Карта сайтаАб парталеРусская версияEnglish version
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ
Статус  Біяграфія  Дакументы  Фотаальбом 
Прэс-служба  Прыёмная 
ПАДЗЕІ
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ
КАТАЛОГ РЭСУРСАЎ
па сайту па сайтах дзяржорганаў
ГалоўнаяАрхівыАрхіў выступленняўВыступленні2008
border=0 border=0 border=0
border=0 2008 border=0
border=0 border=0 border=0 border=0
Выступленне на ваенным парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці і 64-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
Стэнаграма выступлення на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Заява Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь
НАВАГОДНІ ЗВАРОТ
Выступленне Прэзідэнта Беларусі на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі 9 мая
Штогадовае Пасланне Прэзідэнта Беларусі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь
Вытрымкі з выступлення на нараддзе суддзяў судоў Рэспублікі Беларусь
Зварот да воінаў-інтэрнацыяналістаў, ветэранаў вайны ў Афганістане
Вытрымкі з выступлення Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі на сустрэчы са студэнтамі БДУ
border=0 border=0
Вытрымкі з выступлення Прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі на сустрэчы са студэнтамі БДУ12.02.2008

Беларусь выступае за фарміраване шматпалярнага свету, і гэта пазіцыя знаходзіць падтрымку ў многіх дзяржаў. Аб гэтым заявіў 12 лютага Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Пасля наведвання вучэбных аўдыторый Кіраўнік дзяржавы выступіў перад студэнтамі.

Адкрываючы сустрэчу, Прэзідэнт заўважыў, што з часу яго папярэдняга наведвання БДУ шмат у ВНУ змянілася ў лепшы бок. “Вельмі важна, што універсітэту ўдалося вярнуць статус галоўнай ВНУ, вядучага навучальнага і навуковага цэнтра краіны, умацаваць сваё асноўнае багацце – кваліфікаваны выкладчыцкі корпус і вельмі высокі ўзровень адукацыі. Дзяржава зацікаўлена ў тым, каб марка і прэстыж БДУ дастойна падтрымліваліся як у Беларусі, так і за яе межамі, каб на гэту ВНУ раўняліся і іншыя навучальныя ўстановы”, - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адукацыя застаецца прыярытэтным напрамкам сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Толькі ў бягучым годзе ў гэту сферу будзе ўкладзена пятая частка сродкаў кансалідаванага бюджэту.

Капіталаўкладанні ў развіццё адукацыі, падрыхтоўку кваліфікаваных спецыялістаў – гэта самыя правільныя інвестыцыі ў перспектыву нашай маладой дзяржавы, перакананы Прэзідэнт.

Гаворачы пры месца Беларусі ў сучасным свеце, Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што знешнепалітычная стратэгія Беларусі будуецца на трох асноватворных прынцыпах: палітычны суверэнітэт, эканамічная адкрытасць і роўныя партнёрскія адносіны паміж краінамі. “Залатое правіла беларускай знешняй палітыкі – шматвектарнасць і зацікаўленасць ва ўзаемавыгадных кантактах”, - падкрэсліў ён.

Голас Беларусі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сёння ўпэўнена гучыць у ААН, на форумах Руху недалучэння і ў іншых міжнародных арганізацыях.

“Беларусь ведаюць і паважаюць як фарпост міру, спакою і стабільнасці. Наша краіна выступае ініцыятарам недапушчэння гандлю людзьмі, тэрарызму, ваенных метадаў вырашэння міждзяржаўных праблем”, - дадаў ён.

