Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 ліпеня прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Магілёўскай гарадской ратушы.
Адноўленае збудаванне унікальнае па свайму архітэктурнаму і інжынернаму вырашэнню. Будынак уяўляе сабой трохпавярховую пабудову, да якой прымыкае шмат'ярусная вежа. Унутраная аддзелка памяшканняў максімальна набліжана да XVII-XVIII стагоддзяў. Унікальны і вежавы гадзіннік, які ўпрыгожвае Магілёўскую ратушу. Сярод шматлікіх гадзіннікавых дыскаў ёсць асаблівы каляндар, стрэлка-паказальнік на механізме якога робіць поўны абарот за 500 гадоў. Па ходу свайго руху яна паказвае на круглыя даты самых значных у гісторыі Магілёва падзей, выгравіраваных на дыску.
Кіраўнік дзяржавы агледзеў у ратушы экспазіцыйныя памяшканні музея, прысвечанага гісторыі Магілёва.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, адноўленая ратуша стане дастойным упрыгажэннем Магілёва. Знамянальна, што будынак быў адноўлены ў сваім ранейшым, гістарычным абліччы менш як за год.
Пасля кароткай экскурсіі па ратушы Прэзідэнт зрабіў пешую прагулку па вуліцы Ленінскай у Магілёве, якая нядаўна стала пешаходнай. Ён азнаёміўся з помнікамі архітэктуры XVIIІ-XIX стагоддзяў, вартымі ўвагі аб'ектамі добраўпарадкавання вуліцы, пагутарыў з гараджанамі, якія адпачываюць у гэтай частцы абласнога цэнтра. Як адзначаюць спецыялісты, за апошняе дзесяцігоддзе ў гістарычнай частцы горада праведзены рэстаўрацыйныя работы, якія па сваіх маштабах перасягаюць усё, што рабілася да гэтага.
Кіраўнік дзяржавы таксама цёпла пагутарыў з жыхарамі горада. Адказваючы на пытанні магіляўчан, Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў: у Беларусі заўсёды будуць паважліва ставіцца да ўсяго, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной і памяццю абаронцаў Айчыны. Дзяржава выдзяляе значныя сродкі на падтрыманне шматлікіх памятных збудаванняў. Як чакаецца, у бліжэйшым будучым у Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з'явіцца новы прасторны будынак на праспекце Пераможцаў.
У час размовы мясцовыя жыхары закранулі тэму пераходу на 11-гадовую сярэднюю школьную адукацыю ў рэспубліцы. Прэзідэнт нагадаў, што пайшоў на змяненне сярэдняй школы пасля скаргаў бацькоў, незадаволеных адукацыйнай сістэмай, якая існавала да гэтага. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што 12-гадовае школьнае навучанне штогод патрабавала б дадатковых Br150 млрд.
Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ніякіх праблем у сувязі з новаўвядзеннямі не будзе. У прыватнасці, новыя падручнікі для 11-гадовай школы будуць гатовы ўжо праз год. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што абноўленая школа не павінна страціць напрацаванае за папярэднія гады, у тым ліку і ў савецкі час. "Скончыўшы тую школу, мы і ў космас прарваліся, і ядзерную зброю стварылі. Але мы не вярнуліся ў ранейшую школу, а ўзялі адтуль лепшае", - сказаў Прэзідэнт.
Для настаўнікаў на гэты год будуць створаны адзіныя праграмы, якія потым пры неабходнасці будуць удасканальвацца.
Разам з тым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, па-ранейшаму актуальнымі застаюцца праблемы тэсціравання, уступных экзаменаў у ВНУ, якія дзяржава будзе трымаць у полі зроку.
Было закранута і такое актуальнае пытанне, як істотны рост цэн на прадукты харчавання ў свеце. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што немагчыма штучна стрымліваць цэны на сельгаспрадукцыю ўнутры нашай краіны: у гэтым выпадку прадуктовыя тавары проста будуць вывезены ў суседнія дзяржавы. "Гэту сітуацыю мы можам пераадолець толькі эканамічнымі метадамі, у прыватнасці павелічэннем заработнай платы", - сказаў ён.
Прэзідэнт лічыць немэтазгодным штучна замарожваць цэны на прадукты харчавання і на тэрыторыі СНД. Паводле яго слоў, на нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД з боку асобных краін ва ўмовах значнага падаражэння ў свеце сельгаспрадукцыі было выказана пажаданне ў Садружнасці "ўстанавіць стабільныя цэны на прадукты харчавання, замарозіць якую-небудзь пэўную цану на хлеб, малако, мяса".
"На гэта я сказаў: якія стабільныя цэны? Калі ў Расіі пачалі даражэць энерганосьбіты, мы прапанавалі ўстанавіць стабільныя цэны на нафту, газ. Не пагадзіліся. А цяпер хочаце, каб я душыў сваіх вытворцаў і замарозіў цэны на прадукты харчавання. Так не будзе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы прапанаваў такі варыянт: Беларусь магла б пастаўляць па больш нізкіх цэнах прадукты харчавання і іншыя тавары ў абмен на танную нафту.
Прэзідэнт не выключае, што ў перспектыве імклівы рост цэн на энерганосьбіты ў свеце можа прыпыніцца, разам з тым "цэны на беларускую прадукцыю ўзрастуць, гэта значыць мы багацей жыць будзем". У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць добрым той факт, што Беларусі ўдалося аднавіць прадпрыемствы, што прыйшлі да заняпаду пасля распаду СССР, якія сёння выпускаюць прадукцыю, вельмі запатрабаваную ў свеце.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў таксама важнасць дыверсіфікацыі крыніц паставак энерганосьбітаў. Так, паводле яго слоў, у выпадку ўзнікнення праблем з пастаўкай нафты ад традыцыйнага пастаўшчыка, Беларусь, напрыклад, зможа выкарыстоўваць "чорнае золата", якое здабываецца ў Венесуэле. |