Карта сайтаАб парталеРусская версияEnglish version
КІРАЎНІК ДЗЯРЖАВЫ
Статус  Біяграфія  Дакументы  Фотаальбом 
Прэс-служба  Прыёмная 
ПАДЗЕІ
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА
РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ
КАТАЛОГ РЭСУРСАЎ
па сайту па сайтах дзяржорганаў
ГалоўнаяАрхівыАрхіў выступленняўВыступленні2007
border=0 border=0 border=0
border=0 2007 border=0
border=0 border=0 border=0 border=0
Выступленне на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці
Выступленне на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
Пасланне прэзідэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу
Вытрымкі з выступлення на Першым з'ездзе вучоных Беларусі
Выступленне на семінары кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў
border=0 border=0
Вытрымкі з выступлення на Першым з'ездзе вучоных Беларусі02.11.2007

Навука павінна адыграць вядучую ролю ў інавацыйным развіцці Беларусі і стымуляванні інвестпраектаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на І з'ездзе вучоных.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у мінулым годзе на трэцім Усебеларускім народным сходзе была прынята вельмі амбіцыйная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006-2010 гады, мэтай якой з'яўляецца далейшае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва. "Праграма прадугледжвае інавацыйную накіраванасць развіцця эканомікі, стымуляванне эфектыўных інвестыцыйных праектаў, структурную перабудову, тэхналагічнае пераўзбраенне і рэструктурызацыю вытворчасці, павышэнне нацыянальнай бяспекі краіны. І вядучую ролю ў дасягненні гэтых мэт павінна адыграць навука. Умовы для гэтага ў нас ёсць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

За апошнія 6 гадоў унутраныя затраты на даследаванні і распрацоўкі ў Беларусі выраслі ў 8 разоў і цяпер перасягаюць Br500 млрд. Гэты факт асабліва адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у Савецкім Саюзе беларуская навука заўсёды была на перадавых пазіцыях. У Беларусі распрацоўваліся важнейшыя кампаненты касмічных праграм, забяспечваўся вялікі аб'ём заказаў ваенна-прамысловага комплексу, беларускія вучоныя былі піянерамі ў аптычных даследаваннях, лазернай фізіцы і тэхніцы, па асобных напрамках электронікі. Беларускія сарты сельскагаспадарчых раслін вырошчваліся ва ўсёй заходняй зоне СССР.

Як падкрэсліў Прэзідэнт, пасля распаду Савецкага Саюза ў Беларусі, нягледзячы на ўсе цяжкасці, у Беларусі ўдалося ўтрымаць сітуацыю ў навуцы, захаваць асноўны інтэлектуальны касцяк, забяспечыць яго актыўнае развіццё.

Цяпер у рэспубліцы навуковымі даследаваннямі займаюцца больш як 300 арганізацый, у якіх працуюць больш як 18 тыс. чалавек.

Беларусь разлічвае на здабычу вуглевадароднай сыравіны ў Венесуэле, Іране і Азербайджане.

Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі праведзена ўжо немалая работа па пашырэнню кола пастаўшчыкоў вуглевадароднай сыравіны. "Наладжаны дружалюбныя адносіны з краінамі, якія маюць вялікія запасы нафты і газу. Размова ідзе аб Венесуэле, Іране, Азербайджане. Кіраўніцтва гэтых дзяржаў гатова на ўсебаковае эканамічнае супрацоўніцтва з намі, і мы не павінны ўпускаць гэту магчымасць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Асабліва важныя прапановы па сумеснай здабычы і перапрацоўцы вуглевадароднай сыравіны. Прычым Беларусь зможа атрымліваць нафту як для ўласных патрэб, так і для далейшага продажу на міжнародным рынку". "Лічу, мы можам дамовіцца і з Расіяй", - дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што забеспячэнне энергетычнай бяспекі з'яўляецца сёння стратэгічна важнай задачай для Беларусі. Паводле слоў беларускага лідэра, хуткі ўздым краін, што сталі на шлях развіцця, разам з узрастаючымі патрэбнасцямі эканамічна развітых дзяржаў будзе ўсё больш прыводзіць да дэфіцыту нафты, газу, электраэнергіі. Менавіта гэта можа паслужыць галоўнай прычынай міжнародных напружанасцей і канфліктаў.

