Аб ходзе расследавання надвычайнага здарэння, якое адбылося ў Мінску ў час святкавання Дня Незалежнасці, было даложана 7 ліпеня Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку.
Кіраўнік дзяржавы, які прысутнічаў у ноч з 3 на 4 ліпеня на гала-канцэрце каля стэлы "Мінск - горад-герой", праз некалькі мінут пасля інцыдэнту пабываў на месцы, дзе ўрачы аказвалі дапамогу пацярпелым, а затым агледзеў месца выбуху. Прэзідэнт узяў расследаванне гэтага здарэння пад свой асабісты кантроль.
"Трэба сказаць аб'ектыўна: гэта быў адзіны такі выпадак у час святкавання Дня Незалежнасці па ўсёй краіне. Адзіны, але сумны. За двое сутак я азнаёміўся з усімі тымі матэрыяламі і думкамі, якія бытуюць не толькі сярод журналістаў, але і сярод звычайных грамадзян", - адзначыў яшчэ да пачатку даклада Прэзідэнт.
"Хачу падкрэсліць: нікому, ніводнай сілавой структуры, ніводнаму дзяржаўнаму органу не будзе дазволена рэтушаваць або ўтойваць тую праўду, якая ёсць за непасрэдным успрыманнем гэтых падзей грамадзянамі. Я бачыў усё. На жаль, больш, чым любы сілавы міністр. І атрымліваў сам інфармацыю на месцы. Мне часта задаюць пытанне: навошта я туды палез? Я б туды не палез, калі б не ўбачыў, па-першае, тое, што вы, Генадзь Мікалаевіч (Нявыглас) з Косінцам сабралі дзесяткі карэт хуткай дапамогі, і яны тапталіся на месцы з "мігалкамі", пакуль я туды не прыйшоў. Чаму не вывозілі людзей, якія былі лёгка паранены? Навошта сабралі там гэтыя "мігалкі"? Вы што, не разумееце, што гэта прыцягвала ўвагу людзей і магло выліцца ў паніку? І гэта - галоўная прычына, чаму Прэзідэнту давялося туды ісці: каб супакоіць людзей. Чаму нават пасля таго, як я распарадзіўся выключыць гэтыя "мігалкі" - навошта яны вам, у вас свабодная вуліца, - вы ўстройвалі гэту "дыскатэку"? Чаму не стварылі суперспецыяльную брыгаду, якая магла б аказваць дапамогу не вельмі цяжка параненым людзям на месцы, без эвакуацыі?" - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, адпаведныя службы спрацавалі недастаткова аператыўна і арганізавана.
"Яшчэ адно пытанне - кустовыя насаджэнні. Зразумела, што рызыка выбуху можа зыходзіць перш за ўсё адтуль. Дык мне давялося аглядаць гэту варонку, каб аддаць загад закрыць целамі міліцыянераў гэтыя месцы. Гэта - аб прафесіяналізме нашай міліцыі. Не думаю, Віктар Уладзіміравіч (Шэйман), што вы павінны заставацца на гэтай пасадзе пасля інцыдэнту. Вы вінаваты перш за ўсё! Вы па даручэнню Прэзідэнта не адзін год, а дзесяць гадоў арганізуеце такія мерапрыемствы. Вы і Кіраўнік Адміністрацыі: яго - палітычны бок, ваша - бяспека. Нічога не зрабілі! І пішаце мне рапарты пасля самога здарэння. Ды я больш за вас ведаю аб тым, што там здарылася!" - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што ў яго ёсць да прысутных нямала пытанняў. "Размова павінна быць жорсткая, вельмі шчырая. Я не хацеў бы аб гэтым гаварыць, як вы будзеце падтрымліваць пацярпелых. Але іх падтрымаць трэба, яны ні ў чым не вінаватыя. Людзі прыйшлі на свята. І давайце будзем шчырыя: адпаведныя службы і мы разам з вамі не змаглі забяспечыць бяспеку людзей, хоць у нашай краіне гэта можна было б зрабіць элементарна. Я рэаліст і разумею: калі паўмільёна людзей тоўпіцца на абмежаванай прасторы, гэта зрабіць вельмі складана. Але гэты выпадак адбыўся ў тых месцах, дзе, як мне дакладвалі, міліцыя, КДБ поўзалі па-пластунску, тых, якія былі ўзяты пад асаблівую ахову. Як жа так здарылася? Як жа вы тады ахоўвалі?" - задаў рэзонныя пытанні Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт запатрабаваў разабрацца ва ўсім дасканала. "І майце на ўвазе, калі адбудзецца паўтарэнне "віцебскага" варыянта ў краіне (калі расследаванне не дало канкрэтных вынікаў), значыць, працаваць на вашых пасадах будуць іншыя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Папярэджваю: патрэбны канкрэтныя версіі, канкрэтныя вынікі. Прайшло трое сутак. Мне было абяцана, што праз два дні ўжо будуць першыя рэзультаты. Я хацеў бы пра іх пачуць".
Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклады начальніка Службы бяспекі Прэзідэнта Андрэя Уцюрына, Міністра аховы здароўя Васіля Жарко, Міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, Старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Юрыя Жадобіна.
Па выніках абмеркавання Прэзідэнт даў канкрэтныя даручэнні, якія датычацца расследавання гэтага надзвычайнага здарэння. |