Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 14 красавіка выдаў Дэкрэт № 7, якім унёс змяненні і дапаўненні ў Дэкрэт ад 20 сакавіка 1998 года № 3 "Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь".
У адпаведнасці з дакументам прыватызацыя аб’ектаў, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, будзе праходзіць на падставе трохгадовых планаў, якія зацвярджаюцца Урадам і мясцовымі Саветамі дэпутатаў.
Продаж акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных у працэсе раздзяржаўлення і прыватызацыі, будзе ажыццяўляцца на конкурсах і аўкцыёнах.
Акрамя таго, дзяржава адмаўляецца ад пераважнага права на набыццё долей (акцый) у статутных фондах камерцыйных арганізацый, створаных у працэсе прыватызацыі.
Уводзіцца паступовая адмена абмежаванняў на абарачэнне акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў, створаных у працэсе раздзяржаўлення і прыватызацыі, адчужэнне якіх да гэтага часу было забаронена. Адмена абмежаванняў на абарачэнне такіх акцый будзе ажыццяўляцца ў тры этапы ў залежнасці ад памеру долі дзяржавы ў статутных фондах акцыянерных таварыстваў.
На першым этапе (з 1 чэрвеня 2008 года) адмяняецца абмежаванне на адчужэнне акцый таварыстваў, у статутных фондах якіх доля дзяржавы або адсутнічае наогул, або складае 75 працэнтаў і больш. Таксама поўнасцю адмяняецца забарона на адчужэнне акцый акцыянерных таварыстваў, якія ажыццяўляюць перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі, перададзеных сельгасвытворцам і прадпрыемствам хлебапрадуктаў.
На другім этапе (з 1 студзеня 2009 года) будуць адменены абмежаванні на адчужэнне акцый акцыянерных таварыстваў з доляй дзяржавы звыш 50 працэнтаў.
Пры гэтым на першым і другім этапе адмена абмежаванняў не распаўсюджваецца на акцыі акцыянерных таварыстваў, якія забяспечваюць функцыянаванне стратэгічна значных галін эканомікі.
На трэцім этапе (з 1 студзеня 2011 года) усе абмежаванні будуць поўнасцю адменены.
Дэкрэт у цэлым павінен садзейнічаць прыцягненню ў эканоміку краіны інвестыцый, у тым ліку замежных, і далейшаму разіццю рынку каштоўных папер. |