"Мы ўжо назіраем нястрымны рост цэн на паліўныя рэсурсы. Для Беларусі - гэта няпростае выпрабаванне, паколькі ў нас няма якіх-небудзь значных уласных запасаў нафты і газу", - адзначыў Прэзідэнт.

Улічваючы будучыя складанасці, прынята Канцэпцыя энергетычнай бяспекі краіны да 2020 года. Важнейшым яе элементам з'яўляецца курс на дыверсіфікацыю паліўна-энергетычных рэсурсаў. Вызначаны два асноўныя напрамкі ў вырашэнні гэтай праблемы: пашырэнне кола пастаўшчыкоў вуглевадароднай сыравіны і пераход на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запатрабаваў правесці карэнную мадэрнізацыю ўсіх тэхналогій, што выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, павысіць эфектыўнасць раслінаводства і жывёлагадоўлі шляхам цеснага ўзаемадзеяння аграрыяў з навукай.

Паводле яго слоў, забеспячэнне харчовай бяспекі з'яўляецца важнейшым элементам нацыянальнай бяспекі дзяржавы. Асабліва відавочным гэта становіцца цяпер, калі назіраецца рэзкі рост цэн на прадукты харчавання ва ўсім свеце.

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, Беларусь адстала ад еўрапейскіх дзяржаў па такім перспектыўным напрамку ў біялагічнай навуцы, які мае самыя непасрэдныя адносіны да харчовай праблемы, як трансгенная інжынерыя. На яго думку, не мае належнага развіцця і сельскагаспадарчая мікрабіялогія. "Усё больш і больш на палях імпартных сартоў. Гэта мяне непакоіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і адзначыў, што беларускім вучоным-раслінаводам неабходна вывесці сарты і гібрыды збожжавых з патэнцыяльнай прадукцыйнасцю не менш як 100-120 ц/га. Цяперашняя ўраджайнасць 40-60 ц/га ужо недастатковая.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на нізкі ўзровень навуковага забеспячэння ў жывёлагадоўлі, прамысловай перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. "Менавіта на гэтым этапе ствараецца асноўная дабаўленая вартасць. І тут нашы тэхналогіі і вытворчая база моцна адстаюць, а гэта ж таксама пытанні навукі", - падкрэсліў ён.

Закранаючы развіццё біятэхналогій, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што навуковым даследаванням у гэтай галіне павінна ўдзяляцца больш увагі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад вытворцаў больш адказна ставіцца да насычэння ўнутранага рынку харчовай прадукцыяй.

"Калі адбыўся рэзкі скачок цэн на прадукты харчавання ў свеце, гэта ўжо стала не фактарам нашай нацыяльнай беспякі - гэта ўжо фактар нашай валютнай забяспечанасці", - адзначыў Прэзідэнт.

"Ствараючы новыя комплексы, мы сутыкнуліся з тым, што ёмістасці рынку можа не хапіць, не будзе куды прадаваць нашу прадукцыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў гэтым годзе ў Беларусі атрыманы даволі высокі ўраджай збожжавых, і краіне практычна не трэба імпартаваць збожжа за выключэннем 100-150 тыс.т пшаніцы цвёрдых сартоў.

На думку Кіраўніка дзяржавы, рост сусветных цэн на прадукты харчавання - "гэта добры рэсурс для нашых аграрыяў".

