Аб спрошчанай сістэме падаткаабкладання
У мэтах спрашчэння парадку падаткаабкладання арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, стварэння спрыяльных умоў для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці п а с т а н а ў л я ю:
1. Зацвердзіць прыкладзенае Палажэнне аб спрошчанай сістэме падаткаабкладання (далей - Палажэнне).
2. Устанавіць, што:
2.1. арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія адпавядаюць вызначаным у гэтым Указе ўмовам прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання і выкарыстоўваюць у 2007 годзе да яго ўступлення ў сілу спрошчаную сістэму падаткаабкладання, маюць права прадоўжыць яе прымяненне з 1 ліпеня 2007 г. на ўмовах, прадугледжаных у гэтым Указе. Аб прынятым рашэнні па прымяненню спрошчанай сістэмы падаткаабкладання ў адпаведнасці з гэтым Указам такія арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі да 1 чэрвеня 2007 г. у адвольнай форме пісьмова інфармуюць падатковы орган па месцы іх пастаноўкі на ўлік.
Плацяжы, унесеныя ў 2007 годзе да ўступлення ў сілу гэтага Указа і не залічаныя ў лік пагашэння гадавога кошту патэнта, які засведчвае права прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, падлягаюць заліку ў кошт маючых адбыцца плацяжоў па падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання, вылічаных у адпаведнасці з Палажэннем, зацверджаным гэтым Указам, або вяртанню ў парадку, устаноўленым заканадаўствам для заліку, вяртання залішне выплачанай сумы падатку, збору (пошліны), пені;
2.2. арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выказалі жаданне перайсці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання з 1 ліпеня 2007 г., маюць права звярнуцца да 1 чэрвеня 2007 г. у падатковыя органы па месцы пастаноўкі на ўлік з заявай аб пераходзе на спрошчаную сістэму падаткаабкладання;
2.3. арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю пасля ўступлення ў сілу гэтага Указа, маюць права перайсці на спрошчаную сістэму падаткаабкладання з дня іх дзяржаўнай рэгістрацыі з выкананнем патрабаванняў, вызначаных у пунктах 19 і 21 Палажэння, зацверджанага гэтым Указам;
2.4. арганізацыі з сярэдняй колькасцю работнікаў за кожны месяц, якая не перасягае 15 чалавек (спісачная колькасць, колькасць знешніх сумяшчальнікаў і асоб, якія выконвалі работы па грамадзянска-прававых дагаворах, а таксама работнікаў у філіялах, прадстаўніцтвах або іншых адасобленых падраздзяленнях арганізацый), якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання, прадстаўляюць спрошчаную дзяржаўнаую статыстычную справаздачнасць па форме і ў парадку, устаноўленых рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання ў галіне дзяржаўнай статыстыкі;
2.5. неправамернае выкарыстанне арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, якія выявіліся ў парушэнні патрабаванняў, выкладзеных у пунктах 2, 4, 19 і 24 Палажэння, зацверджанага гэтым Указам, прыводзіць да прымянення мер адказнасці, прадугледжаных заканадаўчымі актамі за нявыплату або няпоўную выплату сумы падатку, збору (пошліны).
3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь у двухмесячны тэрмін:
прадставіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь для ўзгаднення пералік пасёлкаў гарадскога тыпу і гарадоў раённага падпарадкавання з колькасцю насельніцтва да 50 тыс. чалавек, у якіх для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў (акрамя тых, што ажыццяўляюць гандлёвую пасрэдніцкую дзейнасць) з месцам знаходжання (жыхарства) у гэтых населеных пунктах прымяняюцца паніжаныя стаўкі падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання;
забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Указам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі.
4. Гэты Указ уступае ў сілу з 1 ліпеня 2007 г., за выключэннем падпунктаў 2.1 і 2.2 пункта 2, пункта 3 і гэтага пункта, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання Указа.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнка.
ЗАЦВЕРДЖАНА Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 09.03.2007 нумар 119
ПАЛАЖЭННЕ аб спрошчанай сістэме падаткаабкладання
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1. У гэтым Палажэнні вызначаюцца ўмовы прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, плацельшчыкі, аб'ект падаткаабкладання, падатковая база, падатковая стаўка, парадак вылічэння падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання, парадак і тэрміны яго выплаты і прадстаўлення падатковай дэкларацыі (разліку) па гэтаму падатку, а таксама ўмовы пераходу на спрошчаную сістэму падаткаабкладання і спынення яе прымянення.