“Развал Савецкага Саюза быў самай вялікай геапалітычнай катастрофай 20-га стагоддзя, у першую чаргу, з-за разбурэння існаваўшай сістэмы біпалярнага свету. Многія спадзяваліся, што заканчэнне “халоднай вайны” стане пазбаўленнем ад вялікіх ваеных расходаў, а вызваленыя рэсурсы будуць накіраваны на вырашэнне глабальных задач – харчовых, энергетычных, экалагічных і іншых, - адзначыў Прэзідэнт. – Але гэтыя спадзяванні не апраўдаліся. На змену “халоднай вайне” прыйшло яшчэ больш бязлітаснае змаганне за энергарэсурсы. Па сутнасці, пачаўся новы перадзел свету. У ход ідуць любыя сродкі, аж да акупацыі незалежных дзяржаў”.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што аднапалярнасць – гэта небяспечная хвароба, якая можа прывесці да дэградацыі і гібелі свету, паколькі яна ў корані забівае канкурэнцыю – асноватворны прынцып развіцця чалавечай цывілізацыі.

“Аднак на палітычнай карце свету фарміруюцца і актыўна заяўляюць пра сябе новыя цэнтры сілы, здольныя процістаяць імперскім амбіцыям адной звышдзяржавы”, - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Беларусь, паводле яго слоў, ні ад кога не адгароджваецца жалезнай заслонай. “Наадварот, мы актыўна імкнёмся да супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі. І ў першую чаргу з такімі гігантамі, як Расія, Кітай, краіны Азіі, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі”, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, актыўная пазіцыя Беларусі ў інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы не задавальняе пэўныя заходнія колы. Акрамя таго, нелюбоў асобных краін да Беларусі выклікана пашырэннем удзелу рэспублікі ў сусветным гандлі, асваеннем новых рынкаў і развіццём супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі, Азіі, Афрыкі. “Каму ж будзе падабацца новы канкурэнт на рынках, якія лічацца вотчынай, зонай нацыянальных інтарэсаў адной дзяржавы?” - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ЗША, якія сталі пасля распаду СССР адзінай звышдзяржавай, узялі жорсткі курс на пабудову аднапалярнага свету. Процівагай гэтай імперскай стратэгіі ў сучасных умовах могуць быць і Расія, і Індыя, і Кітай, і Лацінская Амерыка. З’явяцца і новыя цэнтры сілы, перакананы Кіраўнік дзяржавы.

“Цвёрдая і незалежная пазіцыя ў міжнародных справах, а зусім не недахоп свабоды і дэмакратыі – галоўная прычына, з-за якой сыплюцца на Беларусь пагрозы і санкцыі”, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым Прэзідэнт назваў санкцыі адносна канцэрна “Белнафтахім” эканамічным шантажом з боку нядобрасумленных канкурэнтаў.

Паводле яго слоў, на працягу некалькіх гадоў гучалі пагрозы арыштаваць замежныя банкаўскія рахункі Лукашэнкі і іншых кіраўнікоў Беларусі. “Нічога не знайшоўшы, вырашылі накінуць эканамічную пятлю на дзяржаўныя прадпрыемствы, на якіх працуюць тысячы людзей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Такія метады нічым нельга апраўдаць. Іх дыскрымінацыйны характар бачым не толькі мы, але і іншыя краіны, якія падтрымліваюць нас”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь самастойна выбірае сяброў-саюзнікаў, не пытаючыся парады амерыканскіх “мудрацоў”. “Наша краіна супрацоўнічае з Кітаем, Іранам, Венесуэлай і іншымі дзяржавамі, чым выклікае раздражненне ЗША, - сказаў Прэзідэнт. – Беларуска-венесульскія адносіны – гэта рэальны ўклад у фарміраванне шматпалярнага свету. Разам мы ўяўляем сілу, не лічыцца з якой не могуць нават звышдзяржавы”.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі весці дыялог з краінамі Захаду, асабліва Еўрапейскага саюза. “Нашы падыходы гранічна канструктыўныя: патрэбны не дыктат, а дыялог! Мы вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з краінамі Захаду, асабліва Еўрапейскага саюза”, - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