"Цяпер я ім магу сказаць: дзе тыя вялікія аб'ёмы мяса, малака, за кошт якіх мы б атрымалі прыток валюты ў краіну? Вы памятаеце, мы "бадаліся" з кіраўніцтвам Расіі за іх рынак харчавання. А сёння што адбываецца? Бешаны рост цэн у Расійскай Федэрацыі. І сёння ўжо размова ідзе інакш: прывязіце ўсё, што можаце. Часам вязём так, што свае рынкі пачалі агаляць, - сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што беларускім вытворцам нельга забываць і пра ўнутраны рынак прадуктаў харчавання.

Вучоныя Беларусі павінны прымаць больш актыўны ўдзел у інавацыйным працэсе рэспублікі, сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Паводле яго слоў, ва ўмовах аслаблення навукова-тэхнічных і эканамічных сувязей з Расіяй у Беларусі ўзнікла праблема забеспячэння вытворчасці ўласнымі распрацоўкамі па шэрагу пазіцый. Гэта асабліва датычыцца дызелебудавання, станкабудавання, кавальска-прэсавага абсталявання, ліфтабудавання. "Нам неабходна максімальна выкарыстоўваць увесь навукова-тэхнічны патэнцыял для стварэння імпартазамяшчальнай тэхнікі і тэхналогій", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што эканоміка Беларусі мае патрэбу ў новых перадавых распрацоўках у галіне мікраэлектронікі. У хуткім часе будзе рэалізаваны праект па арганізацыі субмікроннай вытворчасці на базе НВА "Інтэграл". Гэта будзе прынцыпова новы крок у развіцці навукаёмістых тэхналогій. "Вучоным неабходна прадаўжаць актыўную работу па стварэнню інвацыйных праектаў у мікраэлектроніцы", - дадаў ён.

На думку Кіраўніка дзяржавы, трэба больш шырока прымяняць новыя лазерныя тэхналогіі, распрацоўваць сучасныя оптыка-электронныя сістэмы, энергаэфектыўную святлодыёдную тэхніку. "Стагоддзе, якое настала, - гэта эра інфармацыйных тэхналогій, і мы ні ў якім выпадку не павінны адставаць у гэтай сферы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы маем дастаткова кваліфікаваныя кадры і багаты вопыт работы для стварэння канкурэнтаздольнай прадукцыі".

У Беларусі прынята і дзейнічае Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця на 2007-2009 гады. Як адзначыў Прэзідэнт, яна прадугледжвае карэннае абнаўленне нафтахімічнага комплексу, мікраэлектроннай, лясной, дрэвааапрацоўчай прамысловасці, а таксама развіццё сучасных транспартных камунікацый, сувязі, жыллёвага будаўніцтва. У адпаведнасці з праграмай плануецца мадэрнізаваць на аснове сучасных тэхналогій 600 прадпрыемстваў і пабудаваць 124 новыя вытворчасці.

"Вынікі ажыццяўлення гэтай праграмы ўжо ёсць", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Так, у гэтым годзе ў Жлобіне, на БМЗ, пачаты выпуск бясшвовых труб. У Бярозе наладжаны выраб лакіраванай бляхі. Там жа з'явіццва новая ўпаковачная вытворчасць. У Шклове будуецца сучаснае прадпрыемства па выпуску газетнай паперы. У Гродне, на НВА "Азот", пачата вытворчасць біядызельнага паліва на аснове рапсавага алею. "Гэта канкрэтныя, рэальныя інавацыйныя праекты, якімі мы ганарымся і якія будуць працаваць на эканоміку краіны", - адзначыў Прэзідэнт.

У Беларусі праект па забудове Парку высокіх тэхналогій рэалізуецца вельмі марудна, заявіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, для стварэння ПВТ выдзелена вялікая тэрыторыя ў зручным месцы, дакладна вызначаны план дзеянняў па будаўніцтву, устаноўлены тэрміны выканання. "Работы па выкананню праекта неабходна паскорыць", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ходзе выканання праекта мала забудаваць тэрыторыю Парку высокіх тэхналогій, галоўнае - выпрацаваць стратэгію яго развіцця.

Пакуль гэтага ні кіраўніцтву ПВТ, ні Савету Міністраў у поўнай меры не ўдалося, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - А беларуская ж Сіліконавая даліна адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі яна прынясе штосьці прынцыпова новае ў эканоміку краіны".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што існуючыя ў Беларусі рэзервы па глыбіні і якасці перапрацоўкі вуглевадароднай сыравіны выкарыстоўваюцца недастаткова.

"Важна не толькі даставіць у краіну вуглевадароднае паліва, але і забяспечыць максімальна поўнае і эфектыўнае яго выкарыстанне. Існуючая ў нас сітуацыя з нафтаперапрацоўкай, калі рэнтабельнасць гэтай звышпрыбытковай галіны складае ўсяго 1 працэнт, не можа лічыцца здавальняючай. Вядома, гэта выклікана рэзкім павышэннем цэн на сыравіну, але ж і прадукт перапрацоўкі не мог не падаражэць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі выдзяляюцца вялікія сродкі на ўдасканаленне тэхналогіі перапрацоўкі нафты. На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе пабудаваны комплекс алкіліравання і ўстаноўка экстракцыйнай дыстыляцыі бензолу. У выніку выпускаемы на прадпрыемстве бензін будзе поўнасцю адпавядаць патрабаванням еўрапейскіх стандартаў па колькасці араматычных вуглевадародаў. Гэта вельмі важна, паколькі 80 працэнтаў прадукцыі гэтага завода пастаўляецца за межы краіны, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што цяпер ідзе падрыхтоўка да ўводу ў строй новых установак, якія забяспечваюць яшчэ больш глыбокую перапрацоўку нафты. "Усё гэта адкрые дадатковыя магчымасці павялічваць вытворчасць высокаактанавых бензінаў, што значна павысіць канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі і рэйтынг завода на знешніх рынках", - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Аднак, на думку Кіраўніка дзяржавы, далейшы прагрэс у гэтай галіне немагчымы без падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў і навуковага суправаджэння.

Беларускія вучоныя пакуль недастаткова зрабілі для эканомікі краіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, неабходна максімальна інтэграваць навуку і вытворчасць, аб'ядноўваць сілы розных ведамстваў і калектываў для вырашэння комплексных задач, а не распыляць сродкі па асобных дробных структурах і тэмах. Цяпер у рэальнай эканоміцы Беларусі задзейнічана ўсяго толькі 3 працэнты кандыдатаў і дактароў навук.

"Ствараецца ўражанне, што навука функцыянуе сама па сабе, а вытворчасць развіваецца сама па сабе. Абедзве сферы мала перасякаюцца, і гэта сур'ёзны недахоп усіх навукова-тэхнічных праграм", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да вучоных.

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што НАН Беларусі за апошні час зроблена шмат. Больш дакладна структуравана тэматыка даследаванняў, забяспечваецца канцэнтрацыя фінансавых і іншых матэрыяльных рэсурсаў на найбольш важных напрамках, цесна ўвязаных з планамі інавацыйнага развіцця краіны. У навуцы ўкаранёна праграмна-мэтавае планаванне, створаны і прадаўжаюць стварацца навукова-практычныя цэнтры. У якасці найбольш паспяховых праектаў беларускіх вучоных Прэзідэнт назваў суперкамп'ютэр, беларускі спадарожнік "БелКА". Дапамаглі вучоныя таксама ў пытаннях здабычы і перапрацоўкі калійных солей, арганізацыі трубнай вытворчасці. "Але пакуль гэта адзінкавыя праекты, і часта ў іх вялікую ўдзельную вагу займае абсталяванне, якое закупляецца за мяжой. На тым жа Беларускім металургічным заводзе толькі адна шостая частка - айчынныя распрацоўкі, а астатняе - імпарт. А трэба, каб было наадварот", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што самі вучоныя праяўляюць недастаткова ініцыятывы па ўдасканаленню навуковай дзейнасці. Часта прапановы вучоных датычацца толькі прыватных пытанняў арганізацы іх унутрыакадэмічнага жыцця, многія з ініцыятыў не заўсёды дастаткова глыбока прапрацаваны.