2. Не маюць права прымяняць спрошчаную сістэму падаткаабкладання (далей - спрошчаная сістэма):
2.1. арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі:
якія вырабляюць падакцызныя тавары;
якія вырабляюць і (або) рэалізуюць ювелірныя вырабы з каштоўных металаў і (або) каштоўных камянёў;
якія займаюцца ігральным бізнесам;
якія ажыццяўляюць:
латарэйную дзейнасць;
турыстычную дзейнасць;
прафесійную дзейнасць на рынку каштоўных папер;
дзейнасць у рамках простага таварыства і (або) гаспадарчай групы;
дзейнасць у якасці рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон або Парку высокіх тэхналогій;
2.2. арганізацыі, якія ажыццяўляюць:
рыэлтарскую дзейнасць;
страхавую дзейнасць (страхавыя арганізацыі, у тым ліку таварыствы ўзаемнага страхавання, страхавыя брокеры, аб'яднанні страхаўшчыкоў);
банкаўскую дзейнасць (банкі і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі);
2.3. арганізацыі, якія вырабляюць сельскагаспадарчую прадукцыю і выплачваюць адзіны падатак для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі;
2.4. індывідуальныя прадпрымальнікі ў частцы дзейнасці, па якой выплачваецца адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб.
ГЛАВА 2
ПЛАЦЕЛЬШЧЫКІ, АБ'ЕКТ ПАДАТКААБКЛАДАННЯ, ПАДАТКОВАЯ БАЗА, ПАДАТКОВАЯ СТАЎКА, ПАРАДАК ВЫЛІЧЭННЯ ПАДАТКУ, ТЭРМІНЫ ЯГО ВЫПЛАТЫ І ПРАДСТАЎЛЕННЯ ПАДАТКОВАЙ ДЭКЛАРАЦЫІ (РАЗЛІКУ) ПРЫ СПРОШЧАНАЙ СІСТЭМЕ
3. Плацельшчыкамі падатку пры спрошчанай сістэме прызнаюцца арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, за выключэннем арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, названых у пункце 2 гэтага Палажэння, якія перайшлі на прымяненне такой сістэмы і прымяняюць яе ва ўстаноўленым парадку.
4. Прымяняць спрошчаную сістэму маюць права пры адначасовым выкананні наступных крытэрыяў сярэдняй колькасці работнікаў і валавой выручкі на працягу першых дзевяці месяцаў года, што папярэднічаюць году, з якога прэтэндуюць на яе прымяненне:
4.1. арганізацыі з сярэдняй колькасцю работнікаў за кожны месяц, якая не перавышае 15 чалавек, і індывідуальныя прадпрымальнікі, калі памер іх валавой выручкі складае:
не больш як 450 млн. рублёў;
больш як 450 млн. рублёў, але не больш як 1 500 млн. рублёў.
Для мэт гэтага Палажэння:
пад сярэдняй колькасцю работнікаў за кожны месяц разумеецца спісачная колькасць, колькасць знешніх сумяшчальнікаў і асоб, якія выконвалі работы па грамадзянска-прававых дагаворах, а таксама работнікаў у філіялах, прадстаўніцтвах або іншых адасобленых падраздзяленнях арганізацый;
валавая выручка вызначаецца ў адпаведнасці з пунктам 10 гэтага Палажэння;
4.2. арганізацыі з сярэдняй колькасцю работнікаў за кожны месяц звыш 15 да 100 чалавек уключна, калі памер іх валавой выручкі не перавысіў 1 500 млн. рублёў.
5. Памеры валавой выручкі, названыя ў гэтым Палажэнні, штогод індэксуюцца ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на чарговы фінансавы (бюджэтны) год.
