Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 19 лютага падпісаў Указ № 100, якім унесены змяненні і дапаўненне ва Указ ад 28 студзеня 2008 г. № 43 "Аб дзейнасці арганізацый забудоўшчыкаў, гаражных кааператываў і кааператываў, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю аўтамабільных стаянак".
Дакументам удасканальваюцца некаторыя нормы заканадаўства, якія датычацца рэалізацыі правоў грамадзян на паляпшэнне жыллёвых умоў.
Палажэннем аб арганізацыі забудоўшчыкаў, зацверджаным Указам ад 28 студзеня 2008 года № 43, устаноўлена, што ў арганізацыю забудоўшчыкаў для будаўніцтва жылых дамоў тыпавых спажывецкіх якасцей з дзяржаўнай падтрымкай уключаецца 30% грамадзян, якія маюць права на пазачарговае атрыманне льготнага крэдыту на гэтыя мэты, а астатнія 70% - якія не маюць такога права (гэта значыць на пазачарговае атрыманне льготнага крэдыту), але маюць права на атрыманне льготнага крэдыту.
Існуючая сітуацыя прыводзіць да нараканняў чаргавікоў, якія не маюць права на льготнае крэдытаванне і доўгі час стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Часта яны не могуць быць уключаны ў спісы арганізацыі забудоўшчыкаў з-за нязначнага перавышэння ўзроўню даходаў, што даюць права на льготнае крэдытаванне (цяпер гэты ўзровень складае не больш як Br1089 тыс.). Гэтым яны абмежаваны ў магчымасці выкарыстаць права на будаўніцтва жылля тыпавых спажывецкіх якасцей праз мясцовы выканаўчы і распарадчы орган, дзяржаўны орган, іншую арганізацыю, гэта значыць жылля па больш нізкім кошце ў параўнанні з камерцыйнымі цэнамі.
Указам № 100 устаноўлена, што цяпер арганізацыі забудоўшчыкаў будуць фарміравацца мясцовымі органамі ўлады, дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі з ліку грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у парадку чарговасці, без уліку іх права на дзяржаўную падтрымку (ільготныя крэдыты).
Акрамя таго, прадугледжана прадаставіць на такіх жа ўмовах права гаспадарчым таварыствам, акцыі (долі ў статутным фондзе) якіх належаць Рэспубліцы Беларусь або адміністрацыйна-тэрытарыяльным адзінкам, фарміраваць арганізацыі забудоўшчыкаў з ліку грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Пры гэтым захоўваецца норма аб уключэнні ў арганізацыі забудоўшчыкаў у першую чаргу да 30% грамадзян, якія маюць права на пазачарговае атрыманне льготных крэдытаў.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. |