Зацверджана Дзяржаўная праграма процідзеяння гандлю людзьмі на 2008-2010 гады

www.president.gov.by

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сваім Указам зацвердзіў Дзяржаўную праграму процідзеяння гандлю людзьмі, нелегальнай міграцыі і звязаным з імі проціпраўным дзеянням на 2008-2010 гады.

Галоўнай мэтай дзяржпраграмы з'яўляецца забеспячэнне планавай і скаардынаванай дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый у сферы барацьбы з гандлем людзьмі, нелегальнай міграцыяй і звязанымі з імі проціпраўнымі дзеяннямі, а таксама ўстараненне прычын, якія спараджаюць гэтыя небяспечныя для грамадства з'явы.

Пры гэтым асноўная ўвага акцэнтавана на правядзенні мерапрыемстваў па прадухіленню і спыненню такіх найбольш небяспечных правапарушэнняў, як гандаль дзецьмі, распаўсюджванне дзіцячай парнаграфіі і прастытуцыі, а таксама правапарушэнняў, якія ўчыняюцца з выкарыстаннем шырокіх магчымасцей глабальнай камп'ютэрнай сеткі Інтэрнэт і пад выглядам аздараўлення і навучання непаўналетніх асоб за мяжой. Акрамя таго, прэвентыўная задача дзяржпраграмы - вывучэнне праблемы гандлю органамі і тканкамі чалавека ў Беларусі, прапрацоўка пытання аб прыняцці комплексу мер па процідзеянню злачынным дзеянням у гэтай сферы ў выпадку такой неабходнасці.

Дзяржаўная праграма змяшчае пералік канкрэтных мерапрыемстваў і іх выканальнікаў.

Для кантролю за выкананнем яе мерапрыемстваў Міністэрства ўнутраных спраў будзе ажыццяўляць збор і абагульненне інфармацыі аб выкананні дзяржаўнай праграмы. Пры гэтым міністр унутраных спраў павінен штогод да 15 лютага інфармаваць прэзідэнта аб ходзе рэалізацыі дзяржпраграмы.

Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
www.president.gov.by

© Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Дакумент апублікаваны 06.12.2007