Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ступень даверу грамадзян да беларускіх судоў неабходна павышаць.
Паводле яго слоў, на гэтай сустрэчы вельмі важна, каб размова ішла як з кіраўнікамі, так і з тымі, хто непасрэдна на месцах ажыццяўляе правасуддзе. "Гэта неабходна для таго, каб ведаць аб тых праблемах, з якімі сёння сутыкаюцца суддзі, дапамагчы вырашыць тыя з іх, якія суды не ў стане пераадолець самі, абмеркаваць, што чакаюць ад нашай судовай сістэмы беларускія грамадзяне. Але галоўнае - неабходна вызначыць найбольш аптымальныя шляхі паляпшэння дзейнасці судовай улады, павышэння ступені даверу грамадзян да судоў і суддзяў. У гэтым, перш за ўсё, мэта сённяшняга мерапрыемства", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Прэзідэнт, дзяржава робіць усё для нармальнага функцыянавання судоў. "За апошнія пяць гадоў аб'ём бюджэтнага фінансавання агульных судоў павялічыўся амаль у чатыры разы. Праходзяць капітальныя рамонты будынкаў. У дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме на 2008 год прадугледжаны сродкі на будаўніцтва і рамонт яшчэ 13 аб'ектаў", - сказаў беларускі лідэр.
Паводле яго слоў, у цэлым у судовай сістэме Беларусі адсутнічаюць вострыя праблемы з матэрыяльна-тэхнічным аснашчэннем. Значна павялічана колькасць судзейскага корпуса і штату апарату суддзяў і ўстаноў юстыцыі.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што цяпер мэтанакіравана ўдасканальваецца нацыянальнае заканадаўства, у тым ліку ў сферы вядзення па справах. Упершыню ў гісторыі краіны ўведзены ў дзеянне Кодэкс аб судовым ладзе і статусе суддзяў, які рэгламентуе ўсе асноўныя пытанні дзейнасці судоў.
"Ацэньваючы мінулы перыяд, ёсць усе падставы сказаць, што гэта быў час дынамічнага і плённага развіцця беларускай судовай сістэмы", - перакананы Прэзідэнт.
Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі Кіраўнік дзяржавы рэгулярна праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі ўсіх галін дзяржаўнай улады. "Мы знайшлі добрыя формы сустрэч і з суддзямі - правядзенне з'ездаў суддзяў, а таксама падобных нарад з кіруючым складам усіх судовых інстанцый. У цэлым я ў курсе стану спраў у судовай сістэме, паколькі сустракаюся са старшынямі канстытуцыйнага, вярхоўнага і вышэйшага гаспадарчага судоў. І ўсё ж мне не хапае ўсебаковай і аб'ектыўнай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў судах, чаму людзі скардзяцца на выносімыя судовыя рашэнні, якасць работы суддзяў", - сказаў Прэзідэнт.
У Беларусі неабходна ўзмацніць процідзеянне наўмысным банкруцтвам.
"Да працэсу банкруцтва прадпрыемстваў мы павінны падыходзіць вельмі акуратна. Пры гэтым наўмысныя банкруцтвы дапускацца не павінны. Судам трэба вельмі скрупулёзна і нават педантычна падыходзіць да разгляду ўсіх спраў аб банкруцтве", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы даручыў Ураду прыняць неадкладныя меры па навядзенню парадку ў гэтай сферы. "Трэба зрабіць усё магчымае для стабілізацыі гаспадарчай і эканамічнай дзейнасці прадпрыемстваў. Не забывайце, што пры банкруцтве галоўнае - не ліквідацыя вытворчасці, а яго санацыя", - заявіў ён.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што банкруцтва - гэта праблема не толькі гаспадарчых судоў. "У гэтым пытанні неабходна цеснае ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў усіх узроўняў - як рэспубліканскіх, так і мясцовых. Дзяржаўныя органы ўлады беспадстаўна адышлі ад гэтых пытанняў", - перакананы беларускі лідэр.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў выключыць факты неабгрунтаванага прыцягнення да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.
