Аб членах Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў з правам дарадчага голасу пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання
У мэтах забеспячэння больш шырокага ўдзелу палітычных партый у выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання і ў адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь п а с т а н а ў л я ю:
1. Прадаставіць права палітычным партыям, якія вылучылі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання (далей - Палата прадстаўнікоў), накіраваць у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў (далей - Цэнтральная камісія) па аднаму члену камісіі з правам дарадчага голасу.
2. Устанавіць, што:
2.1. палітычная партыя мае права накіраваць у Цэнтральную камісію свайго члена з правам дарадчага голасу з дня ўнясення ў адпаведную акруговую выбарчую камісію дакументаў для рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, вылучанага гэтай партыяй. Рашэнне кіруючага органа палітычнай партыі аб накіраванні свайго прадстаўніка ў Цэнтральную камісію прадстаўляецца ў гэту камісію;
2.2. членамі Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу не могуць быць кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і іх давераныя асобы;
2.3. член Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу абавязаны прытрымлівацца Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, выконваць патрабаванні Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь і іншых актаў заканадаўства аб выбарах, не ўчыняць дзеянняў, што дыскрэдытуюць Цэнтральную камісію або перашкаджаюць яе рабоце;
2.4. член Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу мае права:
уносіць у парадак дня пасяджэння Цэнтральнай камісіі прапановы па пытаннях, што ўваходзяць у яе кампетэнцыю, і патрабаваць правядзення галасавання па іх;
выступаць на пасяджэннях Цэнтральнай камісіі;
задаваць удзельнікам пасяджэння Цэнтральнай камісіі пытанні ў адпаведнасці з парадкам дня і атрымліваць на іх адказы;
2.5. член Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу не мае права:
удзельнічаць у праводзімых Цэнтральнай камісіяй праверках, у галасаванні пры прыняцці гэтай камісіяй рашэнняў;
даваць растлумачэнні і ўказанні, рабіць паведамленні ад імя Цэнтральнай камісіі;
2.6. паўнамоцтвы члена Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу могуць быць датэрмінова спынены па яго заяве, па рашэнню кіруючага органа палітычнай партыі, па рашэнню названай камісіі пры выбыцці з выбарчых акруг усіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, вылучаных палітычнай партыяй, а таксама пры ўчыненні ім дзеянняў, што дыскрэдытуюць Цэнтральную камісію або перашкаджаюць яе рабоце;
2.7. тэрмін паўнамоцтваў членаў Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу спыняецца пасля падвядзення вынікаў выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
3. Гэты Дэкрэт уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання, з’яўляецца часовым і згодна з часткай трэцяй артыкула 101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прадстаўляецца на разгляд Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка
|