На долю Еўрасаюза прыпадае каля 40 працэнтаў беларускага экспарту. Рынак ЕС з’яўляецца для рэспублікі другім па значнасці пасля расійскага. Эканамічнае партнёрства з краінамі гэтага рэгіёну садзейнічае прыцягненню ў Беларусь інвестыцый, сучасных тэхналогій, мадэрнізацыі вытворчасці. З другога боку, гандаль з Беларуссю і ўдзел у забеспячэнні беларускага транзіту з’яўляецца адным з найважнейшых элементаў эканамічнай, а такім чынам і сацыяльнай устойлівасці для нашых бліжэйшых суседзяў – Польшчы і балтыйскіх дзяржаў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што з уступленнем у Еўрасаюз гэтых дзяржаў, з якімі Беларусь звязваюць агульныя гістарычныя карані і эканамічныя ўзаемаадносіны, шматразова ўзрасла важнасць усебаковага дыялога з ЕС.

“Сёння нават па самым малых пытаннях знешняй палітыкі і эканомікі нашы суседзі вымушаны ўсё ў большай ступені аглядвацца на цэнтральныя органы Еўрасаюза. Хачу адзначыць, што мы неаднаразова гаварылі заходнім партнёрам аб магчымых праблемах, з якімі народы нашых краін могуць сутыкнуцца пасля пашырэння Шэнгенскай зоны. Больш таго, у аднабаковым парадку мы максімальна спрасцілі выдачу беларускіх віз для грамадзян ЕС. Нават адышлі ад прынцыпаў узаемнасці і ўстанавілі для грамадзян Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі кошт віз у памеры 25 еўра замест 60. Мы ініцыіравалі шэраг прапаноў па ўстанаўленню асаблівых, больш ільготных умоў перасячэння граніцы прыгранічным насельніцтвам і асобнымі катэгорыямі грамадзян. Словам, робім усё магчымае, каб пазбегнуць ператварэння граніцы з ЕС у новую жалезную заслону, перасякаць якую будзе дазволена толькі асобам з тугім кашальком”, - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, наяўнасць агульнай граніцы прадугледжвае таксама ўзаемадзеянне і па іншых пытаннях, акрамя візавых. Гэта і барацьба з трансгранічнымі злачынствамі, сумесныя дзеянні для зладжанай работы транспартнай інфраструктуры, устойлівага развіцця прыгранічных рэгіёнаў, звязаных паміж сабой эканамічнымі, этнічнымі, культурнымі сувязямі.

Паводле ацэнкі Прэзідэнта, апошнім часам рух на восі Брусель – Мінск прыкметна актывізаваўся. Адбылося некалькі раундаў палітычных кансультацый паміж Беларуссю і ЕС, фарміруецца прамы дыялог у галіне энергетыкі, транспарту, транзіту і экалогіі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння існуе рэальны ўзаемны інтарэс Беларусі і Еўрасаюза да развіцця сапраўды партнёрскіх адносін ва ўсіх галінах супрацоўніцтва. “Мы заўсёды зыходзілі з таго, што асновай такога партнёрства павінны быць узаемапавага, раўнапраўе, улік інтарэсаў адзін аднаго і неўмяшанне ва ўнутраныя справы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Сёння колькасць прыхільнікаў менавіта такога прагматычнага падыходу прыкметна расце ў палітычных і эканамічных колах дзяржаў – членаў ЕС”.

Ён таксама заўважыў, што перагаворы аб стварэнні ў Беларусі прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі знаходзяцца ў завяршальнай стадыі. З такім прадстаўніцтвам Беларусь звязвае асаблівыя надзеі ў развіцці ўзаемавыгаднага партнёрства з Еўропай.

