Дарагія суайчыннікі!
Сардэчна віншую вас з Днём Канстытуцыі.
Гэта свята мае асаблівае значэнне для нашай суверэннай дзяржавы, для кожнага грамадзяніна.
Прыняцце Асноўнага Закона паклала пачатак пазітыўным працэсам станаўлення і ўмацавання інстытутаў дзяржаўнай улады і грамадства, стала неабходнай умовай для дынамічнага развіцця эканамічнага, сацыяльнага і культурнага патэнцыялу Беларусі.
Канстытуцыяй гарантаваны грамадзянам фундаментальныя правы і свабоды, закладзена трывалая аснова прагрэсіўнай дэмакратычнай нарматворчасці, вызначана, што менавіта народ з'яўляецца носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай улады.
Сёння мы цвёрда можам сказаць: Канстытуцыя паказала сваю жыццёвую сілу. Рэспубліка Беларусь упэўнена рухаецца наперад, развіваючы эканоміку і сацыяльную сферу, умацоўваючы свае міжнародныя пазіцыі. У краіне павышаюцца аб'ёмы прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, значна паляпшаецца
становішча ў адукацыі, ахове здароўя, жыллёвым будаўніцтве, адраджаюцца гарады і вёскі.
Нам трэба яшчэ многае зрабіць для кардынальнага павышэння якасці жыцця людзей і далейшага ўздыму эканомікі. Поспех у вырашэнні гэтых важнейшых задач залежыць ад кожнага з нас, ад нашай працы, дастойнага служэння Айчыне.
Наша сіла - у адзінстве народа і ўлады.
Жадаю ўсім аптымізму, дабра, дабрабыту, здароўя і шчасця.
Аляксандр Лукашэнка
15 сакавіка 2008 года |