|
Гродзенская вобласць з цэнтрам у г. Гродне была ўтворана 20 верасня 1944 года.
Гродзенская вобласць сёння – гэта 17 раёнаў, 14 гарадоў, 18 пасёлкаў гарадскога тыпу, 4361 сельскі населены пункт. Тэрыторыя - 25,1 тыс. км2, насельніцтва — 1114 тыс. чалавек.
Лясы займаюць 1/3 частку тэрыторыі Гродзенскай вобласці. На паўднёвым захадзе яе размешчаны славуты Нацыянальны парк «Белавежская пушча». Рашэннем ЮНЕСКА ён уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва і ў адзіную сусветную сістэму назірання за змяненнямі ў навакольным асяроддзі і атрымаў статус біясфернага запаведніка.
Рака Нёман, што працякае па тэрыторыі Гродзенскай вобласці, – трэцяя па велічыні ў Беларусі. Азёр у вобласці мала, і ўсе яны невялікія. З карысных выкапняў пераважаюць нярудныя – гліна, мел, сілікатныя пяскі, торф. Разведаны радовішчы бурага вугалю, жалезнай руды.
Асноўны вытворчы патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых прамысловых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. Прыгранічнае месцазнаходжанне вобласці, яе ўваходжанне ў еўрарэгіён «Нёман» садзейнічае развіццю эканамічных сувязей з краінамі блізкага і далёкага замежжа. Паспяхова працуе з замежнымі інвестарамі свабодная эканамічная зона «Гроднаінвест».
Далёка за межамі краіны вядомы сваёй прадукцыяй буйнейшыя прадпрыемствы вобласці - ААТ «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Белкард», «Лакафарба», «Краснасельскбудматэрыялы», «Лідааграпраммаш», «Шклозавод «Нёман» і многія іншыя. Па аб’ёмах прамысловай прадукцыі дамінуюць харчовая галіна — 30%, хімічная — 27%, машынабудаванне і металаапрацоўка — 12%.
У Беларусі Гродзеншчына займае лідзіруючае становішча па вытворчасці збожжа і прадукцыі жывёлагадоўлі. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы поўнасцю забяспечваюць насельніцтва высакаякаснымі прадуктамі харчавання, а перепрацоўчую прамысловасць — сыравінай. Асноўная спецыялізацыя — малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўлдя. 51,5% тэрыторыі вобласці занята сельскагаспадарчымі землямі. Вырошчваюцца збожжавыя культуры, бульба, цукровыя буракі, лён, рапс, кукуруза. Далёка за межамі Беларусі вядомы СВК «Прагрэс-Верцялішкі», «Кастрычнік -Гродна», «Абухава», «Свіслач», «Азёры» Гродзенскага раёна, «Мажэйкава» Лідскага і інш.
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці за 2006 год сведчаць аб захаванні станоўчай дынамікі асноўных паказчыкаў развіцця народнай гаспадаркі.
Па тэрыторыі вобласці праходзяць магістральныя газаправоды: Ямал — Еўропа, Івацэвічы — Слонім — Ліда — дзяржаўная граніца Літвы, Івацэвічы — Слонім — Гродна.
В сістэме адукацыі Гродзеншчыны 513 школ, 30 прафесійна-тэхнічных вучылішч, 18 сярэдніх спецыяльных адукацыйных устаноў, 3 дзяржаўныя універсітэты (аграрны, медыцынскі і гуманітарны імя Я. Купалы), 1 філіял недзяржаўнай ВНУ, 2 аддзелы Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.
Гродзеншчына — спартыўная вобласць Беларусі. Добра вядомы баскетбольны клуб «Гродна-93», клуб жаночага хакея на траве «Рытм», валейбалісты, хакеісты, футбалісты абласнога цэнтра. Пабудаваны цудоўны лядовы палац, пасля рэканструкцыі стадыён «Нёман» стаў адным з лепшых у краіне.
Шматлікія фестывалі традыцыйна праводзяцца на Гродзеншчыне. Сяроді іх Усебеларускі фестываль нацыянальных культур, рэспубліканскі фестываль мастацтваў «Мірскі замак», рэспубліканскі фестываль творчай моладзі тэатраў драмы і лялек «Надзея», абласны фестываль народнай музыкі «Грайце, музыкі!», міжнародны рыцарскі турнір у Навагрудку, артыстычныя сустрэчы «Гродна—Беласток» і іншыя.
У вобласці даследавана шмат археалагічных помнікаў, захавана больш за 1,5 тыс. помнікаў гісторыі і культуры, у тым ліку 480 маюць статус помнікаў рэспубліканскага значэння. Сярод іх 102 помнікі гісторыі, 99 помнікаў архітэктуры, 240 — археалогіі і 40 – мастацтва. Мірскі замкава-паркавы комплекс уключаны ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Мэтам развіцця міжнароднага турызму служыць і абноўлены Аўгустоўскі канал — вароты паміж нашай краінай і замежжам.
|
|

Адрас: 230023 г. Гродна, вул. Ажэшка, 3 e-mail groblisp@mail.grodno.by Прыёмная: (0152)72-35-57 "Адно акно"
Гроднахімвалакно
|