"Нам патрэбны канкрэтныя прапановы па мадэрнізацыі эканомікі, па буйных сістэмных праектах, якія маглі б даць рэспубліцы значны эфект. На жаль, такіх праектаў вельмі мала", - падкрэсліў ён.

У Беларусі няма той махровай бюракратыі, якая перашкаджае ўкараненню адкрыццяў, заявіў сёння Прэзідэнт краіны.

"Выкладзіце мне свае адкрыцці і скажыце, хто павінен іх укараняць. Гэты з'езд павінен стаць зыходным пунктам для больш актыўнай і эфектыўнай работы вучоных. Настаў час капітальнага запатрабавання з вучоных за вынік", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, сёння ўстарэў тэзіс аб тым, што прамысловасць і эканоміка не хочуць укараняць вынікі навуковых даследаванняў. Паводле слоў Прэзідэнта, больш як 10 гадоў краіна развівалася недзе інтуітыўна, але ў новым стагоддзі рух наперад магчымы толькі на навуковай аснове. "Ні кроку без навуковых прапрацовак! У нас на гэта няма ні часу, ні грошай. Час, калі мы рухаліся навобмацак, адышоў у нябыт. Рабіць жыццё у перспектыве будуць толькі адукаваныя людзі", - заявіў беларускі лідэр.

"Без рызыкі няма новых тэхналогій. Аднак у нас няма лішніх сродкаў, каб траціць іх на рызыку і памылкі. Таму давайце вызначацца, якая ўдзельная вага павінна быць у навуковах даследаваннях гэтых рызык і памылак", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь мае намер актывізаваць супрацоўніцтва з замежнымі вучонымі ў галіне даследаванняў і асваення космасу, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, краіна цесна супрацоўнічае з Расіяй па касмічнай тэматыцы. Ужо завяршаецца выкананне другой саюзнай праграмы ў гэтай сферы, падрыхтаваны прапановы па трэцяй. Неабходна таксама актыўна развіваць такое супрацоўніцтва і з іншымі краінамі, у тым ліку з Украінай, Францыяй, краінамі Сярэдняга Усходу, Кітаем і Індыяй.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь развівае сваю касмічную праграму. Цяпер ствараецца новы беларускі спадарожнік, распрацоўваецца перспектыўная спадарожнікавая сістэма, якая дасць магчымасць вывучаць паверхню Зямлі з прасторавым распазнаваннем менш як 1 м. "Пачаты і яшчэ больш перспектыўныя распрацоўкі па стварэнню спадарожніка з характарыстыкамі, якіх яшчэ няма ў свеце", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў дасягненні беларускіх вучоных у галіне асваення космасу, адзначыўшы, што свой уклад у гэты напрамак краіна ўнесла яшчэ ў часы СССР. "Беларускія спецыялісты распрацоўвалі ўстаноўкі для мадэліравання палётаў, выраблялі апаратуру для касмадромаў і касмічных апаратаў, і наша праграма стварэння ўласнага спадарожніка - гэта лагічны працяг і прымяненне набытага вопыту", - сказаў Прэзідэнт.

Кафедра вышэйшай школы - не месца для прапаганды антыдзяржаўных поглядаў і ідэй, заявіў Прэзідэнт Беларусі.

