюць магчымасць быць не ў хвасце падзей, а наносіць папераджальныя ўдары па рэальнай карупцыі, не "па дробязях". Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што праваахоўныя органы павінны самі быць прыкладам пры расследаванні карупцыйных крымінальных спраў.

У ходзе нарады Прэзідэнт даручыў Генеральнаму пракурору да канца дня ўнесці прадстаўленне аб вызваленні ад займаемых пасад намесніка Генпракурора Мікалая Купрыянава і пракурора Мінскай вобласці Міхаіла Снегіра. Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў узбудзіць крымінальную справу.

Аляксандр Лукашэнка абурыўся бяздзеяннем праваахоўных органаў у адносінах да дзейнасці пракурора Мінскай вобласці Міхаіла Снегіра. Міхаіл Снягір у маі 2007 набыў у замежнай фірмы 5-пакаёвую кватэру ў цэнтры Мінска плошчай больш як 200 кв.м з падземным гаражом. "Здавалася б, купіў сабе ну і купіў. Але першае пыатнне, якое павінна было з'явіцца: 200 квадратных метраў, у цэнтры Мінска, падземны гараж. Дзе ўзяў грошы? Звычайны чыноўнік - дзе ж ты ўзяў грошы?" - падкрэсліў Прэзідэнт.

Згодна з існуючымі фактамі, Міхаіл Снягір купляў гэту кватэру ў прадстаўніка камерцыйнай фірмы - у чалавека, які на гэты момант не меў права прадстаўляць гэту фірму і наогул быў звольнены па скарачэнню штатаў.

Акрамя таго, названая кватэра не магла быць прададзена юрыдычнай асобай, паколькі ў ёй пражываў супрацоўнік фірмы Сідаровіч, у якога быў заключаны дагавор арэнды з фірмай да 2024 года.

Кватэра была набыта Міхаілам Снегіром па заніжанай цане - Br156 млн., пры гэтым рыначны кошт яе быў больш як $500 тыс. Каб надаць здзелцы выгляд законнасці, Снягір аформіў падложнае дадатковае пагадненне да дагавора куплі-продажу, дзе была агаворана іншая цана кватэры - Br535 млн.

"Калі Сідаровіч, які пражываў у кватэры, звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Мінска, то якую, вы думаеце, пазіцыю занялі суддзі: Ільіна, Есьман, Паўлючук?.. Суддзя Ільіна ўзгадняла па тэлефоне са Снегіром паслядоўнасць сваіх дзеянняў", - сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым суддзі Есьман і Паўлючук прынялі рашэнне накласці спагнанне на наймальніка кватэры за нібыта самавольную перапланіроўку кватэры, чаго на самай справе не было. Наймальнік Сідаровіч 8 разоў звяртаўся у Генеральную пракуратуру са скаргай на проціпраўныя дзеянні пракурора Снегіра. "І што вы думаеце?.. Ніякага адказу!" - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "Таму што ўсе дакументы спісваліся са справы намеснікам генпракурора Мікалаем Купрыянавым, які быў са Снегіром у сяброўскіх адносінах", - дадаў ён.

"Але гэта яшчэ не ўсё: на тэрыторыі Цнянскага вадасховішча Снягір завяршае будаўніцтва катэджа, кошт якога, толькі паводле візуальных ацэнак, складае не менш як $1 млн. Грошы адкуль? Я свядома ў дэталях распісваю гэтыя махінацыі, каб паказаць тую ступень беспардоннасці і нахабнасці, да якой дакаціліся некаторыя высокапастаўленыя работнікі судовай і праваахоўнай сістэм", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, "гэты катэдж, які выглядае больш унушальна, чым рэзідэнцыя кіраўніка дзяржавы", быў зарэгістраваны Міхаілам Снегіром на падстаўную асобу. "І яшчэ адзін штрых характарыстыкі пракурора вобласці. Да яго звярнуліся сябры-прадпрымальнікі з просьбай аб аказанні садзейнічання ва ўстараненні канкурэнта і адмене прынятага ўжо рашэння Вышэйшага гаспадарчага суда. Тут Снягір праявіў незвычайную актыўнасць", - дадаў Прэзідэнт.

Калі з-за прынцыповай пазіцыі першага намесніка Старшыні ВГС Яўгена Смірнова Міхаілу Снегіру не ўдалося вырашыць гэта пытанне, то ён звярнуўся па дапамогу да намесніка Генпракурора Купрыянава, а той у парадку пракурорскага нагляду прыпыніў выкананне рашэння суда.