6. Выплата падатку пры спрошчанай сістэме:
замяняе выплату падаткаў, збораў (пошлін) і адлічэнняў у мэтавыя бюджэтныя і пазабюджэтныя фонды, за выключэннем пералічаных у пункце 7 гэтага Палажэння;
не вызваляе рэспубліканскія і камунальныя унітарныя прадпрыемствы, маёмасць якіх знаходзіцца на праве гаспадарчага вядзення, гаспадарчыя таварыствы, адносна якіх Рэспубліка Беларусь або яе адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, валодаючы акцыямі (долямі ў статутных фондах) або іншым чынам, што не супярэчыць заканадаўству, можа вызначаць рашэнні, што прымаюцца гэтымі гаспадарчымі таварыствамі, ад пералічэння ў адпаведнасці з заканадаўствам часткі прыбытку (даходу) у бюджэт.
7. Для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму, захоўваецца агульны парадак выплаты:
падаткаў, збораў (пошлін), што спаганяюцца пры ўвозе (вывазе) тавараў на мытную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь;
дзяржаўнай пошліны;
рэгістрацыйных і ліцэнзійных збораў;
афшорнага збору;
гербавага збору;
падатку на набыццё аўтамабільных транспартных сродкаў;
абавязковых страхавых узносаў і іншых плацяжоў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны;
падатку на дабаўленую вартасць, за выключэннем арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія адпавядаюць крытэрыям, названым у абзацах першым і другім часткі першай падпункта 4.1 пункта 4 гэтага Палажэння.
Пры ўстанаўленні іншых падаткаў, збораў (пошлін) і адлічэнняў у мэтавыя бюджэтныя і пазабюджэтныя фонды абавязак па іх выплаце ўскладаецца на арганізацыі і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму, шляхам унясення змяненняў і дапаўненняў у частку першую гэтага пункта.
8. Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прымяняюць спрошчаную сістэму:
адпаведныя крытэрыям, вызначаным у абзацам першым і другім часткі першай падпункта 4.1 пункта 4 гэтага Палажэння, маюць права выплачваць падатак на дабаўленую вартасць пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці не менш за адзін каляндарны год і адносна ўсіх аб'ектаў абкладання гэтым падаткам, падаўшы адпаведную заяву ў падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік;
выконваюць абавязкі падатковых агентаў, у тым ліку ўтрымліваюць пры выплаце заработнай платы і іншых даходаў з сум, што налічваюцца (пералічваюцца), падаткі, зборы (пошліны) у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
9. Аб'ектам падаткаабкладання прызнаецца ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
10. Падатковай базай прызнаецца валавая выручка, якая вызначаецца як сума выручкі, атрыманай за падатковы перыяд арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, і даходаў ад пазарэалізацыйных аперацый.
Да даходаў ад пазарэалізацыйных аперацый адносяцца даходы, што ўключаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам у склад даходаў ад пазарэалізацыйных аперацый пры вылічэнні падатку на прыбытак і падаходнага падатку з фізічных асоб.
У падатковую базу не ўключаюцца:
выручка ад продажу замежнай валюты;
выручка індывідуальных прадпрымальнікаў ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) па дзейнасці, якая падлягае абкладанню адзіным падаткам з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб;
сума падатку на дабаўленую вартасць, прад'яўленага пакупнікам і аплачанага пакупнікамі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, - для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму і выплачваюць падатак на дабаўленую вартасць.
11. Стаўка падатку пры спрошчанай сістэме ўстанаўліваецца:
10 працэнтаў - для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія не выплачваюць падатак на дабаўленую вартасць;
8 працэнтаў - для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выплачваюць падатак на дабаўленую вартасць.
12. Для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў (акрамя тых, якія ажыццяўляюць гандлёвую пасрэдніцкую дзейнасць) з месцам знаходжання (жыхарства) у сельскіх населеных пунктах, пераўтвораных (якія падлягаюць пераўтварэнню ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2005 г. нумар 150 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2005 г., нумар 52, 1/6339) у аграгарадкі, а таксама ў пасёлках гарадскога тыпу і гарадах раённага падпарадкавання з колькасцю насельніцтва да 50 тыс. чалавек, пералік якіх зацвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненню з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, стаўка падатку пры спрошчанай сістэме ўстанаўліваецца:
5 працэнтаў - для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія не выплачваюць падатак на дабаўленую вартасць;
3 працэнты - для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выплачваюць падатак на дабаўленую вартасць.
У пералік, названы ў частцы першай гэтага пункта, уключаюцца пасёлкі гарадскога тыпу і гарады раённага падпарадкавання з колькасцю насельніцтва да 50 тыс. чалавек, якія адпавядаюць аднаму з наступных крытэрыяў:
узровень беспрацоўя на 1 студзеня бягучага года перасягае сярэдні па вобласці;
пасёлак гарадскога тыпу або горад раённага падпарадкавання мае адну горадаўтваральную арганізацыю;
пасёлак гарадскога тыпу або горад раённага падпарадкавання аднесены ў адпаведнасці з актамі заканадаўства да населеных пунктаў і аб'ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыеактыўнага забруджання (зонах з правам на адсяленне).
Устаноўленыя ў частцы першай гэтага пункта стаўкі падатку пры спрошчанай сістэме:
не прымяняюцца пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), вытворчасць (выкананне, аказанне) якіх ажыццяўляецца з выкарыстаннем асноўных сродкаў і (або) працы работнікаў арганізацый або індывідуальных прадпрымальнікаў па-за тэрыторыяй названых сельскіх населеных пунктаў, пасёлкаў гарадскога тыпу, гарадоў раённага падпарадкавання;
прадаўжаюць выкарыстоўвацца арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі на працягу трох гадоў, пачынаючы з 1 студзеня года, наступнага за годам, у якім пасёлак гарадскога тыпу або горад раённага падпарадкавання з колькасцю насельніцтва да 50 тыс. чалавек выключаны з зацверджанага Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненню з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь пераліку.
13. Падатковым перыядам з'яўляецца каляндарны месяц.
14. Падатак пры спрошчанай сістэме вылічваецца як здабытак падатковай базы і стаўкі падатку.
15. Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прымяняюць спрошчаную сістэму, не пазней за 20-е чысло месяца, наступнага за мінулым падатковым перыядам, прадстаўляюць у падатковыя органы па месцы пастаноўкі на ўлік (далей - падатковыя органы) падатковую дэкларацыю (разлік) па падатку пры спрошчанай сістэме.
16. Выплата падатку ў бюджэт пры спрошчанай сістэме праводзіцца не пазней за 22-е чысло месяца, наступнага за мінулым падатковым перыядам.
17. Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прымяняюць спрошчаную сістэму, за выключэннем арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выплачваюць падатак на дабаўленую вартасць, а таксама унітарных прадпрыемстваў і гаспадарчых таварыстваў, названых у абзацы трэцім пункта 6 гэтага Палажэння, вызваляюцца ад абавязку вядзення бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці і вядуць улік у кнізе ўліку даходаў і расходаў арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму, што ўключае:
улік, неабходны для выканання абавязкаў падатковых агентаў;
спрошчаны ўлік кошту чыстых актываў арганізацый, кошту паёў членаў вытворчага кааператыва;
улік, неабходны для вылічэння і выплаты абавязковых страхавых узносаў і іншых плацяжоў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны;
улік расходаў, што праводзяцца за кошт сродкаў гэтага Фонду.
Форма кнігі ўліку даходаў і расходаў арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму, і парадак яе запаўнення ўстанаўліваюцца Міністэрствам па падатках і зборах, Міністэрствам фінансаў, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Міністэрствам статыстыкі і аналізу.
Інфармацыя, якая змяшчаецца ў такой кнізе ўліку, выкарыстоўваецца:
пры правядзенні ў адпаведнасці з заканадаўствам аўдытарскіх праверак названых арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў;
пры апублікаванні згодна з заканадаўчымі актамі справаздачнасці акцыянерных таварыстваў, таварыстваў з абмежаванай і дадатковай адказнасцю;
у іншых мэтах у адпаведнасці з заканадаўствам.
Выплата кошту паю або выдача іншай маёмасці выходзячаму са складу члену вытворчага кааператыва, які прымяняе спрошчаную сістэму і вядзе ўлік у адпаведнасці з часткай першай гэтага пункта, праводзіцца пасля заканчэння фінансавага года без зацвярджэння бухгалтарскага балансу гэтага кааператыва.
Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прымяняюць спрошчаную сістэму і выплачваюць падатак на дабаўленую вартасць, а таксама арганізацыі, названыя ў абзацы трэцім пункта 6 гэтага Палажэння, вядуць бухгалтарскі ўлік і справаздачнасць ва ўстаноўленым парадку.
18. Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прымяняюць спрошчаную сістэму, пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) ажыццяўляюць вядзенне касавых аперацый у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
ГЛАВА 3
ПЕРАХОД НА СПРОШЧАНУЮ СІСТЭМУ
19. Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права на прымяненне спрошчанай сістэмы з пачатку каляндарнага года, за выключэннем арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю ў годзе, у якім яны пачынаюць прымяняць гэту сістэму. Такія арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права прымяняць спрошчаную сістэму пачынаючы з дня іх дзяржаўнай рэгістрацыі пры ўмове, калі спісачная колькасць работнікаў арганізацыі не перасягае 100 чалавек.
20. Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выказалі жаданне перайсці на спрошчаную сістэму, павінны з 1 кастрычніка па 30 лістапада года, што папярэднічаў году, у якім яны прэтэндуюць на прымяненне названай сістэмы, прадставіць у падатковы орган заяву аб пераходзе на спрошчаную сістэму, якая змяшчае інфармацыю аб памеры валавой выручкі за першыя дзевяць месяцаў бягучага года, а таксама аб сярэдняй колькасці работнікаў арганізацыі за кожны месяц.
Форма заявы аб пераходзе на спрошчаную сістэму ўстанаўліваецца Міністэрствам па падатках і зборах.
21. Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прэтэндуюць на прымяненне спрошчанай сістэмы з дня іх дзяржаўнай рэгістрацыі, на працягу 10 рабочых дзён з дня гэтай рэгістрацыі падаюць у падатковы орган заяву аб пераходзе на спрошчаную сістэму, якая змяшчае звесткі аб спісачнай колькасці работнікаў арганізацыі.
22. Падатковы орган не мае права адмовіць арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам у пераходзе на спрошчаную сістэму пры выкананні імі ўмоў, прадугледжаных у гэтым Палажэнні.
23. Рашэнне аб пераходзе арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў на спрошчаную сістэму або матываваная адмова ў такім пераходзе прымаюцца падатковым органам і ў 10-дзённы тэрмін з дня падачы заявы аб пераходзе на спрошчаную сістэму накіроўваецца гэтым органам арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам.
ГЛАВА 4
СПЫНЕННЕ ПРЫМЯНЕННЯ СПРОШЧАНАЙ СІСТЭМЫ
24. Прымяненне арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі спрошчанай сістэмы спыняецца і яны ажыццяўляюць выплату падаткаў, збораў (пошлін) у агульным парадку пачынаючы з месяца, наступнага за месяцам, у якім:
сярэдняя колькасць работнікаў арганізацыі за мінулы месяц, вызначаная ў адпаведнасці з пунктам 4 гэтага Палажэння, перасягнула 100 чалавек.
валавая выручка нарастаючым падрахункам на працягу каляндарнага года перасягнула 2 000 млн. рублёў;
імі прынята рашэнне аб адмове ад прымянення спрошчанай сістэмы. Пры гэтым арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны праінфармаваць аб сваім рашэнні падатковыя органы не пазней як за 15 дзён да пачатку наступнага месяца;
пры прымяненні спрошчанай сістэмы без выплаты падатку на дабаўленую вартасць сярэдняя колькасць работнікаў арганізацыі перасягнула 15 чалавек і (або) валавая выручка нарастаючым падрахункам на працягу каляндарнага года склала больш за 600 млн. рублёў. Такія арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі таксама маюць права перайсці на прымяненне спрошчанай сістэмы з выплатай падатку на дабаўленую вартасць у адпаведнасці з гэтым Палажэннем.
25. Арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія перайшлі на агульны парадак падаткаабкладання ў бягучым каляндарным годзе, не маюць права ў наступным каляндарным годзе перайсці на спрошчаную сістэму.
26. Міністэрства па падатках і зборах штогод да 16 ліпеня і да 16 снежня прадстаўляе ў Міністэрства статыстыкі і аналізу пералік арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прымяняюць спрошчаную сістэму, а таксама па якіх падатковымі органамі прынята рашэнне аб пераходзе на спрошчаную сістэму.-0- |