Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь служыць забеспячэнню спрыяльных знешніх умоў для ўнутранага развіцця краіны як асновы паступальнага росту дабрабыту беларускага народа.
Базавы прынцып стратэгіі Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне - прынцып шматвектарнасці, збалансаванасці знешнепалітычных напрамкаў, які даказаў сваю эфектыўнасць і жыццяздольнасць. Неад’емныя прыметы гэтай стратэгіі - паслядоўнасць, прагматызм і, разам з тым, гібкасць, здольнасць адэкватна рэагаваць на выклікі сучаснасці, знаходзіць разумныя кампрамісы ў адносінах з партнёрамі.
Ключавы прыярытэт знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь - краіны-суседкі. Стратэгічным саюзнікам Беларусі застаецца Расія, якая з’яўляецца асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі, аказвае нашай краіне практычную падтрымку на міжнароднай арэне. Будуючы адносіны з Расіяй на саюзніцкай аснове, Беларусь лічыць прынцыпова важным захаванне свайго суверэнітэту і міжнароднай правасуб’ектнасці.
Прыярытэтам для Беларусі з’яўляецца супрацоўніцтва ў рамках СНД. Беларусь - паслядоўная прыхільніца ўмацавання і развіцця палітычных, эканамічных, навуковых і культурных сувязей у Садружнасці. Забяспечаны за апошнія гады стабільны рост тавараабароту практычна ўсімі краінамі СНД - сведчанне паслядоўнай рэалізацыі Беларуссю сваіх інтарэсаў на постсавецкай прасторы.
Беларусь удзяляе значную ўвагу ўдзелу ў Еўразійскім эканамічным супольніцтве (ЕўрАзЭС) і Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) - перспектыўных інтэграцыйных аб’яднаннях, якія дынамічна развіваюцца.
Актыўны ўдзел Рэспублікі Беларусь у развіцці ЕўрАзЭС стварае аснову для высокага ўзроўню міжгаліновага ўзаемадзеяння. ЕўрАзЭС ушчыльную падышло да такога этапу, на якім, акрамя толькі эканамічнай інтэграцыі - асновы міжнароднай структуры, з’яўляецца ўсё большая патрэбнасць у новых гранях супрацоўніцтва: у сацыяльнай сферы, навуцы, адукацыі, ахове здароўя.
АДКБ уносіць важкі ўклад у забеспячэнне рэгіянальнай бяспекі. У парадку дня гэтай арганізацыі – процідзеянне тэрарызму, незаконнай распрацоўцы і распаўсюджванню зброі, у тым ліку зброі масавага паражэння, наркагандлю, нелегальнай міграцыі. Беларусь разглядае АДКБ як арганізацыю, якая можа забяспечыць абарону нацыянальных інтарэсаў дзяржаў, якія ўваходзяць у яе, і актыўна, прадметна працуе ў АДКБ.
Натуральным прыярытэтам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Еўрапейскі саюз. Беларусь гатова да вывядзення ўзаемадзеяння з ЕС на якасна іншы, поўнафарматны ўзровень, які ўключае канструктыўнае супрацоўніцтва ў палітычнай сферы, і вітае крокі насустрач.
Узаемныя аб’ектыўныя інтарэсы ў сферах трансгранічнага супрацоўніцтва, стратэгічнага транзіту, энергадыялогу, рэгіянальнага партнёрства, барацьбы са злачыннасцю, экалагічнага і культурнага ўзаемадзеяння служаць дадатковым матывам для выбудоўвання канструктыўных адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, а таксама асобнымі яго членамі. Найбольш эфектыўна гандлёва-эканамічныя сувязі развіваюцца з Германіяй, Польшчай, Літвой, Латвіяй, Вялікабрытаніяй, Галандыяй, Італіяй, Францыяй, Бельгіяй.
Інтарэсам Беларусі адпавядае поўнафарматнае ўзаемадзеянне са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Улічваючы набыты вопыт двухбаковага ўзаемадзеяння, яго значны патэнцыял, Рэспубліка Беларусь запрашае ЗША да канструктыўнага дыялогу па ўсяму спектру напрамкаў узаемнага інтарэсу.
У якасці перспектыўных напрамкаў знешняй палітыкі Беларусі выступаюць азіяцкі і афрыканскі вектары. У аснове іх патэнцыялу - сугучнасць пазіцый бакоў па актуальнай міжнароднай тэматыцы, рэальныя дамоўленасці і, часта, адкрытыя сімпатыі да Рэспублікі Беларусь.
Напрацаваныя палітычныя кантакты нараўне з эканамічным ростам Кітая, Індыі, В’етнама, іншых краін Паўднёва-Усходняй Азіі ствараюць перадумовы для нарошчвання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, паспяховай рэалізацыі нацыянальных знешнепалітычных задач.
Асаблівае месца ў сістэме беларускіх знешнепалітычных прыярытэтаў займае Кітай. Беларуска-кітайскія адносіны набылі выразныя рысы стратэгічнага партнёрства, пацвярджаючы нацэленасць бакоў на доўгатэрміновае забеспячэнне ўзаемных інтарэсаў па ўсяму спектру пытанняў двухбаковага і міжнароднага парадку дня.
На якасна новы ўзровень выйшлі адносіны Рэспублікі Беларусь з краінамі Лацінскай Амерыкі. Актыўна выбудоўваецца беларуска-венесуэльскі дыялог. Устанаўленне эфектыўнага палітычнага ўзаемадзеяння з іншымі ключавымі дзяржавамі рэгіёну - Бразіліяй, Аргенцінай - пазітыўна паўплывала на ажыўленне дзелавых кантактаў, сумесную рэалізацыю буйных эканамічных праектаў. Традыцыйна эфектыўна развіваюцца адносіны з надзейным партнёрам Беларусі - Кубай.
У выніку паглыблення адносін з Азіяй, Афрыкай і Лацінскай Амерыкай, фарміравання далёкай знешнепалітычнай дугі сваіх саюзнікаў і партнёраў Рэспубліка Беларусь выйшла на якасна новы ўзровень работы з краінамі сусветнага Поўдня.
Прыярытэтнае месца ў знешняй палітыцы Беларусі займае шматбаковая дыпламатыя, папулярызацыя і абарона нашых інтарэсаў у міжнародных рэгіянальных і ўніверсальных арганізацыях. Менавіта ў рамках шматбаковага супрацоўніцтва найбольш дакладна і паўнаважка праяўляецца міралюбівы характар беларускай знешняй палітыкі, яе ўклад у стабільнасць і бяспеку, развіццё міру і прагрэсу на Зямлі.
З’яўляючыся адной з дзяржаў - заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Рэспубліка Беларусь падтрымлівае палітыку ААН у галіне захавання міжнароднага міру і бяспекі, у сферы ўмацавання і развіцця існуючых міжнародных рэжымаў па прадухіленню распаўсюджвання зброі масавага знішчэння, скарачэння і ліквідацыі яго існуючых арсеналаў.
Прынцыповая пазіцыя Беларусі ў тым, што менавіта ААН павінна стаць кансалідуючым і каардынуючым цэнтрам па выпрацоўцы стратэгіі і тактыкі дзеянняў міжнароднай супольнасці ў галіне барацьбы з міжнародным тэрарызмам.
Агучаныя Кіраўніком беларускай дзяржавы А.Р.Лукашэнкам на спецыяльным пленарным пасяджэнні высокага ўзроўню 60-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (2005 г.) ініцыятывы аб неабходнасці актывізаваць дзейнасць сусветнай супольнасці па барацьбе з гандлем людзьмі, прызнанні разнастайнасці шляхоў прагрэсіўнага развіцця дзяржаў атрымалі шырокую міжнародную падтрымку.
Беларусь увайшла ў лік краін - лідараў барацьбы з адной з самых вострых праблем сучаснасці – гандлем людзьмі. Прапанова Беларусі аб фарміраванні пад эгідай ААН глабальнага руху "Партнёрства супраць рабства і гандлю людзьмі ў XXI стагоддзі" выклікала інтарэс з боку краін - членаў ААН, шэрагу ўстаноў сістэмы ААН і знаходзіць сваю практычную рэалізацыю.
Рэспубліка Беларусь - лідар у такіх пытаннях, як барацьба з любымі праявамі неанацызму, чарнобыльская праблематыка. Беларусь далучылася да ўсіх без выключэння канвенцый ААН па барацьбе з тэрарызмам, застаецца іх адказнай удзельніцай, цвёрдай праціўніцай распаўсюджвання зброі масавага знішчэння, ініцыятарам рэзалюцыі ААН аб забароне новых сістэм такой зброі.
Значная частка палітычнага дыялогу Рэспублікі Беларусь з краінамі Захаду сканцэнтравана ў рамках АБСЕ, якую Беларусь разглядае ў якасці ключавой структуры па забеспячэнню бяспекі і стабільнасці ў Еўропе. Намаганні беларускага боку ў галіне ўзаемадзеяння з АБСЕ накіраваны на ўмацаванне ўсіх састаўных частак супрацоўніцтва ў фармаце гэтай арганізацыі, садзейнічанне яе прагрэсіўнаму рэфармаванню, у першую чаргу па шляху больш поўнага ўліку інтарэсаў кожнай дзяржавы-ўдзельніцы.
Рэспубліка Беларусь - паўнапраўная ўдзельніца Савета Еўраатлантычнага партнёрства і праграмы "Партнёрства дзеля міру". Фармулюючы свой падыход да НАТА, Беларусь зыходзіць з агульнапрызнанага права кожнай дзяржавы на калектыўную абарону і ўступленне ў саюзы на аснове свабоды выбару. Інтарэсам Рэспублікі Беларусь адпавядае паступовае паглыбленне практычнага ўзаемадзеяння з НАТА, перш за ўсё, у справе спынення перамяшчэння цераз беларускую тэрыторыю кантрабанды, нелегальных мігрантаў, зброі, наркатычных сродкаў.
Беларусь – адзіная з еўрапейскіх краін - з’яўляецца паўнапраўным членам Руху недалучэння (РН), разглядаючы РН у якасці стабілізуючага цэнтра сілы, які можа стаць фундаментам шматпалярнага свету. Членства ў РН стварае дадатковую магчымасць для папулярызацыі ініцыятыў Беларусі ў ААН. Разам з партнёрамі па Руху недалучэння Беларусь процістаіць практыцы прымянення "двайных стандартаў" у сусветнай палітыцы, выступае за пабудову справядлівага міжнароднага эканамічнага парадку, эфектыўную інтэграцыю краін, якія сталі на шлях развіцця, і краін з пераходнай эканомікай у сусветную гаспадарку, умацоўвае веру ва ўнікальнасць і разнастайнасць шляхоў палітычнага, сацыяльна-эканамічнага культурнага развіцця чалавецтва.
Актыўна выкарыстоўваючы трыбуны ААН, АБСЕ, Руху недалучэння для зацвярджэння мірных і справядлівых падыходаў да вырашэння любых, нават самых вострых канфліктаў, Беларусь тым самым пацвярджае на міжнароднай арэне імідж міралюбівай дзяржавы. Паслядоўная палітыка ў сферы ядзернага раззбраення, удзел у большасці рэжымаў нераспаўсюджвання забяспечвае Беларусі высокае міжнароднае прызнанне.
Захаванне суверэннага права на выбар уласнага шляху развіцця, на прыняцце самастойных рашэнняў з’яўляецца абавязковым элементам дэмакратычнага і справядлівага светаўладкавання. Рэспубліка Беларусь рашуча не прымае ўмяшання ў свае ўнутраныя справы і не паводзіць сябе так з іншымі краінамі. Гэта прынцыповая пазіцыя робіць Беларусь паважаным і прывабным партнёрам для членаў міжнароднай супольнасці.
Як донар міжнароднай бяспекі Беларусь адыгрывае значную ролю ў фарміраванні новай сістэмы агульнаеўрапейскай бяспекі. Работа на гэтым напрамку ўключае, з аднаго боку, стварэнне цэласнай сістэмы нацыянальнай абароны, з другога – паслядоўнае пашырэнне ўдзелу Беларусі ў працэсах умацавання міжнароднай бяспекі і стабільнасці.
Рэспубліка Беларусь зыходзіць з пераканання, што сусветны парадак XXI стагоддзя павінен грунтавацца на механізмах калектыўнага вырашэння ключавых праблем, на прыярытэце палажэнняў Статута ААН і агульнапрызнаных норм міжнароднага права. Стабільнасць сістэмы міжнародных адносін можа быць дасягнута толькі на аснове рэальнага раўнапраўя ўсіх яе суб’ектаў, узаемнай павагі і ўзаемнага супрацоўніцтва, якое павінна забяспечыць надзейную бяспеку кожнага члена сусветнай супольнасці ў палітычнай, ваеннай, эканамічнай, гуманітарнай і іншых сферах.
Глядзіце таксама афіцыйны сайт Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. |