Паводле слоў Прэзідэнта, суды і пракуратура яшчэ не да канца выкаранілі абвінаваўчы ўхіл у падыходах да ацэнкі доказаў і назначэння пакаранняў.
Вышэйшымі судамі па скаргах абвінавачаных, асуджаных і іх абаронцаў зменена звыш 200 прыгавораў у сувязі з перакваліфікацыяй іх учынкаў на больш мяккія склады злачынства. У адносінах да амаль 400 асоб зніжана пакаранне без перакваліфікацыі іх учынкаў. Аляксандр Лукашэнка з жалем канстатаваў, што колькасць неабгрунтавана асуджаных грамадзян з году ў год не скарачаецца і складае 10-12 чалавек. Толькі ў 2007 годзе да крымінальнай адказнасці незаконна прыцягнуты 11 чалавек. Прэзідэнт падкрэсліў, што кожны такі выпадак павінен скрупулёзна аналізавацца, а да суддзяў, якія дапусцілі такія парушэнні, прымяняцца самыя строгія меры ўздзеяння, аж да звальнення з займаемай пасады. "Суддзя пры вынясенні рашэння не можа дзейнічаць па прынцыпу "калі памылюся, мяне выправяць".
Правасуддзе не павінна быць запозненым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што эфектыўнасць правасуддзя ў значнай ступені залежыць ад якасці папярэдняга расследавання і дазнання. Паводле слоў Прэзідэнта, праваахоўнымі органамі на стадыях праверкі матэрыялаў, правядзення аператыўных мерапрыемстваў і расследавання дапускаюцца грубыя парушэнні крымінальна-працэсуальнага закона, а ў асобных выпадках і прамая фальсіфікацыя.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў цэлым канцэптуальных прэтэнзій да работы агульных судоў няма, сістэма выбудавана, укараняюцца прагрэсіўныя формы ажыццяўлення правасуддзя. Ён асабліва адзначыў высокі прафесіянальны ўзровень беларускага судзейскага корпуса і рашучасць у барацьбе з самымі небяспечнымі негатыўнымі праявамі. Аднак ёсць і неабходнасць у павышэнні якасці работы судоў агульнай юрысдыкцыі, унутраныя рэзервы для гэтага ёсць.
Прэзідэнт чарговы раз засяродзіў увагу на тым, што неапраўдана зацягнуўся перыяд адаптацыі суддзяў і пракурорскіх работнікаў да спаборнага крымінальнага працэсу. Суд не павінен адыходзіць ад напрацаваных на практыцы правіл, лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Першачарговая задача ўсіх судовых інстанцый - гэта ўдасканаленне судовага працэсу, выкараненне выпадкаў фармалізму і валакіты.
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што суддзі абавязаны няўхільна выконваць патрабаванні Дырэктывы № 2.
Прэзідэнт са шкадаваннем адзначыў, што ў судах яшчэ нямала фактаў фармальных адносін да праблем людзей. Аб гэтым сведчаць шматлікія скаргі грамадзян на несправядлівасць прымаемых рашэнняў, судовую валакіту, некарэктныя паводзіны суддзяў і работнікаў апаратаў судоў.
Кожны чацвёрты зварот на імя Прэзідэнта ў 2007 годзе датычыўся работы судоў, устаноў юстыцыі і праваахоўных органаў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што "асноўная задача суда - вырашаць канфлікты, а не ствараць іх". Чалавек звяртаецца ў суд як у вышэйшую інстанцыю з надзеяй, што справядлівасць будзе адноўлена. І ён павінен без усялякіх затрымак абараніць свае правы, атрымаць вычарпальныя адказы на пастаўленыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы лічыць недапушчальным, калі справы гадамі разглядаюцца ў розных судовых інстанцыях, неаднаразова перадаюцца на новыя судовыя разборы або ва ўжо прынятыя рашэнні пастаянна ўносяцца змяненні. А за кожнай справай - лёс канкрэтнага чалавека або юрыдычнай асобы.
У мэтах пазбягання такіх негатыўных з'яў трэба ўзмацніць узаемадзеянне ўнутрысудзейскага корпуса. У прыватнасці, актывізаваць работу з суддзямі па праблемных пытаннях прымянення дзеючага заканадаўства, наладзіць абмен вопытам. Трэба больш эфектыўна выкарыстоўваць вынікі аналізу судовай практыкі - гэта дзейсны інструмент выяўлення і ўстаранення недахопаў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што пашырэнне катэгорый і павелічэнне колькасці спрэчак, іх складанасць патрабуе пастаяннага ўдасканалення прафесіяналізму суддзі, глыбокага ведання ім заканадаўства і судовай практыкі. Калі ўвядзенне спецыялізацыі ў судах, як прапануюць суддзі, павысіць эфектыўнасць, значыць трэба ісці па гэтаму шляху, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што працэсы дэбюракратызацыі ў краіне патрабуюць аптымізаваць дзейнасць людзей і судоў у цэлым.
Дробязей тут няма, сказаў Прэзідэнт.
Ён акцэнтаваў увагу на тым, што не павінна быць незаконных выклікаў грамадзян у суд або сітуацый, калі суддзя, запрасіўшы сведку, не паспеў яго дапытаць. Справы трэба разглядаць у дакладна вызначаны час, каб грамадзяне не сядзелі гадзінамі ў чаканні, калі суддзя пажадае пачаць працэс.
Беларускія суды змаглі пазбегнуць палітызацыі і камерцыялізацыі ў сваёй рабоце і пры разглядзе спраў грунтуюцца выключна на прынцыпах законнасці і справядлівасці.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што асноўныя напрамкі развіцця судовай сістэмы краіны былі вызначаны на першым і другім з'ездах суддзяў. "Мы пайшлі па эвалюцыйнаму шляху, без узрушэнняў і неабдуманага пераймання замежнага вопыту. Мы вызначылі, што не будзем ламаць структуру судовай улады, якая склалася і нядрэнна зарэкамендавала сябе, а будзем яе спакойна ўдасканальваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, такі падыход сябе апраўдаў. Галоўнае, чаго ўдалося дасягнуць, - у айчынным судаводстве сёння няма праблем сістэмнага характару. Разам з тым ён падкрэсліў, што праблем застаецца нямала і прычын для самазаспакаення няма, аб чым красамоўна сведчаць і выступленні суддзяў на сённяшняй нарадзе.
Прэзідэнт нагадаў, што раней суды называліся народнымі, але потым ад гэтага тэрміна, як ад архаізма, пазбавіліся. Але гэта ніяк не павінна адлюстроўвацца на рабоце суддзяў - народны характар ляжыць у аснове айчыннага правасуддзя, падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на трэцім Усебеларускім народным сходзе вызначана стратэгія развіцця беларускай дзяржавы - пабудова сапраўднай дзяржавы для народа. Усе галіны ўлады на ўсіх яе ўзроўнях павінны быць нацэлены на ўважлівыя адносіны да патрэб грамадзяніна, на вырашэнне надзённых пытанняў жыццядзейнасці простага чалавека. Для дасягнення гэтай мэты ў 2006 годзе была выдадзена Дырэктыва № 2, якая патрабуе карэнным чынам змяніць адносіны дзяржаўных служачых да людзей, дэбюракратызаваць апарат. Паводле слоў Прэзідэнта, у вялікай ступені гэта адносіцца і да судовай сістэмы.
Цяпер удасканальваецца заканадаўства па рабоце з грамадзянамі, спрашчаюцца адміністрацыйныя працэдуры, прымаюцца іншыя меры па больш аператыўнай і эфектыўнай рабоце судоў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бесперашкодны доступ да правасуддзя, магчымасць звароту ў суд - рэальныя спосабы абараніць свае правы, сродак барацьбы з бюракратыяй, адміністрацыйным самавольствам.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць ролю пракуратуры ў забеспячэнні выканання патрабаванняў Дырэктывы № 2, захаванні заканадаўства пры вынясенні судовых рашэнняў.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, "да гэтага часу не адзінкавыя выпадкі, калі суддзі па надуманых прычынах адмаўляюць грамадзянам у прыняцці заяў, прапануюць прадаставіць дакументы, у якіх асаблівай неабходнасці няма".
У выніку праведзеных праверак па пратэстах пракурораў поўнасцю або часткова адменена больш як 800 рашэнняў судоў па грамадзянскіх справах, адменены або зменены прыгаворы адносна амаль 1 тыс. 300 асуджаных. Кожны дзесяты зварот па пытаннях, звязаных з разглядам грамадзянскіх спраў, прызнаны абгрунтаваным.
У інтарэсах грамадзян пракуроры накіравалі ў суды больш як 2 тыс. заяў, з іх задаволена амаль 1 тыс. 700. Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна сур'ёзна разабрацца па кожнаму факту і вызначыць, што за гэтымі лічбамі - непрафесіяналізм суддзяў або нейкія іншыя прычыны, і вырашыць праблему ў цэлым.
Ва ўсіх відах судаводства павінна быць забяспечана прэзумпцыя невінаватасці.
"Пры недаказанасці віны павінна быць апраўданне", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што пры няяснасці або недакладнасці прадпісанняў прававога акта суд, прымаючы рашэнне, павінен зыходзіць з максімальнага ўліку інтарэсаў грамадзян, юрыдычных асоб.
Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу звярнуў на пытанні павышэння аператыўнасці правасуддзя. "Як інфармуюць кіраўнікі судоў, у гэтым напрамку зроблена нямала.
Шырокае прымяненне ў судовай практыцы атрымалі загаднае вядзенне, скарочаны парадак судовага следства па крымінальных справах. У новай рэдакцыі Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса прадугледжана скарачэнне тэрмінаў разгляду эканамічных спрэчак і абскарджанне судовых пастаноў. Уведзены інстытуты апеляцыйнага судаводства і пасрэдніцтва", - сказаў ён.
Але і тут яшчэ застаецца нямала пытанняў. Прэзідэнт лічыць, што неабхона прыняць вычарпальныя меры для таго, каб тэрміны разгляду спраў і час знаходжання ўдзельнікаў судовага працэсу ў судах былі мінімальныя, а колькасць беспадстаўна адкладзеных і прыпыненых спраў зведзена да нуля.
Кожны зрыў судовага працэсу сур'ёзна падрывае аўтарытэт не толькі правасуддзя, але і ўлады.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў судах па-ранейшаму застаецца вялікая колькасць адкладзеных і прыпыненых спраў. Напрыклад, у судзе Фрунзенскага раёна сталіцы адкладваецца столькі ж спраў, колькі ў судах Брэсцкай і Гомельскай абласцей разам узятых. У 2007 годзе ў суд Маскоўскага раёна Мінска не з'явіліся 49 абвінавачаных, якія не знаходзяцца пад вартай. 52 крымінальныя справы ў суде Заводскага раёна сталіцы былі адкладзены з-за няяўкі сведкаў.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гаспадарчых судах у мінулым годзе адкладвалася амаль 3 тыс. спраў (7 % ад агульнай колькасці спраў, разгледжаных у парадку іскавога вядзення). Прычына гэтага, верагодна, у неарганізаванасці работы суддзяў і слабым кантролі з боку кіраўніцтва судоў.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адказнасць за адкладанне крымінальных і некаторых катэгорый грамадзянскіх спраў з-за няяўкі абавязаных асоб нясуць і органы міліцыі, якія не выканалі даручэнне судоў па іх дастаўцы. На думку Прэзідэнта, недапушчальнымі з'яўляюцца факты, калі асобныя справы аб адміністрацыйных правапарушэннях адкладваюцца з-за няяўкі супрацоўнікаў міліцыі, прыцягнутых у якасці сведкаў. Органы міліцыі і суды павінны каардынаваць сваю работу.
Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на пытанні арганізацыі судовых працэсаў. У якасці прыкладу ён прывёў выпадак, калі 3,5 месяца суддзя ў Кобрынскім раёне не рэгістраваў заяву аб прыцягненні чалавека да крымінальнай адказнасці. Пасля ўзбуджэння крымінальная справа неаднаразова адкладвалася, пакуль не скончыліся тэрміны прыцягнення вінаватага да адказнасці.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Вярхоўнага, Вышэйшага гаспадарчага судоў і Міністэрства юстыцыі, каб ні адзін выпадак неабгрунтаванага прыпынення, адкладання спраў, ні адзін факт безадказных адносін суддзяў да работы не заставаўся без увагі вышэйстаячых судоў і кваліфікацыйных калегій суддзяў.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў арганізаваць дакладнае ўзаемадзеянне розных судова-экспертных устаноў, павысіць эфектыўнасць іх работы, вырашыць праблему своечасовасці і аператыўнасці правядзення судовых экспертыз.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на аператыўнасць ажыццяўлення правасуддзя разам з судовымі памылкамі ўплывае і працягласць правядзення экспертыз. Прэзідэнт прывёў прыклад, калі ў выніку правядзення экспертыз па іску мінчанкі да аднаго з прадпрыемстваў ЖКГ разгляд справы зацягнуўся на 4 гады.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне функцыянуе мноства экспертных устаноў - пры пракуратуры, Мінюсце, МНС, МУС, Мінабароны, КДБ, у пагранічнікаў, мытнікаў. Ён адзначыў, што ўсё часцей паступаюць нараканні ў іх адрас адносна недастатковай аператыўнасці. Не рэдкія таксама выпадкі, калі заключэнні, якія выносяць эксперты розных цэнтраў па адной і той жа справе, супярэчаць адно аднаму. Прэзідэнт лічыць неабходным сур'ёзна вывучыць работу гэтых экспертных цэнтраў і потым прымаць адпаведныя рашэнні. "Магчыма, трэба паглядзець шырэй і прадаставіць права самім суддзям вырашаць, куды ім звяртацца за заключэннямі і экспертызай", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён прапанаваў разгледзець пытанне аб скарачэнні колькасці экспертных устаноў або магчымым стварэнні адзінага цэнтра.
Суддзя не мае права на памылку. "У руках суддзі сканцэнтравана вялікая ўлада, таму і адказнасць за сваю работу павінна быць вялікая. Там, дзе вяршыцца правасуддзе, пралікі проста недапушчальныя", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што факты судовага бюракратызму, хабарніцтва або грубыя судовыя памылкі падрываюць давер не толькі да суда, але і да дзяржавы ў цэлым.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ад недасведчанасці або халатнасці суддзяў ні ў якім выпадку не павінны цярпець людзі. "Судовая сістэма ў нас у дзяржаве адна.
Значыць, трэба вызначаць агульныя падыходы, сумесна прымаць меры да вырашэння прававых пытанняў. Няма асобных праблем, што датычацца толькі агульных судоў, або толькі гаспадарчых судоў, або толькі Канстытуцыйнага суда. Ніякай раз'яднанасці быць не павінна. Тым больш, недапушчальна, каб з-за гэтага цярпелі людзі", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы асобна спыніўся на пытаннях выканання рашэнняў, звязаных з абавязацельствамі бацькоў перад дзецьмі. Ён нагадаў, што ў рэспубліцы прыняты закон аб правах дзіцяці, выдадзены дэкрэт нумар 18 аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем'ях, які абавязаў нядбайных бацькоў працаўладкавацца і кампенсаваць расходы дзяржавы на ўтрыманне дзяцей. Гаворачы аб рэалізацыі гэтага Дэкрэта, Прэзідэнт падкрэсліў, што ні ў якім выпадку нельга забываць пра канчатковую мэту прымаемых мер - вяртанне дзіцяці ў нармальную сям'ю. Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў, што закладзены ў імя гэтага ў дэкрэце механізм пачаў працаваць: з 205 заяў аб аднаўленні ў бацькоўскіх правах, што паступілі ў суды за 2007 год, 185 задаволена. Ён таксама дадаў, што трэба і ў далейшым усяляк стымуляваць людзей да належнага выканання сваіх бацькоўскіх абавязкаў.
Прэзідэнт засяродзіў увагу на фактычным выкананні рашэнняў судоў. "Судовая ўлада з'яўляецца складальнікам дзяржаўнай улады і таму неаддзельная ад усіх працэсаў, якія адбываюцца ў нашым грамадстве і краіне", - адзначыў ён. Цяпер грамадзяне і арганізацыі ўсё часцей вырашаюць свае праблемы праз суд. "Гэта вынік не толькі дынамічнага развіцця сацыяльных адносін і эканомікі краіны, але і павышэння ўзроўню прававой культуры ў грамадстве, росту даверу людзей да правасуддзя.
Першачарговая задача - захоўваць і ўмацоўваць гэты давер", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама дадаў, што адной з умоў дынамічнага развіцця дзяржавы з'яўляецца павышэнне эфектыўнасці правасуддзя.
Да расследавання і разгляду крымінальных спраў аб карупцыйных злачынствах у Беларусі неабходна падыходзіць больш скрупулёзна і акуратна.
"Сур'ёзныя недапрацоўкі следства сёння выяўляюцца ў ходзе разгляду крымінальных спраў аб карупцыйных злачынствах, а таксама іншых спраў, якія маюць грамадскі рэзананс і значнасць. Хачу падкрэсліць, што ў гэтай рабоце надзвычай небяспечна перагнуць палку ў пагоні за колькаснымі паказчыкамі", - падкрэсліў беларускі лідэр. У прыватнасці, прыцягваючы да адказнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў, канцэрнаў за злачынствы, непасрэдна не звязаныя з крадзяжамі і хабарніцтвам, праваахоўныя органы часам зыходзяць з фармальнай неадпаведнасці рашэнняў гэтых асоб існуючым актам заканадаўства і розным інструкцыям, адзначыў ён.
Аднак, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходна ўлічваць, што паспешлівае, непрадуманае ўзбуджэнне крымінальных спраў наносіць шкоду дзелавой рэпутацыі прадпрыемстваў, ускладняе знешнеэканамічную дзейнасць. "У некаторых выпадках за такімі справамі лёс не аднаго чалавека, а часам цэлага калектыву. Для таго каб правільна ацаніць дзеянні кіраўніка, неабходна ўсё комплексна ўлічваць, у тым ліку і аб'ектыўныя абставіны, якія паўплывалі на іх учыненне", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка даручыў Генеральнаму пракурору, Міністэрству ўнутраных спраў, Камітэту дзяржаўнай бяспекі і Камітэту дзяржкантролю навесці парадак у гэтай сферы. "Трэба выбудаваць сістэму так, каб адсочваць ход крымінальнай справы з моманту яе ўзбуджэння да разгляду ў судзе", - дадаў Прэзідэнт.
Паўнамоцтвы Канстытуцыйнага суда Беларусі будуць узмоцнены і, магчыма, пашыраны.
"Патэнцыял Канстытуцыйнага суда павінен быць больш шырока задзейнічаны ў нашай дзяржаве. У бліжэйшы час праекты адпаведных прававых актаў будуць унесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў", - падкрэсліў беларускі лідэр.
Паводле слоў Прэзідэнта, ён чакае ад суддзяў КС прапаноў па пашырэнню іх паўнамоцтваў. "Хачу сказаць, што суддзям Канстытуцыйнага суда трэба будзе правесці пэўную частку работы, у тым ліку па канстытуцыйнаму кантролю за судовай сістэмай. Якія крокі тут будуць прыняты, мы абавязкова абмяркуем з кіраўнікамі судоў і ўсімі жадаючымі. Гэта будзе зроблена далікатна і толькі з адной мэтай - прэзідэнт павінен атрымліваць самую шырокую інфармацыю аб дзейнасці судоў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што праводзімая ў дзяржаве палітыка накіравана перш за ўсё на забеспячэнне і захаванне правоў і інтарэсаў грамадзян. "Але ж апошняя інстанцыя ў рабоце з насельніцтвам - гэта, фактычна, суды. Суды могуць узняць настрой чалавеку, а могуць і загубіць настрой увогуле. Я добра ведаю, што такое судовая сістэма, і ў гэтым плане вельмі шаноўна і акуратна стаўлюся да работы судовай улады і ўсяго таго, што з ёю звязана. Адсюль і мае патрабаванні да праваахоўных органаў, пракуратуры", - адзначыў беларускі лідэр.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што ў Беларусі пры назначэнні суддзяў і кіраўнікоў праваахоўных органаў прымаюцца пад увагу ў першую чаргу іх прафесійныя якасці. "Не думаю, што хто-небудзь можа сказаць, што я назначаю суддзяў або кіраўнікоў сілавога блока зыходзячы з асабістай адданасці або яшчэ з чаго-небудзь такога ж. Зусім не! З майго пункту гледжання - гэта высокапрафесіянальныя людзі, якія ў тым ліку маюць сваю думку па многіх пытаннях. Гэта думка можа разыходзіцца з думкай Прэзідэнта, аб чым яны адкрыта гавораць. І мы разам думаем, як у такой сітуацыі дзейнічаць і якое рашэнне прыняць. Але галоўную ролю адыгрывае прафесіяналізм у рабоце па ўсіх напрамках", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама дадаў, што ніколі не націскаў ні на аднаго суддзю.
Беларускія судовыя органы павінны больш узважана і выбіральна падыходзіць да прымянення такога віду пакарання, як пазбаўленне волі.
"Нам неабходна шукаць новыя магчымасці для ўдасканалення інстытутаў крымінальнай адказнасці і іх аптымізацыі, - лічыць Прэзідэнт. - Настаў час праяўляць больш узважаны і выбіральны падыход да прымянення такога віду пакарання, як пазбаўленне волі. Яго ўдзельная вага хоць і зніжаецца, але ўсё ж застаецца неапраўдана высокай".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць альтэрнатыўныя меры пакарання - штраф, папраўчыя работы, абмежаванне волі. Іх неабходна больш шырока прымяняць за ўчыненне менш цяжкіх злачынстваў або злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспечнасці.
На думку Прэзідэнта, важна адрозніваць злоснае і наўмыснае злачынства ад ненаўмыснай памылкі. "Можа, трэба адмаўляцца ад прымянення крымінальнага пакарання там, дзе мэта можа быць дасягнута мерамі адміністрацыйнай адказнасці. Аднак не можа быць паблажкі асобам, якія ўчынілі цяжкія злачынствы, звязаныя з насіллем над асобай, карупцыяй", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што эфектыўнасць правасуддзя і яго ўплыў на агульную крымінагенную сітуацыю ў краіне ў многім вызначаецца правільным выбарам мер пакарання. "У першую чаргу пакаранне павінна быць накіравана на перавыхаванне чалавека і папярэджанне ўчынення ім новых злачынстваў. У нас часта атрымліваецца наадварот", - сказаў беларускі лідэр.
У апошнія гады скарачаецца колькасць асоб, якія ўчыняюць злачынствы ўпершыню, адзначыў прэзідэнт. Разам з тым насцярожвае высокі ўзровень рэцыдыўнай злачыннасці. |