"Кожны выкладчык абавязаны выхоўваць у студэнтах павагу да сваёй дзяржавы. Асабісты прыклад педагога павінен быць асновай выхавання ў вышэйшай школе. А то некаторыя рэктары і прафесары, відаць, забылі, што іх задача не толькі "запіхнуць" энную колькасць інфармацыі ў галовы студэнтаў, але і вырасціць з іх грамадзян сваёй краіны. Кожны наш вучоны павінен быць не толькі высакакласным спецыялістам, але і ўзорам для пераймання, сапраўдным патрыётам Радзімы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, нагадаўшы старую мудрасць: "Хто мае поспехі ў навуках, але адстае ў маралі, больш адстае, чым мае поспехі".

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў Беларусі ёсць усё неабходнае, у тым ліку кваліфікаваныя навуковыя кадры, для таго, каб вывесці краіну на самыя перадавыя рубяжы. Пры гэтым ён звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць прыцягнення ў навуку маладых кадраў: "Мы з павагай ставімся да людзей пажылога ўзросту, аднак трэба даваць дарогу і моладзі".

"Падтрымка маладых кадраў - гэта інвестыцыі ў будучыню", - падкрэсліў Прэзідэнт. У Беларусі, адзначыў ён, створана сістэма, якая стымулюе прыцягненне ў навуку таленавітай моладзі. Істотна павышаны стыпендыі ўсім аспірантам, лепшым з іх устаноўлены спецыяльныя стыпендыі Прэзідэнта. На конкурснай аснове штогод устанаўліваецца да 100 прэзідэнцкіх надбавак найбольш таленавітым маладым вучоным. Уведзены надбаўкі за вучоныя званні.

Усё гэта істотна паляпшае матэрыяльную забяспечанасць людзей навукі, павышае іх аўтарытэт у грамадстве і, значыць, прывабнасць навуковай сферы для моладзі, перакананы беларускі лідэр.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць будаўніцтва ў Беларусі АЭС непазбежным.

"Пытанне будаваць або не будаваць ужо не стаіць. Рашэнне прынята. Сёння справа за выбарам пляцоўкі і кампаній па будаўніцтву атамнай станцыі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што менавіта вучоныя як спецыялісты павінны даказваць людзям неабходнасць для краіны такога будаўніцтва. "А вы ўсё звальваеце на адпаведнага чалавека. Некаторыя дактары навук публікуюць у апазіцыйнай прэсе маніфесты аб тым, што кіраўніцтва і прэзідэнт нібыта праводзяць палітыку "генацыду беларускага народа". І гэта пры тых затратах, якія нясе дзяржава па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі! Ці ж гэта вучоныя?" - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Нараўне з будаўніцтвам АЭС Прэзідэнт важную ролю адводзіць выкарыстанню аднаўляльных крыніц энергіі і мясцовых рэсурсаў, за кошт якіх неабходна атрымліваць не менш як 25 працэнтаў энергіі. У Беларусі толькі разведаныя эксплуатацыйныя запасы нафты складаюць 63 млн.т, бурага вугалю - 99 млн.т, гаручых сланцаў - больш як 1 млрд.т. Аднак гэта сыравіна нізкай якасці, традыцыйнымі спосабамі якую не ўжыць. "Нам трэба ведаць, якія тэхналогіі найбольш эканамічныя ў выкарыстанні гэтай сыравіны. Калі недастаткова вядомых, прапаноўвайце свае. Вось дзе поле дзейнасці для вучоных, і вы ніколі не скажаце, што гэта не будзе запатрабавана", - адзначыў беларускі лідэр.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, недастаткова і распрацовак па выкарыстанню геатэрмальнай энергіі. У гэтым пытанні, лічыць Прэзідэнт, неабходна звярнуцца да вопыту кітайскіх спецыялістаў, якія навучыліся ацяпляць жыллё з дапамогай артэзіянскай вады. У Беларусі ў асобных мясцінах тэмпература падземных вод дасягае практычна 100 градусаў па Цэльсію. "Але мы да гэтага часу яе не выкарыстоўваем. Чаму?" - задаў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што нельга засяроджвацца выключна на торфараспрацоўцы і выкарыстанні драўніны. "Мы павінны помніць аб будучых пакаленнях і пакінуць ім не выпаленую і спустошаную зямлю, а краіну з чыстай і цудоўнай прыродай", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Торф, на думку Прэзідэнта, можа выкарыстоўвацца больш выгадна ў тэхналогіях глыбокай перапрацоўкі, у прыватнасці, для сінтэзу многіх карысных злучэнняў.

