Аб асобных пытаннях арганізацыі і правядзення электронных інтэрактыўных гульняў
У мэтах стварэння ўмоў для арганізацыі і правядзення электронных інтэрактыўных гульняў:
1. Устанавіць, што:
1.1. юрыдычныя асобы маюць права ажыццяўляць дзейнасць па арганізацыі і правядзенню электронных інтэрактыўных гульняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на падставе спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), выдадзенага ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;
1.2. парадак ажыццяўлення дзейнасці па арганізацыі і правядзенню электронных інтэрактыўных гульняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
2. Увесці падатак на даходы ад правядзення электронных інтэрактыўных гульняў.
Плацельшчыкамі падатку на даходы ад правядзення электронных інтэрактыўных гульняў прызнаюцца юрыдычныя асобы – арганізатары электронных інтэрактыўных гульняў.
Аб’ектам падаткаабкладання з’яўляецца выручка ад правядзення электронных інтэрактыўных гульняў.
Падатковая база вызначаецца як розніца паміж сумай выручкі ад правядзення электронных інтэрактыўных гульняў і сумай сфарміраванага выйгрышнага фонду. Стаўка падатку на даходы ад правядзення электронных інтэрактыўных гульняў устанаўліваецца ў памеры 8 працэнтаў.
Сума падатку на даходы ад правядзення электронных інтэрактыўных гульняў, якія падлягаюць выплаце ў бюджэт, вызначаецца нарастаючым падрахункам пасля заканчэння кожнага падатковага перыяду як здабытак падатковай стаўкі і падатковай базы, вылічанай за гэты падатковы перыяд. Падатковым перыядам з’яўляецца каляндарны месяц.
Арганізатары электронных інтэрактыўных гульняў не пазней за 20-е чысло месяца, наступнага за мінулым падатковым перыядам, прадстаўляюць у падатковыя органы па месцы пастаноўкі на ўлік падатковую дэкларацыю (разлік) незалежна ад наяўнасці ў іх абавязацельства па выплаце гэтага падатку за адпаведны падатковы перыяд.
Падатак на даходы ад правядзення электронных інтэрактыўных гульняў выплачваецца ў рэспубліканскі бюджэт не пазней за 22-е чысло месяца, наступнага за мінулым падатковым перыядам.
3. Выручка ад правядзення электронных інтэрактыўных гульняў не абкладаецца падаткам на прыбытак і зборам у рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, прадуктаў харчавання і аграрнай навукі.
Абароты па прыёму ставак па электронных інтэрактыўных гульнях не абкладаюцца падаткам на дабаўленую вартасць.
4. Не падлягаюць абкладанню падаходным падаткам з фізічных асоб даходы ў выглядзе выйгрышаў па электронных інтэрактыўных гульнях, атрыманыя ад арганізатараў гэтых гульняў.
5. За рэгістрацыю электронной інтэрактыўнай гульні спаганяецца дзяржаўная пошліна.
Плацельшчыкамі дзяржаўнай пошліны прызнаюцца арганізатары электронных інтэрактыўных гульняў.
Аб’ектам абкладання дзяржаўнай пошлінай з’яўляюцца выдача пасведчання аб рэгістрацыі электронной інтэрактыўнай гульні і выдача дубліката пасведчання аб рэгістрацыі электронной інтэрактыўнай гульні.
Стаўка дзяржаўнай пошліны складае за выдачу:
пасведчання аб рэгістрацыі электронной інтэрактыўнай гульні –
30 базавых велічынь;
дубліката пасведчання аб рэгістрацыі электроннай інтэрактыўнай гульні – 3 базавыя велічыні.
Дзяржаўная пошліна выплачваецца да звароту ў Міністэрства фінансаў за рэгістрацыяй электроннай інтэрактыўнай гульні і выдачай дубліката пасведчання аб рэгістрацыі электроннай інтэрактыўнай гульні, вылічваецца зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленай на дзень звароту, і залічваецца ў рэспубліканскі бюджэт.
6. Дапоўніць пералік відаў дзейнасці, на ажыццяўленне якіх патрабуюцца спецыяльныя дазволы (ліцэнзіі), і ўпаўнаважаных на іх выдачу дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый, зацверджаны Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2003 г. нумар 17 "Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., нумар 79, 1/4779), пунктам 15прым. наступнага зместу:
"15прым. Дзейнасць па арганізацыі і правядзенню электронных інтэрактыўных гульняў Міністэрства фінансаў".
7. Абзац пяты часткі другой падпункта 1.1 пункта 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 снежня 2007 г. нумар 9 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2008 г., нумар 1, 1/9241) пасля слоў "ігральнага бізнесу," дапоўніць словамі "дзейнасці па арганізацыі і правядзенню электронных інтэрактыўных гульняў,".
8. У падпункце 1.8 пункта 1 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2008 г. нумар 1 "Аб стымуляванні вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг)" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2008 г., нумар 29, 1/9381) пасля абзаца дзевятага дапоўніць абзацам дзесятым наступнага зместу: "дзейнасць па арганізацыі і правядзенню электронных інтэрактыўных гульняў;";
абзацы дзесяты – дзевятнаццаты лічыць адпаведна адзінаццатым – дваццатым.
9. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у двухмесячны тэрмін:
зацвердзіць палажэнне аб ліцэнзаванні дзейнасці па арганізацыі і правядзенню электронных інтэрактыўных гульняў;
забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Дэкрэтам.
10. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем пункта 9 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання Дэкрэта, з’яўляецца часовым і згодна з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка
|