“Хачу падкрэсліць: не мы былі ініцыятарамі пагаршэння палітычных адносін з ЕС. Еўрапейскія чыноўнікі самі загналі сябе ў вугал у сувязі з надуманымі тэмамі палітзняволеных і правоў чалавека”, - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: Беларусь – натуральны, гістарычны саюзнік Расіі, з якой яна звязана ваенна-тэхнічным супрацоўніцтвам, духоўнымі вузамі, гандлёва-эканамічнымі інтарэсамі. У рамках Саюзнай дзяржавы краінам намнога лягчэй забяспечыць сваё ўстойлівае развіццё, лічыць ён.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў: Беларусь выступае за фарміраванне агульнаеўрапейскай сістэмы бяспекі для ўсіх дзяржаў без выключэння. Наша краіна не імкнецца ў НАТА і не дапускае размяшчэння на сваёй тэрыторыі ракет, нацэленых на брацкую дзяржаву.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў добрасуседскіх партнёрскіх адносінах з Польшчай, паколькі абодва народы звязваюць шматвяковыя традыцыі, дружба і ўзаемаразуменне.

“Нашы нядобразычліўцы ўжо не раз рабілі спробу ўмяшацца ва ўнутраныя справы Беларусі, разыгрываючы нацыянальную карту, штучна раздуваючы “польскае” і “яўрэйскае” пытанне. Свежы прыклад – прыняцце Сеймам Польшчы закона “Аб картцы паляка”. Як мяне часта папярэджваюць, ён можа нанесці адчувальную шкоду нашай дзяржаве. Павінен сказаць – не атрымаецца!” - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Не так даўно Венгрыя спрабавала ўвесці такую ж картку для сваіх дыяспар. Аднак тут жа прагучалі рэзкія пратэсты ад Румыніі, Славакіі і Аўстрыі. Тады міжнародныя арганізацыі прызналі такую практыку парушэннем правоў чалавека, - адзначыў Прэзідэнт. – На жаль, цяпер такой дружнай і ўзгодненай пазіцыі ад еўрапейскіх краін пакуль не было. І нам чарговы раз даводзіцца сутыкацца з двайнымі стандартамі ў адстойванні сваіх законных правоў і інтарэсаў”.

Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што ў Беларусі ніколі не будзе дапушчаны раскол грамадства па рэлігійнай або нацыянальнай прыкмеце. Любыя праявы нецярпімасці, распальвання варожасці і экстрэмізму сустрэнуць рашучы адпор.

Прэзідэнт адказаў і на папрокі некаторых “змагароў за дэмакратыю”, якія абвінавачваюць Беларусь у адсутнасці грамадзянскай супольнасці.

“Заходнія СМІ любяць папракаць нас у тым, што мы, нібыта, перашкаджаем развіццю грамадзянскай супольнасці. Але давайце паглядзім, што адбываецца на самай справе. У краіне працуе больш як 2 тыс. грамадскіх аб’яднанняў, дзейнічае 15 палітычных партый. Ці ж гэта не лепшы доказ?”, - падкрэсліў ён. Аснову беларускай  грамадскай супольнасці складаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, прафсаюзныя, маладзёжныя, ветэранскія і жаночыя арганізацыі. У сукупнасці яны аб’ядноўваюць больш як 6,5 млн. чалавек. “Гэта – вялікая сіла. Іншая справа, што яна не заўсёды дастаткова актыўна сябе праяўляе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Лічу, дзяржаўныя органы павінны больш шырока прыцягваць грамадскасць да распрацоўкі праектаў прававых актаў, якія закранаюць інтарэсы большасці грамадзян, улічваць думкі і прапановы людзей”.

Пры гэтым Прэзідэнт назваў існуючую на замежныя грошы апазіцыю “баявымі атрадамі па правядзенню чужых інтарэсаў і палітыкі ў Беларусі”. “Давайце ўзводзіць прававую дзяржаву разам, па цаглінцы, а не спадзявацца на чужога дзядзьку, які прыедзе і ў адно імгненне штосьці зробіць. Бо менавіта такія ілжывыя салодкія казкі спрабуе расказваць апазіцыя. Маўляў, навошта вам самім думаць, старацца і працаваць? Лепш перакроіць краіну па ўказцы Захаду – і ўсе адразу станеце багатымі і шчаслівымі”, - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

У час сустрэчы са студэнтамі Прэзідэнт закрануў і іншыя актуальныя аспекты жыцця беларускага грамадства. Так, Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананасць у тым, што ў Беларусі павінны дзейнічаць аднолькавыя падыходы да вядзення бізнесу прадпрымальнікамі і прадпрыемствамі.

“Яшчэ не так даўно прадпрымальнікам, так званым спекулянтам, не было куды дзявацца, не было арганізаваных гандлёвых месц. Тады я спрабаваў усё гэта прывесці ў цывілізаванае, нармальнае рэчышча. Мы далі ім істотныя льготы, прэферэнцыі на некаторы час, абаранілі іх”, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. Прадпрымальнікам гэта спадабалася, яны прывыклі і асобныя з іх пачалі працаваць па “шэрых схемах”, дадаў ён. А ў выніку беларускім прадпрыемствам таго ж легпрама, якія выпускаюць якасную прадукцыю, даводзіцца канкурыраваць з прадпрымальнікамі, якія ўвозяць у краіну тавары сумніўнай якасці, але маюць значна меншую падатковую нагрузку.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, такую сітуацыю неабходна было змяніць. “Я заўсёды лічыў, што трэба было зрабіць не так – для ўсіх павінен быць аднолькавы падыход”, - падкрэсліў Прэзідэнт.

Будаўніцтва АЭС, на думку Кіраўніка дзяржавы, дасць магчымасць амаль на трэць знізіць патрэбнасць Беларусі ў імпартных энерганосьбітах, а таксама значна ўмацаваць энергетычную і эканамічную бяспеку нашай краіны. Акрамя таго, узвядзенне ўласнай АЭС, роўна як і ўступленне Беларусі ў рады касмічных дзяржаў, дасць магчымасць даць “магутны імпульс для інтэлектуальнага скачка ў рэспубліцы”.

Гаворачы аб ролі СМІ у краіне, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі сёння ўплываюць на прыняцце важнейшых рашэнняў на дзяржаўным узроўні. Гэта вельмі сур’ёзная сіла, якая ў многім вызначае погляды, думкі і ўяўленні людзей, перакананы Прэзідэнт.

“Уплыў тэлебачання, прэсы, Інтэрнэта адчуваецца літаральна ва ўсіх сферах жыцця грамадства. СМІ павінны забяспечваць зваротную сувязь улады з народам, ставіць праблемныя пытанні перад органамі дзяржаўнага кіравання. Сродкі масавай інфармацыі з’яўляюцца важнейшым кампанентам грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. СМІ сёння сталі адным з самых аператыўных і надзейных барометраў грамадскай думкі”, - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што паралельна з ростам аўтарытэту і ўплыву СМІ узрастае і іх адказнасць перад грамадствам за праўдзівасць інфармацыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што сацыяльная адказнасць СМІ пачынаецца з сумлення кожнага канкрэтнага журналіста і павінна грунтавацца на сумленнасці, прыстойнасці і пачуцці грамадзянскага абавязку.

Пасля завяршэння выступлення Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні студэнцкай аўдыторыі. Іх было зададзена каля 30, у тым ліку асабістага характару.

Адказваючы на пытанне аб тым, як хутка можа быць прыняты Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт адзначыў: будучая саюзная Канстытуцыя павінна быць не слабейшая за цяпер дзеючы Саюзны дагавор.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў любой саюзнай дзяржаве павінен захоўвацца прынцып раўнапраўя. Калі ён не захоўваецца, то ніякі саюз не мае перспектыў. “Расія пакуль што да гэтага не гатова”, - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым сустрэча са студэнцкай аўдыторыяй доўжылася больш за тры гадзіны.

З поўным тэкстам выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі на сустрэчы са студэнтамі вы можаце азнаёміцца на рускай версіі Партала

© 2001-2011 Прэс-служба
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь