Ключавое месца сярод прыродных багаццяў Беларусі займаюць лясы - унікальныя аднаўляльныя рэсурсы. Здаўна жыццё большасці людзей было звязана з лесам, які даваў прытулак і цяпло. У сучасных умовах жыцця чалавецтва лес не толькі не страціў свайго значэння, але і набыў новыя, больш шырокія функцыі.
Беларусь - лясная краіна, амаль 40% яе тэрыторыі заняты лясамі.
На сучасным этапе лясная гаспадарка Беларусі – гэта комплексная, шматфункцыянальная галіна народнай гаспадаркі рэспублікі, першачарговай задачай якой з’яўляецца захаванне і стварэнне на землях ляснога фонду рэспублікі высокапрадукцыйнага, якаснага, біялагічна ўстойлівага, аптымальнага відавога і ўзроставага складу лясоў і лясной фаўны, які адпавядаў бы высокім экалагічным, сацыяльным і эканамічным патрэбнасцям грамадства і дзяржавы.
Агульную палітыку па павелічэнню прыродна-рэсурснага патэнцыялу лясоў, устойліваму лесакарыстанню вызначаюць Прэзідэнт і Урад Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўнае кіраванне па выкарыстанню, аднаўленне, ахову лясоў краіны, распрацоўку нарматыўнай базы па вядзенню лясной гаспадаркі, арганізацыю рацыянальнага асваення лясных рэсурсаў ажыццяўляе Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Лясны фонд Рэспублікі Беларусь
Агульная плошча ляснога фонду Рэспублікі Беларусь складае 9,4 млн. гектараў, 8,04 млн. га з іх знаходзяцца ў веданні Міністэрства лясной гаспадаркі.
Лясы Беларусі – не толькі крыніца аднаўляльных сыравінных і энергетычных рэсурсаў. Гэта скарбніца біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, важны асяроддзеўтваральны і прыродаахоўны фактар. Больш як палавіна ляснога фонду (51,8%) займаюць лясы 1-й групы, якія выконваюць пераважна прыродаахоўную ролю (лясы водаахоўных зон, зялёныя зоны гарадоў, ахоўныя палосы ўздоўж дарог, асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі); з іх 15,5% – лясы запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў рэспубліканскага значэння. На долю эксплуатацыйных лясоў (лясы 2-й групы) прыпадае адпаведна 48,2%.
Звыш 60% лясоў рэспублікі прадстаўлены хвойнымі насаджэннямі. Найбольш распаўсюджаная драўняная парода – сасна. Сярод ліставых пераважаюць бяроза і вольха, шыракалістыя лясы прадстаўлены ў асноўным дубам.
Усе лясы ў краіне - выключна дзяржаўная ўласнасць. Асноўным лесафондатрымальнікам з’яўляецца Міністэрства лясной гаспадаркі, у веданні якога знаходзіцца 86,7% лясоў рэспублікі. |