"Вось вам некалькі яскравых прыкладаў, якую сістэму кругавой парукі і ўсёдазволенасці стварылі некаторыя высокапастаўленыя асобы дзяржаўных органаў", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы. "Па логіцы гэтага ж Снегіра і да яго падобных атрымліваецца: у каго больш правоў - той можа рабіць як уздумаецца, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Не выйдзе!".

Прэзідэнт таксама заявіў, што на працягу лістапада будзе звольнены шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў МУС Беларусі. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, 10 высокапастаўленых службовых асоб МУС наўмысна пайшлі на парушэнні заканадаўства, каб атрымаць зямельныя ўчасткі ў Мінскім раёне. "Я назаву ўсе гэтыя прозвішчы для ведама: першы намеснік Міністра Аляксандр Шчурко, намеснік Віктар Філістовіч, былыя намеснікі Радзюкевіч і Глухоўскі, начальнік дэпартамента фінансаў і тылу Мельнікаў, дырэктар Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі Іванчыкава, былы начальнік дэпартамента выканання пакаранняў Коўчур, былы саветнік Міністра ўнутраных спраў Карпейчык, урач Шпіталя МУС Бурко і супрацоўнік ГУУС Мінгарвыканкама Новік", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што для будаўніцтва асабнякоў гэтыя чыноўнікі падабралі сабе тэрыторыю летняй дачы дзіцячага сада, размешчанай у водаахоўнай зоне Заслаўскага вадасховішча. Пад выглядам дачнага кааператыва, якога на самай справе ніколі не было, яны пабудавалі жылы масіў з двух- і трохпавярховых будынкаў. "Выкарыстоўваючы службовае становішча і маніпуліруючы заканадаўствам, супрацоўнікі МУС сталі амаль задарма ўласнікамі зямельных участкаў. "Вартавыя парадку" заплацілі за іх ад Br10 тыс. да Br25 тыс. пры рыначным кошце ад $3 да 5 тыс. за сотку", - адзначыў Прэзідэнт.

"Калі гэтыя факты сталі вядомыя, я даручыў КДК і Генеральнаму пракурору разабрацца ва ўсім і ўстараніць выяўленыя парушэнні, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я чакаў, што гэтыя органы навядуць такі парадак, каб іншым непанадна было". Замест гэтага, паводле слоў Прэзідэнта, "кантралёры маўкліва самаўхіліліся". "Што ж, калі больш няма каму, то аднаўляць справядлівасць давядзецца мне", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым запатрабаваў ад старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Леаніда Крупца на працягу тыдня адмяніць незаконнае рашэнне Мінскага райвыканкама аб прадастаўленні зямельных участкаў былым і цяперашнім супрацоўнікам МУС. Узведзеныя там збудаванні з'яўляюцца самавольнымі. Былым уласнікам будуць дадзены тры месяцы, каб яны знеслі свае пабудовы. Калі яны іх не знясуць, то пабудовы павінны быць бязвыплатна адабраны пад дамы для дзяцей-сірот.

"Дзяржсакратару Савета Бяспекі Юрыю Жадобіну сумесна з Генпракуратурай і КДК неабходна ў месячны тэрмін прадставіць заключэнне аб адпаведнасці займаемым пасадам усіх асоб, якія маюць дачыненне да названых парушэнняў заканадаўства, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Магу канкрэтызаваць: усе гэтыя людзі на працягу лістапада павінны быць звольнены з МУС".

Акрамя таго, кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміру Макею даручана да канца лістапада ўнесці прапановы па пакаранню вышэйшых службовых асоб, якія не прынялі своечасовыя меры па спыненню гэтых правапарушэнняў.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прынцыпова падысці да вырашэння праблемы кадравага пратэкцыянізму, які можна аднесці да ліку асноўных прычын учынення карупцыйных злачынстваў. "Верны спадарожнік карупцыі - кадравы пратэкцыянізм", - заявіў Прэзідэнт.

У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы прывёў выпадак, калі Міністэрства абароны і Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі дапусцілі тое, што на пасаду ваеннага камісара Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці назначаны падпалкоўнік С.Лакомы - сын тагачаснага старшыні Браслаўскага райвыканкама.

"Пра якую барацьбу з карупцыяй тут можна гаварыць! Тут жа відавочна: галоўнае, схаваць "сваіх", абараніць карупцыйныя інтарэсы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што лічыць недапушчальным перасаджванне чыноўнікаў, якія праштрафіліся, з аднаго крэсла ў іншае. У адносінах да Генеральнай пракуратуры Аляксандр Лукашэнка заўважыў: там "толькі і займаюцца тым, што вінаватых ціхенька перасаджваюць па гарызанталі ў іншыя цёплыя месцы".

Так, за дапушчаныя парушэнні законнасці пры раскрыцці і расследаванні злачынстваў, учыненых А.Сяргейчыкам, 1 чэрвеня 2007 года быў звольнены з пасады першы намеснік пракурора Гродзенскай вобласці В.Аніська, які праз тыдзень быў назначаны намеснікам пракурора Гродзенскай вобласці. Ён жа 3 снежня 2007 года назначаны старшым пракурорам аддзела Генеральнай пракуратуры і 29 студзеня 2008 года - начальнікам аддзела Генеральнай пракуратуры.

"Вы бачыце, за парушэнні законнасці чалавек за паўгода вырас аж да начальніка аддзела Генеральнай пракуратуры!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі хто-небудзь думае, што гэтай нарадай усё абмяжуецца, то ён жорстка памыляецца. Гэта толькі пачатак. Я буду глядзець і выкарыстоўваць усе свае паўнамоцтвы, дадзеныя мне Канстытуцыяй, і буду прымаць меры. Або за дзеянні, або за ваша бяздзеянне", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў яшчэ больш узмацніць адказнасць за карупцыйныя злачынствы, учыненыя прадстаўнікамі праваахоўных органаў. "Чысціць будзем бязлітасна", - папярэдзіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка цвёрда папярэдзіў: у Беларусі расцягвання дзяржаўных рэсурсаў і "прыхватызацыі" не будзе. Ён асабліва адзначыў, што, лібералізуючы эканоміку, нельга ні ў якім выпадку аддаваць яе ў рукі жулікаў і прайдзісветаў.

"У гэты няпросты перыяд Беларусь заявіла аб лібералізацыі сваёй эканомікі, і некаторыя дамарослыя апазіцыянеры паспяшаліся заявіць аб тым, што нібыта набліжаецца наменклатурная прыватызацыя і што, маўляў, усе "смачныя кавалкі" дзяржуласнасці падзелены ўжо паміж карумпіраванымі чыноўнікамі. Супакойцеся, паны! Устараненне бюракратычных перашкод, лібералізацыя робіцца не пад чыноўнікаў, а хутчэй наперакор іх жаданням. Мы ніколі не дапусцім якой-небудзь наменклатурнай прыватызацыі і пераразмеркавання прыналежных народу багаццяў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Ад карупцыі мы будзем ачышчаць нашу дзяржаву бязлітасна. Выніковасць нашых намаганняў праяўляецца ў момант выпрабаванняў", - падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у цяперашніх умовах асабліва актуальнымі становяцца максімальна строгая дысцыпліна, беражлівае стаўленне да народнага багацця і да тых нешматлікіх рэсурсаў, якія мае Беларусь, а таксама істотная эканомія.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў няўхільнага выканання трох дзеючых у Беларусі дырэктыў: па дэбюракратызацыі, эканоміі і беражлівасці, дысцыпліне. "Патрабаванне павінна быць самае жорсткае. У гэтым напрамку павінны быць прыняты жалезныя меры. Пры гэтым трэба мець на ўвазе: рамкі сусветнага эканамічнага хаосу ніхто сёння акрэсліць не можа. Таму наводзьце жорсткую дысцыпліну, узмацняйце беражлівасць і эканомію", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што не меншым злом, чым карупцыя, з'яўляецца безгаспадарчасць. Ён прывёў шэраг прыкладаў, якія датычацца вядзення будаўнічых работ у беларускай сталіцы.

Беражлівы падыход да траты сродкаў павінен праявіцца і пры рэалізацыі дзяржаўных праграм. "Тыя ж аб'ёмы, без скарачэнняў, павінны быць выкананы за меншыя грошы", - сказаў Прэзідэнт. Эканомія сродкаў - вельмі актуальная задача для эканомікі краіны.

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу павінна не проста выстаяць, але і захаваць тэмпы развіцця. "Мы павінны экспартаваць прадукцыю. Казкі аб тым, што прадукцыю немагчыма рэалізаваць, не патрэбны. Сёння дастаткова спажыўцоў на замежных рынках, якія могуць купіць нашы тавары", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

На заканчэнне Прэзідэнт адзначыў: "Людзі вераць уладзе, і дзяржава "не можа ставіцца да людзей інакш, як з такім жа даверам і павагай. У гэтым - галоўны вынік".









© 2001-2011 Прэс-служба
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь