Дарагія сябры!
Наша жыццё - гэта чарада сустрэч і расставанняў. Здаецца, зусім нядаўна мы сустракалі новае стагоддзе, а вось ужо завяршаецца яго першае дзесяцігоддзе. І праз некалькі хвілін будзе перагорнута чарговая старонка гісторыі нашай краіны і нашага з вамі лёсу.
Для мяне вялікі гонар быць цяпер у вашым доме і разам з вамі падзяляць радаснае чаканне надыходу Новага, 2010 года. У гэтыя хвіліны ўсе мы становімся бліжэй. У нас ёсць за што падзякаваць адыходзячаму году. У некага нарадзіўся малыш, нехта справіў наваселле, паступіў у ВНУ, пачаў уласную справу.
Зрэшты, штосьці з задуманага і не ўдалося. Аднак бой гадзіннікаў, як набеглая хваля, панясе перажытыя нягоды, пакінуўшы толькі добрыя ўспаміны.
Гэтак жа і ў маштабах дзяржавы. Таму што Беларусь - гэта ўсе мы!
Мы пражылі няпросты год. На свае вочы пераканаліся, які цесны свет, наколькі моцна звязаны краіны і кантыненты. Дастаткова абарваць адну з сувязных ніцей - і пачынае ліхаманіць усю планету.
Сусветны крызіс праверыў на трываласць і беларусаў. Але ён толькі загартаваў нас. Чарговы раз памыліліся тыя, хто прадказваў нам немінучы крах.
Сімвалічна, што паваротны момант мы прайшлі менавіта ў Год роднай зямлі.
У жорсткіх умовах праявіліся лепшыя рысы нашага народа - працавітасць, вера ва ўласныя сілы, разважлівасць, уменне не адступаць перад цяжкасцямі.
Мы прывыклі да добрых перамен і часам нават не заўважаем іх. Але азірніцеся вакол: узводзяцца добраўпарадкаваныя мікрараёны, удыхнулі новае жыццё ў вёску аграгарадкі, радуюць вока дагледжаныя палі і сучасныя дарогі.
Я ад усяго сэрца хачу сказаць словы ўдзячнасці нашым людзям! Тым, хто, успомніўшы народную мудрасць, што пад ляжачы камень вада не цячэ, не апусцілі рукі, а сталі працаваць па-новаму, энергічна, як патрабуе сённяшні дзень.
Дзякуй за багаты ўраджай. За першыя здабытыя за межамі краіны тоны нафты. За мільёны квадратных метраў жылля. За унікальныя хірургічныя аперацыі і выратаванне хворых. За душэўны клопат аб нашых дзецях у садах і школах. За адданую і мужную службу. За новыя культурныя і спартыўныя дасягненні.
Як і 65 гадоў таму, беларускі народ застаецца моцным духам і адданым роднай зямлі. Якую заўсёды адраджаў уласнымі рукамі з попелу і самааддана любіў.
Дарагія суайчыннікі!
Крызісы надыходзяць і адыходзяць - мы застаёмся!
І ўжо сёння строім амбіцыйныя, але цалкам рэальныя планы. У наступным годзе нам трэба будзе смела і рашуча рушыць наперад! Засяродзіцца на новых, прарыўных напрамках.
Іншымі словамі - нястомна ствараць!
2010 год аб’яўлены Годам якасці. Гэта значыць, што будзе зроблена ўсё магчымае і нават немагчымае для далейшага павышэння якасці жыцця людзей. Каб марка "Зроблена ў Беларусі" выклікала захапленне. Каб айчынная навука падарыла свету новыя адкрыцці. Каб нашы таленты часцей уздымаліся на п’едэсталы перамогі.
А пакуль, прытрымліваючыся традыцыі, дастойна праводзім стары год. Расстанемся з ім без злосці і крыўд. Пажадаем усім міру і дабра.
Хоць паняцце чалавечага шчасця вельмі аб’ёмнае, але на самай справе яно змяшчаецца ў некалькіх простых і мудрых словах: пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выгадаваць дзяцей.
Няхай кожнаму з вас будзе дадзены гэты сапраўдны дар - чалавечае шчасце.
Дарагія мае землякі!
Беларусь - наш агульны дом. І паспяховасць жыцця ў ім залежыць толькі ад нас з вамі.
Толькі разам, падтрымліваючы адзін аднаго, мы зробім нашу адзіную і непаўторную Беларусь самым утульным і надзейным месцам на Зямлі. Дзе радуюцца дзеці і акружаны пастаянным клопатам старыя. Дзе кожнага чакаюць любоў, шчасце і дабрабыт.
У навагодні вечар скажыце блізкім людзям, якія яны вам дарагія і неабходныя.
Усміхайцеся адзін аднаму.
Любіце і цаніце кожны пражыты дзень.
І помніце: любая непагадзь абавязкова скончыцца і зноў выгляне сонца. Няхай яно заўсёды сагравает вашы дамы і сэрцы.
Я віншую ўсіх, хто сустракае свята каля цёплага дамашняга ачага.
Мае асаблівыя віншаванні тым, хто цяпер на рабоце або нясе воінскую службу!
Я вітаю суайчыннікаў, якія жывуць далёка ад Радзімы, і нашых замежных сяброў.
Каля ўбранай ёлкі, пад звон гадзіннікаў мы загадваем патаемныя жаданні. Шчыра спадзяюся, што ў надыходзячым годзе яны абавязкова здзейсняцца.
Упэўнены, што для ўсіх пакаленняў беларусаў нязменнымі застаюцца тры вечныя каштоўнасці.
Вера ў будучае роднай Беларусі!
Надзея на шчасце!
Любоў да сваіх блізкіх і нашай Айчыны!
Будзьце шчаслівыя, дарагія сябры!
Здароўя вам, радасці і ўдачы!
З Новым годам! |