Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 19 лютага падпісаў Указ № 105 "Аб некаторых пытаннях, звязаных з дэклараваннем фізічнымі асобамі даходаў, маёмасці і крыніц грашовых сродкаў".
Дакумент накіраваны на ўдасканаленне і дэбюракратызацыю парадку дэкларавання даходаў і маёмасці фізічнымі асобамі.
У гэтых мэтах адменены абавязак фізічных асоб прадстаўляць дэкларацыі аб крыніцах грашовых сродкаў да ажыццяўлення (рэгістрацыі або натарыяльнага засведчання) здзелкі на суму, якая перавышае 2 тыс. базавых велічынь, а пры правядзенні здзелкі з акцыямі, долямі (укладамі) у статутных фондах гаспадарчых таварыстваў, паямі ў вытворчых і спажывецкіх кааператывах, аб'ектамі, што не завершаны будаўніцтвам, іх часткамі (долямі), прадпрыемствамі як маёмаснымі комплексамі - на суму, якая перавышае 15 тыс. базавых велічынь.
Акрамя таго, права на выпатрабаванне дэкларацыі аб даходах і маёмасці ў фізічных асоб (за выключэннем асоб, абавязаных штогод ажыццяўляць дэклараванне даходаў і маёмасці) прадастаўлена толькі падатковым органам. Такое патрабаванне падатковыя органы змогуць прад'яўляць як па ўласнай ініцыятыве, так і на падставе пісьмовых запытаў абмежаванага кола кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кантролю, унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі і пракуратуры.
Указ дасць магчымасць аптымізаваць парадак ажыццяўлення кантролю за дэклараваннем фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці, ліквідуе магчымасць адвольна, без патрэбы, выпатрабоўваць дэкларацыі і адпавядае праводзімай цяпер рабоце па ўпарадкаванню кантрольнай дзейнасці.
Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Тэкст Указа глядзіце, калі ласка, у рускай версіі на Партале Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь |