У Беларусі каля 13 тыс. устаноў культуры – тэатраў, цыркаў, вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, музеяў, музеяў-запаведнікаў і мемарыяльных комплексаў. Каля 60 з іх – рэспубліканскага падпарадкавання. У іх ліку Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, Дзяржаўны рэгістр кінавідэафільмаў і кінавідэапраграм.
Бібліятэчная сістэма краіны ўключае каля 10 тыс. публічных і спецыяльных бібліятэк, сукупны аб’ём фонду – каля 250 млн. экземпляраў. Найбольш шматлікая бібліятэчная сетка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (4 тыс. 215 бібліятэк). За апошнія некалькі гадоў у рэспубліцы створана каля 400 устаноў культуры новага тыпу – бібліятэкі-клубы, бібліятэкі-музеі, бібліятэкі-дамы народнай медыцыны; жыхароў аддаленых населеных пунктаў абслугоўваюць бібліобусы.
Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны краіны – адзін з прыярытэтаў беларускай дзяржавы. Маштабная рэканструкцыя ажыццяўляецца на аб’екце «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета». На працягу года рэстаўрацыйныя работы праводзіліся на 13 аб’ектах Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы па лініі Міністэрства культуры. Значнай падзеяй у культурным жыцці краіны стала адкрыццё новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – унікальнага архітэктурнага і сацыякультурнага цэнтра. Адкрыццё новага будынка корпуса Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі азнаменавала завяршэнне першага этапа генеральнай рэканструкцыі гэтай установы. Выставачныя плошчы музея павялічыліся больш, чым у 4 разы.
У 2006 годзе Беларусь сумесна з Рэспублікай Польшча завяршыла работу над дасье «Аўгустоўскі канал – твор чалавека і прыроды». Цяпер гэты матэрыял рыхтуецца для прадстаўлення ў Цэнтр сусветнай спадчыны UNESCO . Праводзіцца работа па іншых аб’ектах, што вызначаны як прэтэндэнты на ўнясенне ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO .
У Беларусі ў 2006 годзе адбылося 147 фестываляў міжнароднага, рэспубліканскага і рэгіянальнага ўзроўню, прайшло шмат цікавых конкурсаў, аглядаў. Візітнай карткай краіны сталі «Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Традыцыйнымі сталі святы ўраджаю «Дажынкі» і Міжнародны фестываль мастацтваў «Беларуская музычная восень». Упершыню ў 2006 годзе ў Мінску прайшлі тэлевізійна-тэатральны фестываль Саюзнай дзяржавы «Фестываль фестываляў» і Міжнародны фестываль Юрыя Башмета.
На рахунку беларускіх талентаў – перамогі міжнароднага ўзроўню. Пяць статуэтак рознай вартасці і пяць спецыяльных дыпломаў заваявалі майстры кіно з нашай рэспублікі на XV Міжнародным кінафестывалі «Золотой Витязь» у падмаскоўным Серпухаве. Эфектным было выступленне на IV Міжнародным дзіцячым конкурсе песні «Еўрабачанне – 2006» дзесяцігадовага Андрэя Кунца з Мазыра, які заняў другое месца.
Прадстаўнічай формай міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры з’яўляюцца Дні культуры Рэспублікі Беларусь за рубяжом, якія ў гэтым годзе прайшлі ў Ліване, У Расіі (Маскоўская вобласць). Дзень культуры Беларусі ў Таліне адбыўся ў рамках традыцыйнага свята беларусаў Эстоніі «Спатканне». Пасля 17 год у Кіеве з вялікімі гастролямі выступіў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы. Яскравымі падзеямі ў культурным жыцці рэспублікі з’яўляюцца і Дні культуры іншых краін, арганізаваныя ў Беларусі. У 2006 годзе ў рэспубліцы прайшлі Дні культуры Карэліі, Дні культуры Кітая. |