"Увогуле, і ўраду, і вучоным скажу так: дастаткова агульных разваг. Дырэктыва нумар 3 падпісана, Канцэпцыя энергабяспекі зацверджана. Дзейнічайце!" - рэзюмаваў Прэзідэнт. Ён таксама даручыў Ураду прадставіць Праграму па развіццю энергакомплексу.

Беларусь здольная нарасціць вытворчасць уласных лякарстваў і якаснага абсталявання, заявіў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што калі справы з медыцынскай навукай у цэлым ідуць нядрэнна, то праблема забеспячэння медыцыны лякарствамі і абсталяваннем стаіць вельмі востра. Асноўнае абсталяванне і вялікая колькасць лекавых сродкаў закупляецца за мяжой. "Вядома, без імпарту нам тут не абысціся. Ні адна краіна, нават значна больш багатая, чым Беларусь, не можа забяспечыць сябе ўсім спектрам медыцынскіх прыбораў і прэпаратаў, але мы здольныя вырабляць намнога больш лякарстваў і якаснага абсталявання ў сябе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія гады ўдалося дабіцца нядрэнных вынікаў у сферы аховы здароўя. У прыватнасці, многія бальніцы і паліклінікі аснашчаны найноўшым абсталяваннем, што дало магчымасць узняць дыягностыку на самы сучасны ўзровень. І работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана, сказаў ён. Да 2010 года плануецца рэканструяваць і перааснасціць усе дзіцячыя бальніцы і медыцынскія ўстановы рэспубліканскага ўзроўню, будзе створана 4 новыя буйныя навукова-практычныя цэнтры па розных напрамках медыцыны. Акрамя таго, Беларусь на працягу апошніх гадоў мае самы нізкі ўзровень дзіцячай смяротнасці ў СНД. У мінулым годзе ўдалося дабіцца і пералому ў дэмаграфічнай сітуацыі: упершыню колькасць памерлых знізілася на 2,4 працэнта, а народжаных узрасла на 6,2 працэнта.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу Міністра аховы здароўя на неабходнасць больш дасканалага падбору кадраў на пасады кіраўнікоў медыцынскіх устаноў, асабліва навукова-практычных цэнтраў. "Ад кіраўніка залежаць адносіны да хворага і арганізацыя ўсёй справы ў лячэбнай установе. На гэтыя пасады трэба падбіраць аўтарытэтных вучоных, якія маюць дастатковы прафесійны і жыццёвы вопыт і маюць арганізатарскія здольнасці. Скараспелыя спецыялісты тут не падыдуць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Важную ролю ў развіцці грамадства Прэзідэнт адводзіць грамадазнаўчым і гуманітарным навукам. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходна пераходзіць ад агульных разваг да глыбокіх даследаванняў. "Я не хачу сказаць, што па гэтай частцы ў нас нічога няма. Але ў цэлым сапраўднай навуковай падтрымкі, якая ўзброіла б урад, міністэрствы і прадпрыемствы, мы пакуль не адчуваем. У шэрагу выпадкаў па-ранейшаму даводзіцца кіравацца толькі інтуіцыяй і разважлівасцю", - падкрэсліў беларускі лідэр.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што беларуская навука павінна садзейнічаць захаванню і прымнажэнню культурных і духоўных традыцый народа.

"Гісторыя, філасофія, педагогіка, іншыя навукі павінны быць прывязаны да сённяшняга грамадства. Развіццё навукі ў гэтых сферах не павінна быць ізалявана, не павінна замыкацца ў вузкіх карпаратыўных рамках. Яно павінна актыўна садзейнічаць таму, каб кожны беларускі грамадзянін адчуваў непарыўную сувязь са сваёй радзімай, яе гісторыяй, культурай", - сказаў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на важную сувязь паміж навукай і юрыспрудэнцыяй. "Дасканала прадуманыя законы і падзаконныя акты, развітыя прававыя адносіны, кваліфікаваная работа судовай сістэмы ствараюць той каркас, на якім будуецца грамадства. На сёння праекты законаў і іншых нарматыўных актаў не праходзяць дастатковай навуковай прапрацоўкі. У выніку часта аказваюцца сырымі. Практычна ні адзін дакумент, што паступае ў Адміністрацыю Прэзідэнта, не праходзіць з першага раза, паколькі выклікае масу цалкам абгрунтаваных пярэчанняў спецыялістаў гэтай установы. Ці ж гэта парадак? А вучоныя-юрысты ў гэты час займаюцца дысертацыямі на адцягненыя тэмы, мала звязаныя з практычнымі патрэбнасцямі дзяржавы ў гэтай сферы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама асабліва адзначыў, што ў Беларусі, развіваючы прыкладную навуку, ні ў якім выпадку нельга страціць фундаментальную. На думку Кіраўніка дзяржавы, фундаментальная навука павінна сканцэнтравацца на падрыхтоўцы спецыялістаў, у тым ліку вышэйшай кваліфікацыі, а таксама на перанясенні на беларускую глебу сучасных навуковых ведаў. Акрамя таго, у яе функцыі ўваходзіць і навуковая экспертыза розных праектаў і прапаноў.

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі будуць створаны два навукова-практычныя цэнтры (НПЦ) і два дзяржаўныя навукова-вытворчыя аб'яднанні (ДНВА). Гэта прадугледжана Указам № 554 "Аб некаторых пытаннях удасканалення арганізацыйнай структуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", які 1 лістапада падпісаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

У склад НПЦ па матэрыялазнаўству і па біярэсурсах уключаны адпаведна некаторыя навуковыя ўстановы Аддзялення фізіка-тэхнічных навук і Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі, а таксама прыналежныя ім вытворчыя, канструктарска-тэхналагічныя прадпрыемствы і эксперыментальныя базы.

Асноўная задача НПЦ па матэрыялазнаўству - распрацоўка новых матэрыялаў, канструкцый і тэхналогій. Стварэнне НПЦ па біярэсурсах дасць магчымасць больш эфектыўна вырашаць праблемы ўключэння ў гаспадарчы абарот біялагічных рэсурсаў краіны, рацыянальнага выкарыстання расліннага і жывёльнага свету.
ДНВА аб'яднаюць намаганні навуковых і вытворчых арганізацый як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці.

Мэтай стварэння ДНВА "Хімічныя прадукты і тэхналогіі" з'яўляецца навукова-тэхналагічнае забеспячэнне і выкананне Дзяржаўнай комплекснай мэтавай навукова-тэхнічнай праграмы "Хімічныя прадукты і тэхналогіі", якая прадугледжвае стварэнне новых хімічных рэагентаў і матэрыялаў, распрацоўку тэхналогій здабычы і абагачэння калійных руд, новых палімерных матэрыялаў рознага прызначэння, некаторых дапаможных матэрыялаў і арганізацыю іх вытворчасці.

На ДНВА "Хімічны сінтэз і біятэхналогіі" ўскладаюцца задачы па забеспячэнню дзяржаўных комплексных мэтавых навукова-тэхнічных праграм "Біялагічныя тэхналогіі і біябяспека", "Здароўе", дзяржаўных праграм "Хімічныя сродкі аховы раслін (пестыцыды) на 2003-2006 і наступныя гады", "Біятэхналогія".

© 2001-2011 Прэс-служба
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь